Павел Усаў: Вялікая размова па звыклых схемах


Самыя лепшыя рэформы і змены – ніякіх рэформаў і зменаў. Гэта формула палітычнага кіравання, якая з’яўляецца гарантыяй ўлады Лукашэнкі. Ён у чарговы раз разбіў усе ілюзіі і мары шэрагу грамадзян адносна падтрымкі і развіцця беларусізацыі, а таксама паглыблення дэмакратызацыі і эканамічнай лібералізацыі.

Лукашэнка дакладна расставіў прыярытэты адносна ўнутранай і знешняй палітыкі – захаванне стабільнасці рэжыму, асабліва ў гэтыя два перадвыбарчыя гады. Прэзідэнцкая і парламенцкая выбарчыя кампаніі, без усялякага сумнення, будуць праведзеныя з разлікам на мінімізацыю эканамічных, палітычных і іміджавых выдаткаў, гэта значыць яны будуць цалкам стэрылізаваныя. Улада прапусціць толькі дэкаратыўных «кандыдатаў», якія не створаць ніякіх праблем і напружанасці ў грамадстве. Галоўным чынам гэта тычыцца прэзідэнцкіх выбараў. Відавочна, што ў працэсе кампаніі будуць зняты ўсе раздражняльныя фактары і ўлада не стане гуляць у «дэмакратыю».

Гэтым тлумачыцца «згортванне» беларусізацыі на агульнанацыянальным сімвалічным узроўні, чым, безумоўна, з’яўляецца святкаванне Дня Волі, 101-я заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае свята, важнае для нацыянальнага адраджэння і ўнутранай кансалідацыі грамадства, было падкрэслена маргіналізавана. Лукашэнка вызначыў месца свята ў дзяржаўнай прасторы – плошча Бангалор: удалечыні ад вачэй людзей, удалечыні ад увагі большасці насельніцтва.

На мой погляд, гэтаму ёсць дзве прычыны. Па-першае, улада не жадае губляць ініцыятывы ў працэсе фармавання палітычнай ідэі, дапускаць сюды нацыянальны, беларускі кантэнт, пашыраць прастору, апазіцыйную для «дзяржаўнай ідэалогіі» і прапаганды. Па-другое, нават мяккая беларусізацыя будзе спрыяць палітычнай актывізацыі насельніцтва, унутранай мабілізацыі, што небяспечна ва ўмовах маючых адбыцца выбарчых кампаній.

Для беларускага рэжыму вельмі важна ўзмацніць ўнутраную апатыю і расчараванне, забіць ўсякую надзею на змены і трансфармацыю рэжыму нават зверху. Надзею на фармаванне нацыянальнай ідэі, здольнай супрацьстаяць экспансіі рускага свету.

Новости
«Перебить всех за суверенитет — не моя позиция». Пресс-конференция Лукашенко. ОНЛАЙН
2019.03.01 09:12

Нацыянальная ідэя існуе, яна ўжо даўно сфармавана і заснавана на беларускай нацыянальнай культуры, дзяржаўнасці, незалежнасці. Аднак гэтая ідэя цяперашняй дзяржаўнай уладай не ўспрымаецца, больш за тое, яна для гэтай улады варожая.

Нацыянальная ідэя адраджэння Беларусі мае на ўвазе функцыянаванне дэмакратычнай дзяржавы. Лукашэнка спрабаваў, з аднаго боку, захаваць і рэанімаваць ідэі савецкага грамадства, а з другога боку укараніць нейкую штучную ідэалогію – «ідэалогію беларускай дзяржавы», якая зноў жа галоўным чынам грунтуецца на элементах савецкай ідэалогіі. У канчатковым выніку гэты працэс ператварыўся ў нейкую сістэму палітычнай прапаганды дзеючага рэжыму з «сілавым» укараненнем і навязваннем грамадству. Натуральна, ні гэтая «ідэя», ні спосаб яе рэалізацыі не ўспрымаецца насельніцтвам і спараджае ідэйны вакуум, які напаўняецца ідэямі «рускага свету».

Відавочна, што Лукашэнка і яго асяроддзе ўсвядомілі існуючую інфармацыйную пагрозу з боку Расеі, хоць на гэтым ён не канцэнтраваў увагу і спрабаваў маргіналізаваць праблему, звесці яе да «невялікай» групкі нейкіх «дэструктыўных элементаў». Што цікава, Лукашэнка падкрэсліваў, што не Расея спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю, а нейкія асобныя інфармацыйныя цэнтры. У той час, ён адназначна рэзка казаў пра тое, што сітуацыю ў Беларусі мэтанакіравана дэстабілізуе Захад (Польшча ў прыватнасці). Такое ўражанне, што Лукашэнка ці наўмысна пераконвае сябе і аўдыторыю, што Расея не пагроза (спрабуе яе не заўважаць), альбо ўлады проста не ведаюць, як процідзейнічаць гэтай пагрозе і старанна яе рэтушуюць, зафарбоўваюць.

Павел Усаў/АА, доктар палітычных навук, спецыяльна для Belsat.eu

Стужка навінаў