Прадстаўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі здароўя падзякаваў усім палітыкам, якія адмовіліся ад правядзення вайсковых парадаў 9 траўня.
Падчас прэс-канферэнцыі 7 траўня прадстаўнік САЗ Ганс Клюге заявіў, што «сітуацыя ва ўсходняй частцы рэгіёну па-ранейшаму выклікае занепакоенасць».
«У Беларусі, Казахстане, Расейскай Федэрацыі і Украіне за апошні тыдзень вырасла колькасць новых выпадкаў інфікавання», – адзначыў прадстаўнік САЗ.
Ганс Клюге нагадаў, што правядзенне ў цяперашняй сітуацыі масавых імпрэзаў можа справакаваць новую ўспышку захворвання.
«Наперадзе ў нас вельмі важны дзень – Дзень Перамогі, 9 Траўня. Хачу адзначыць урады, якія прынялі адважнае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца. Мы ў рэгіянальным офісе вельмі паважліва ставімся да гэтай даты. Але цяпер час шукаць альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання, каб не падвяргаць рызыцы чалавечыя жыцці, – заявіў Клюге.
9 траўня «Белсат» будзе весці онлайн-трансляцыю параду на Дзень Перамогі, які пройдзе ў Менску.
Пачатак стрыму – а 10:30, сам парад распачнецца а 11:00. Калона вайсковай тэхнікі праедзе па праспекце Незалежнасці і праспекце Машэрава.
ЮВ belsat.eu