«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»


На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

35-гадовага менчука Змітра затрымалі падчас пратэстаў каля станцыі метро «Пушкінская» ўвечары 10 жніўня. Яго моцна збілі, ён трапіў у лякарню. Зміцер распавёў belsat.eu, што адбывалася ў той вечар. Увага, жорсткія здымкі!

Зміцер прыйшоў да станцыі метро «Пушкінская» прыкладна а 8-й гадзіне вечара 10 жніўня. Паводле мужчыны, цягам трох гадзінаў, да 11-й, падыходзіла ўсё больш і больш людзей. А потым прыехаў АМАП і ўзяў удзельнікаў пратэстаў у атачэнне. Далей прыводзім цалкам аповед Змітра пра тое, што адбывалася:

«Каля 11-й гадзіны ўвечары АМАП пачаў кідаць святлошумавыя гранаты, страляць гумавымі кулямі. У мяне трапілі чатыры кулі дакладна, можа, больш. Адна пралятала каля вуха, я цяпер дрэнна чую на яго, як кантузія нейкая.

У нейкі момант амапаўцы акружылі людзей, павыходзілі нават з двароў, не было куды адступаць. Тых, каго затрымалі, і мяне ў тым ліку, павалілі на зямлю. Я спачатку стараўся супраціўляцца, але гэта было без сэнсу, бо наваліліся чалавек 10–15 і білі ўсім, чым маглі. Потым заламалі рукі, закінулі ў аўтазак, у клетку разам з яшчэ трыма. Аўтазак быў цалкам запоўнены. З намі быў мужчына гадоў пяцідзесяці. Яму стала дрэнна, не хапала паветра, усе сталі прасіць, каб яго выпусцілі, далі падыхаць ці каб прынеслі вады. А амапаўцы ў адказ распылілі газавы балончык у камеру, дзе сядзеў гэты чалавек, і яму стала яшчэ горш. Замест вады і паветра гэтыя садысты вось што зрабілі.

Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Гэтым газам мы дыхалі хвілінаў сорак, пакуль нас прывезлі на канечны пункт, я нават не магу сказаць, куды дакладна, – нейкае аддзяленне міліцыі, ці што за месца. Там у двары ўсіх паставілі на калені, звязалі рукі за спінай і пачалі біць. На мяне наваліліся зноў чалавек дзесяць іх. Цяпер на целе няма нічога жывога – білі па ягадзіцах, нагах, спіне, галаве. Так збілі, што ў нейкі момант мне стала дрэнна, дыхаць я дагэтуль нармальна не магу. Яны самі тады ўбачылі, што нарабілі, паклікалі медработнікаў. Яны мяне і яшчэ такіх жа моцна збітых пасадзілі на траву, далі абязбольвальнае. У аднаго мужчыны быў нос зламаны, у іншага – нага. Нас адвезлі ў шпіталь, у траўматалогію. Там абследавалі. Я адмовіўся ад стацыянару і паехаў дамоў.

Hавiны
АМАПаўцы праламалі чэрап 28-гадоваму менчуку. Ягонае жыццё – пад пагрозаю
2020.08.11 17:36

Пакуль мне там рабілі аналізы, КТ, я бачыў, як кожныя дзесяць хвілінаў некага прывозілі збітага.

Мне паставілі дыягназ страсенне мозгу – у мяне гематома на ўсю патыліцу. Кажуць, нейкі непарадак з лёгкімі – яны не змаглі адразу разабрацца, але кажуць, ёсць трэшчыны на рэбрах і закранутае лёгкае. Астатнія органы, здаецца, у парадку. Ну і шматлікія гузакі, сінякі ды г. д.

Білі ўсім, чым можна, – нагамі, дубінкамі, шчытамі. Стаўленне было такое, нібыта забівалі. У нейкі момант мне сур’ёзна падалося, што мяне заб’юць, што сям’ю я ўжо не ўбачу, развітваўся з імі ў думках. У мяне язык цяпер не паварочваецца назваць іх людзьмі.

Білі мужчын, хлопцаў, якія стаялі каля сценкі, са звязанымі рукамі, якія не маглі супраціўляцца, не маглі нічога зрабіць. Білі проста за тое, што чалавек галаву павярнуў. Гэта суправаджалася страшэннай лаянкай.

Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Мянчук Зміцер, быў затрыманы на «Пушкінскай» 10 жніўня. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Яны казалі: вы захацелі перамен? Вось вам перамены. Нібыта героі вы? Хто вы ўвогуле такія, што вырашылі, што можаце выходзіць і нечага патрабаваць?

Я не ведаю, чым гэта ўрэшце скончыцца. Мяне цяпер адпусцілі, у мяне даведка з лякарні. Што будзе далей – я не ведаю. Ніякага пратаколу не складалі. Не здзіўлюся, калі яны прыйдуць да мяне і ў дзверы пагрукаюцца. Пасля таго, што я ўбачыў, мяне ўвогуле ўжо нічога не здзівіць. Там няма ніякага сумлення, шкадавання, нейкіх чалавечых рысаў увогуле не засталося. Вельмі баюся за жонку і маленькую дачку таксама.

Пісаць скаргі? Лічу, што без сэнсу. Я шмат, так скажам, не самых добрых і сумленных людзей пабачыў за жыццё, але тое, з чым сутыкнуўся тым вечарам, пераўзыходзіць любое разуменне чалавечай жорсткасці. Таму я перакананы, што ўсе нашыя скаргі бессэнсоўныя. Ніхто іх не будзе разглядаць.

Менск. Станцыя метро «Пушкінская».
Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Мне неабыякавы лёс Беларусі і беларусаў. Я выходзіў і раней на мітынгі, напрыклад, калі хацелі падатак на беспрацоўе ўвесці. Але так шмат людзей, як цяпер, я на вуліцах Менску не бачыў. Дзесяткі тысячаў. У нейкі момант я адчуваў сапраўдны гонар за беларусаў.

Але гэтыя… Я не ведаю, як іх назваць, гэта не міліцыя ўжо… Яны ламаюць людзей. І я бачу, што надоўга не хопіць беларусаў. У нас сам па сабе народ не такі ўжо баявы, а тут зломяць апошнюю волю да барацьбы. Што далей будзе? Мне здаецца, што нічога добрага. З такімі людзьмі, якія трымаюцца за гэтую ўладу, толькі сілай трэба размаўляць. Яны нічога іншага не разумеюць, у іх няма больш нічога чалавечага. Я перакананы – яны не зразумеюць нас ні праз год, ні за ўсё сваё жыццё. Гэтым малойчыкам – амапаўцам – вельмі моцна прамылі мазгі, гэта відавочна. Ім скажуць забіваць – яны будуць забіваць. У мяне цяпер у гэтым няма ніякіх сумневаў. Перамовы з гэтай уладай немагчымыя.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Што рабіць народу? Не ведаю… Калі нас цяпер зломяць, усе гэтыя маладыя людзі, студэнты, якія там стаялі, яны проста з’едуць з Беларусі. Я і пра сябе думаю: ці ёсць сэнс у мае 35 гадоў далей губляць час у краіне, дзе мяне чалавекам не лічаць? Я не хачу здраджваць радзіме, пакідаючы яе, але абставіны змушаюць да ад’езду. Мне дачку гадаваць. Як гэта магчыма ў нашых умовах? Такіх, як я, вельмі шмат, хто чакаў гэтых выбараў, спадзяваўся. Але нам плюнулі ў душу, скралі надзею, схлусілі. Я ж бачыў, колькі людзей стаяла ў чэргах на ўчастках з белымі стужкамі, усё маё атачэнне – ніхто з іх не галасаваў за дзейную ўладу. Нашыя галасы скралі. Але варта было паспрабаваць. Я б сабе не прабачыў, калі б не выйшаў».

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Паводле Міністэрства здароўя, падчас пратэстаў больш за 200 чалавек атрымалі траўмы. Афіцыйна за час пратэстаў 1 чалавек загінуў. Паводле версіі МУС, у ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для разблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць нявызначаную выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў.

Згодна з відавочцамі, з якімі размаўляў карэспандэнт «Белсату», мужчына мог быць забіты ў выніку трапляння ў яго святлошумавой гранаты.

НА belsat.eu

Стужка навінаў