Паслаблення паводле наркатычнага артыкулу не будзе? «Маці 328» едуць у Менск і рыхтуюцца да радыкальных захадаў


19 снежня падчас другога чытання законапраектаў аб зменах у Крымінальны кодэкс дэпутаты не сталі змякчаць пакарання паводле артыкулу 328.

Праект унясення зменаў у Крымінальны кодэкс у частцы наркатычных злачынстваў быў у Палаце прадстаўнікоў з вясны. Сярод іншага, гаворка ідзе пра зніжэнне ніжняй планкі пакарання на два гады – паводле ч. 2 з пяці да трох гадоў, паводле ч. 3 – з васьмі да шасці. Сёння стала вядома, што паводле законапраекту «засталіся нязнятыя пярэчанні прынцыповага характару». Пра гэта на паседжанні заявіў дэпутат Васіль Чэкан.

Ён дадаў, што пытанне аб зменах артыкулу 328 «патрабуе дадатковага часу для глыбокай прапрацоўкі», а «тэрміны назваць цяжка».

Як распавяла belsat.eu кіраўніца грамадскай ініцыятывы «Рух маці 328» Ларыса Жыгар, яна асабіста сёння размаўляла з Васілём Чэканам праз тэлефон і пачула адныя адмоўкі.

«Ён сказаў, што не зацвердзіла МУС і Вярхоўны суд, што праект сыры, абвінаваціў, што гэта нашая віна, бо мы цяпер яшчэ папрасілі ўнесці папраўкі ў 4 частку, але гэта хлусня. Наконт гэтых паправак мы дамаўляліся працаваць ужо ў новым годзе.

14 снежня каля Палаты прадстаўнікоў была я і 94 маці. Мы прыйшлі даведацца, што з законапраектам, але ніякага сцвярджальнага адказу не атрымалі, маўляў, як мы можам размаўляць пра нешта, чаго не маем на руках.

Чэкан калісьці гаварыў, што асабіста перадасць папраўкі ў адміністрацыю Лукашэнкі. Ён гаварыў, што ўсё ўзгадняецца з Лукашэнкам. Атрымліваецца, ён не ўзгадняў? Я запыталася: вы баіцеся прэзідэнта? У адказ – цішыня», – кажа Ларыса Жыгар.

Таму жанчыны з Руху маці 328 збіраюцца а 09:00 20 снежня на ганку будынку Палаты прадстаўнікоў. «Белсат» будзе ладзіць стрым.

Маці асуджаных хочуць тлумачэнняў, чаму законапраект знялі з разгляду, а таксама будуць патрабаваць працягнуць сесію і ўсё ж прыняць змены. Калі іх зноў не пачуюць, магчымыя радыкальныя захады, мяркуе Ларыса Жыгар.

«Ці тое эстафетная галадоўка або пратэсты, будзем вырашаць, але так проста гэтага не пакінем. Гэта і так мізэрная костка, якую нам падкінулі. Шмат хто за яе ўхапіўся, але і яе забралі».

Ларыса Жыгар кажа, што ўлады самі ствараюць ўмовы, якія падштурхоўваюць дзяцей на супрацьпраўныя ўчынкі.

«Колькі гісторыяў вядома, што яны ідуць на гэта, бо няма чаго есці ў сям’і, а працаваць няма дзе. Усё ўпіраецца ў грошы. Вельмі выгодна падсадзіць дзяцей, а пасля іх жа абвінавачваць».

Другая ўдзельніца руху Таццяна Жыгар кажа, што сённяшнія падзеі для яе сталі ўдарам.

«Сёння новае ўстрасенне для мяне. Заўтрашні паход да Палаты прадстаўнікоў – гэта крык душы, спантаннае рашэнне. Нам абяцалі, што змены прымуць. Сам Чэкан пра гэта гаварыў. Нам гаварылі, што нельга выцягнуць з законапраекту частку, што ўсё ідзе разам, а сёння аказалася, што наш законапраект экстранна знялі? То бок можна? Усё можна, калі захацець! Мы будзем дамагацца адказаў!».

Жанчына не кажа пра радыкальныя захады, аднак запэўнівае, што проста так гэта не пакінуць.

«Вядома, нас ніхто там не чакае. Мы будзем дамагацца, каб да нас выйшлі, а не мы да іх ішлі, бо ўнутры яны заўсёды згаджаюцца, але ў нас няма доказаў, бо там нельга запісваць відэа і размовы. А на справе хлусня. Я не зʼеду з Менску без адказу, пайду па амбасадах і касцёлах, бо творыцца такая хлусня!»

Сёння артыкул 328 «Незаконны зварот наркатычных рэчываў» прадугледжвае ад двух да дваццаці пяці гадоў у залежнасці ад цяжкасці ўчыненага злачынства.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў