Актывісткі руху «Маці-328» абмеркавалі з дэпутатамі змены ў антынаркатычным законе


Законапраект з папраўкамі артыкулу 328 («незаконны абарот наркатычных сродкаў») прадставяць на восеньскіх слуханнях.

«Маці-328» размаўлялі ў Горадні з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Змены ў артыкуле 328 (за наркотыкі) абяцалі прыняць гэтай восенню.

23 жніўня ў Горадні актывісткі руху «Маці-328» сустрэліся з двума дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктарам Русаком і Сяргеем Пацэвіч. Прадстаўніцы руху прынеслі чарговы зварот ад маці і жонак асуджаных за наркотыкі з просьбай паменшыць тэрміны адседкі для сваіх блізкіх.

«10-15 гадоў. Такое адчуванне, што гэтыя дзеці не проста забілі кагосьці, а расчлянілі і з’елі свае ахвяры»

Адна з маці, спадарыня Марына, распавядае сваю цяжкую гісторыю:

«Мой сын нарказалежны. Чалавек, каторы ўжываў вельмі доўга наркотыкі, ён асуджаны па трэцяй частцы. Хоць ён не збываў, гэта элементарная пакупка на дваіх. Акрэсленыя дозы, таму што залежныя людзі раней ці пазней ідуць за дозай і нічога з гэтым не зробіш. Гэта бяда, якая прыйшла ў мой дом. Мы падалі зараз на вярхоўны, чакаем зменаў, але не ведаю будуць яны ці не. Бо асабліва ніхто з уладаў не хоча з гэтым разбірацца.

Хоць я і не юрыст, але, чытаючы справу свайго дзіця, я бачу, наколькі ўсё гэта шыта белымі ніткамі. Ён вінаваты ўжо ў тым што ўвогуле да гэтага дакрануўся, але гэта не толькі мая віна, гэта віна нашай дзяржавы, якая дазволіла нашым дзецям улезці ў гэта. І яны не могуць цяпер ад гэтага ўхіліцца. Вінаватыя мы ўсе.

Мы цудоўна выхоўвалі сваіх дзяцей. Яны былі актыўнымі і ў школах, інстытутах. А тое, што адбылося гэта бяда і бяда нашая агульная. Таму я хачу сказаць усім, што мы, бацькі і наркагандляроў, і тых, хто залежны, зараз у адной лодцы. І адна вялікая просьба дзяржаве разабрацца ў тым, што адбываецца. Тэрміны, якія яны прыдумваюць для наркагандляроў і для тых, хто ўжывае, гэта не нармальныя тэрміны. 10 гадоў у турме! Адседзець 5-6 гадоў дастаткова, нават калі ён распаўсюджвае. Такое адчуванне, што гэтыя дзеці не проста забілі кагосьці, а расчлянілі і з’елі свае ахвяры. Таму што 10 гадоў ні за што, гэта кашмар».

У Расеі – нязначнае, буйное і асабліва буйное злачынства, у Беларусі – проста «за наркотыкі»

На сустрэчу з дэпутатамі жанчыны прынеслі таксама прыклады зменаў у расейскім заканадаўстве па артыкуле за наркотыкі, дзе яскрава прапісваецца падзел цяжкасці віны асуджанага.

«Ва ўсялякім выпадку ў расейскім заканадаўстве ёсць абмежаванні па вазе: нязначнае, буйное і асабліва буйное злачынства. У нас усё ідзе пад словам наркотыкі. То ў нас адзін грам. То ў нас тона. То ў нас вагон. Гэтага няма. Размежаванняў такіх няма», – тлумачыць Ларыса Жыгар, старшыня руху «Маці-328».

«У нас з’явілася надзея»

Ларыса Жыгар адзначыла, што сустрэчай яны засталіся задаволеныя. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Горадні паабяцалі, што зменены законапраект, якія рыхтуецца на восень, абавязкова патрапіць у рукі «Маці-328» перад восеньскімі слуханнямі.

«Надзея ў нас крыху з’явілася. Усё ж такі з Адміністрацыі прэзідэнта нам адказалі, што нашае пытанне на кантролі ў Аляксандра Рыгоравіча і ён даў загад распрацаваць законапраект, які прадугледжвае замену рэжыму на ўмоўна-датэрміновае вызваленне па нашым артыкуле. Хоць гэта прапісана ў 90-91-м артыкуле Крымінальнага кодэкса РБ, але яно не ўжывалася практычна. Зараз усё ж пачне ўжывацца ўмоўна-датэрміновае вызваленне ў стасунку да хлопцаў, якія адседзелі ўжо дзве трэці тэрміну. І канешне спадзяемся, як сказалі нам дэпутаты, менавіта ў восеньскую сесію будуць унесеныя папраўкі ў закон па артыкуле 328 за наркотыкі», – кажа Ларыса Жыгар.

Як сцвярджае спадарыня Ларыса, «Маці-328» не будуць спыняцца на дасягнутым.

«У нас у будучыні на верасень запланаваны мітынг. Мы хочам санкцыянаваны. Будзем у панядзелак падаваць на яго дакументы. Мітынг у падтрымку дзяржавы. «Беларусь без наркотыкаў». Дзе мы будзем высоўваць патрабаванні, каб зачынілі наркарахункі, інтэрнэт-крамы. І каб за кратамі сядзелі сапраўды варацілы наркабізнесу, а не хлопцы 18-ці гадоў», – кажа адна з маці.

Глядзіце таксама:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў