Пашыньян супраць сябра Пуціна. Хто каго?


Уладзімір Пуцін называе яго сваім сябрам. Ён – першы прэзідэнт у былым СССР, які трапіў за краты і выйшаў. Гаворка пра Робэрта Качарана – былога прэзідэнта Арменіі, адказнага за расстрэлы пратэстаў 11 гадоў таму. Суд вырашыў выпусціць Качарана пад заклад. Гэта не спадабалася Міколу Пашыньяну, кіраўніку армянскага ўраду, і ён заклікаў сваіх прыхільнікаў заблакаваць суды па ўсёй Арменіі. Такім чынам на гэтым тыдні ўсе даведаліся, што рэвалюцыя не скончылася, а ўвайшла ў другую фазу. Пра тое, як Пашыньян замест легендарнай бейсболкі апранае каўпак хірурга – Дзяніс Дзюба.

Пратэстоўцы заблакавалі будынак суда ў Ерэване практычна адразу пасля нечаканага выхаду Робэрта Качарана пад заклад у дзве тысячы долараў. Палову сумы ўнёс цяперашні, а палову – былы кіраўнік Карабаха.

Качаран – другі прэзідэнт Арменіі і першы на ўсёй постсавецкай прасторы, што трапіў за краты. Пасля выбараў 2008-га ён крывава разагнаў пратэст прыхільнікаў канкурэнта, кандыдата на пасаду прэзідэнта Арменіі, Лявона Цер-Пэтрасяна.

10 чалавек загінулі, у больніцы трапілі больш за дзвесце. Апазіцыйнага кандыдата паліцыя пасадзіла пад фактычны хатні арышт.

«У людзей скралі выбар. Людзі выйшлі на пратэст і былі расстраляныя. Насуперак усім законам і здароваму сэнсу армія была ўцягнутая ў перадвыбарчыя працэсы», – лічыць Рубэн Мэграб’ян, палітычны эксперт.

Тая кроў стала для Арменіі пераломнай, а для многіх людзей – сімвалам немагчымасці пераменаў. Сам судовы працэс хвалюе шмат якіх былых (і цяперашніх) лідараў постсавецкай прасторы – Качаран можа стаць першым прэзідэнтам у рэгіёне, што атрымае рэальны тэрмін.

Каментуе палітолаг Манвел Саргсян:

«Судзіць кіраўніка дзяржавы, застаючыся на постсавецкай прасторы і ў Еўразійскім саюзе – гэта праблема для ўсёй гэтай прасторы. Яна першапачаткова сябе праявіла на ўзроўні афіцыйных асоб: у Расеі гаварылася, што гэта недапушчальна, што Качаран – сябар Пуціна і гэтак далей».

Калі Пуцін віншуе Качарана з Новым годам, а працэсам заклапочаныя ў расейскім МЗС, здаецца, геапалітычнае размяшчэнне Арменіі не раіць Міколу злаваць Маскву, парушаючы няпісанае правіла не чапаць былых правадыроў. Але ён чапае: бо яго выбарнікі чакаюць, што вінаватых у расстрэле пакарае суд. І тут – праблема: суд вызваляе Качарана. Аказваецца – леташняя рэвалюцыя не завершаная, а працягваецца. Пасля двух першых галін улады прыйшла чарга апераваць трэцюю.

ВІДЭА
Погляд з Арменіі: Пашыньян хутчэй за ўсё гуляў на баку Масквы супраць Менску
2019.05.20 16:02

Ніна Карапецянц, адвакат, праваабаронца:

«Самая галоўная праблема з судамі заключалася ў тым, што суды самі па сабе не служылі сваёй галоўнай мэце: яны не займаліся правасуддзем. Яны займаліся ўсім, чым заўгодна, але не правасуддзем. Пра гэта гаварылі юрысты, адвакаты, праваабаронцы, простыя грамадзяне і міжнародныя арганізацыі. На жаль, гэта праблема, якую немагчыма вырашыць інакш, чым «хірургічным метадам», да якога заклікаў Нікол Пашыньян».

Супадзенне па часе з выхадам на свабоду другога прэзідэнта – проста супадзенне, кажуць эксперты.

«Вызваленне Качарана проста схавала той гнайнік, які мы мелі і маем у асобе судовай сістэмы», – лічыць Рубэн Мэграб’ян.

Нікол Пашынян 11 гадоў таму быў правай рукой Лявона Цер-Пэтрасяна. Пасля разгону пратэстаў Пашынян два гады правёў за кратамі. І зараз, калі яго прыхільнікі блакуюць суды па ўсёй краіне, а ён іх падтрымлівае, назіральнікі бачаць у гэтым як пэўную асабістую помсту, так і спробу стаць дыктатарам, падмяўшы пад сябе пакуль адзіную непадкантрольную галіну ўлады.

«Дыктатура мусіць мець сацыяльны заказ. Такога сацыяльнага заказу няма. Вельмі хутка частка грамадскасці і палітычных сіл устала ў сур’ёзную апазіцыю [да Пашыньяна] – і гэта, вядома, ураўнаважвае сітуацыю. Нават пры жаданні чагосьці зрабіць – гэта не так лёгка ў Арменіі», – каментуе Манвэл Саргсьян.

Качаран на волі яшчэ больш разгойдвае сітуацыю. Карыстаючыся падтрымкай Масквы, ён нават пад артыкулам так ці інакш становіцца палітычным гульцом, які можа паспрабаваць затармазіць рэформы Пашыняна. Таму Міколу, каб не мець справы з контррэвалюцыяй, трэба дзейнічаць хутка – як у сапраўднай аперацыйнай.

«Заклік заблакаваць суд – гэта быў абсалютна палітычны крок, скіраваны на тое, каб усім недабітым рэшткам ранейшага рэжыму паказаць, хто ў краіне гаспадар. А гаспадар у краіне па канстытуцыі і дэ-юрэ, і дэ-факта – адзін: народ рэспублікі Арменія», – лічыць Рубэн Мэграб’ян.

Як будзе выглядаць судовая рэформа – бліжэйшым часам вырашыць парламент. Пакуль вядома адно: хутчэй за ўсё, суддзям прыйдзецца сутыкнуцца з фільтраваннем на прадмет як іх маёмасці, так і сяброўскіх сувязяў.

Пашыньян ужо заявіў аб другім этапе рэвалюцыі. Але колькі яшчэ трэба будзе аперацый – не ведаюць ні эксперты, ні, напэўна, сам Нікол. Праблема толькі ў тым, што выключальнік святла ў аперацыйнай кантралююць не толькі на вуліцах краіны, але і за мяжой.

Дзяніс Дзюба/МВ

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 24.05.19

Стужка навінаў