Памяць рэпрэсаваных у Воршы ўлады ўшануюць, але пазней і па-свойму


Кіраўніцтва Воршы не выканала ў тэрмін сваё абяцанне да 17 верасня ўсталяваць на Кабыляцкай гары шыльду з надпісам «Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Больш за тое, было абвешчана пра новы тэкст на будучай шыльдзе. Цяпер гарадскія ўлады плануюць абмежавацца нейтральным «Месца памяці і смутку».

У асабістых размовах са сваякамі рэпрэсаваных адміністрацыя ўзгадвае розныя даты ўсталявання шыльды – 25 ці 30 верасня.

Імаверна, гэткая затрымка звязаная з перастаноўкаю ў кіраўніцтве гораду. Бо першапачатковае абяцанне даваў былы старшыня Аршанскага райвыканкаму Аляксандр Пазняк, якога ў жніўні на пасадзе змяніў Ігар Ісачанка.

«Пры гэтай уладзе мы не можам нічога дамагчыся. Але яны цяпер хаця б прызнаюць гэта месца, хоць і стараюцца не ўзгадваць падрабязнасці трагічнага мінулага. А ўжо нашы ўласнаручныя помнікі на Кабыляцкай гары будуць казаць, чаму менавіта гэтае месца лічыцца месцам смутку» – распавяла «Белсату» Ларыса Арэшына, унучка расстралянага ў Воршы Івана Гіля.

Сваякі расстраляных не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і яшчэ пастараюцца адстаць свой варыянт шыльды.

«Новы тэкст шыльды ні з кім не ўзгадняўся і з намі не абмяркоўваўся, – сцвярджае Ігар Станкевіч, сваяк чатырох расстраляных. – Мы прапаноўвалі зусім іншы варыянт – «Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Баюся, што аршанская супольнасць будзе вельмі абурана такімі зменамі».

Кабыляцкая гара – адно з месцаў сталінскіх рэпрэсіяў пад Воршай і другое афіцыйна прызнанае ў Беларусі (пасля Курапатаў). Яшчэ ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгункі ва ўрочышчы былі знойдзены рэшткі 50 расстраляных. На пачатку 90-х мясцовыя ўлады ўсталявалі на месцы расстрэлаў памятны знак у выглядзе вялізнага гранітнага валуна з шыльдай. Памятную шыльду неаднаразова кралі, і цяпер ад яе засталіся толькі сляды на валуне.

Паводле даследчыкаў, у гэтым месцы былі расстраляныя ад 300 да 5000 чалавек.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары