Памерла медработніца Менскай абласной клінічнай больніцы


Дакладны дыягназ Валянціны В. невядомы, але калега памерлай дапускае, што ў яе быў каронавірус.

Чытачы Belsat.eu паведамілі, што ў Менскай раённай больніцы памерла медработніца Менскага абласнога шпіталю. Жанчыне было 56 год і яна працавала ў аддзяленні гастраэнтэралогіі, а падчас эпідэміі працавала ў прыёмным пакоі ізалятару для каронавірусных хворых. Кажуць, што ў яе былі хранічныя захворванні, а на фоне каронавірусу здарыўся інсульт.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Работніца Менскай абласной клінічнай больніцыпацвердзіла Belsat.eu, што жанчына памерла:

«Пахаванні былі, здаецца, у пятніцу. Я дапускаю, што ў яе быў каронавірус. Папросту муж Валянціны таксама з пнеўманіяй, яшчэ не на ШВЛ, але там таксама цяжкае становішча. Хутчэй за ўсё, захварэла на працы, калі паступіў інфікаваны пацыент. Колькі год ёй было, не ведаю, але ведаю, што яна была поўная. Магчыма, гэта пагоршыла сітуацыю. Але яна столькі год працавала. Думаю, калі б не каронавірус, то яна б жыла і ўсё было б добра. І са сваёй вагай, і са сваімі хранічнымі захворваннямі. Валянціна ляжала ў рэанімацыі на ШВЛ у раённым шпіталі, там яна і памерла».

Hавiны
Набліжаемся да 40 тысяч выпадкаў інфікавання. +946 цягам содняў
2020.05.25 15:59

Мы звязаліся з дачкой памерлай медработніцы, але тая пакуль не гатовая размаўляць. Галоўны лекар адмовіўся каментаваць, спасылаючыся медычную таямніцу. Памятайма, што інфармацыю пра смерць чалавека яна не закранае.

У аддзеле кадраў Менскай абласной клінічнай больніцы смерць Валянціны пацвердзілі:

«Быў такі выпадак на мінулым тыдні. Яна ляжала ў раённай больніцы. Гэта наш работнік, так, такое было, але дыягназу не ведаю».

Hавiны
Медыкі выратавалі жыццё інфікаванага каронавірусам, які 39 дзён быў на апараце ШВЛ
2020.05.25 08:07

У шпіталі ўсяго хапае, за дапамогу ад валанцёраў – вымова

Медработніца з Менскага абласнога шпіталя, дзе ляжала Валянціна, распавёў, што лякарня перагружаная людзьмі з каронавірусам:

«У нашым абласным шпіталі нібы і зачыненыя дзве палаты для хворых каронавірусам, але, калі людзі паступаюць, тэсты робяць вельмі доўга. Могуць рабіць ад трох да сямі дзён. Дзяўчыны [фельдшаркі, лекаркі. – Belsat.eu] кантактуюць без рэспіратараў, потым толькі даведваюцца, што чалавек быў хворы. Няма такога, што нейкая зона зачыненая – таму дзяўчыны ў небяспецы. Цяпер намагаюцца наладзіць сістэму з прыёмным пакоем для пацыентаў з COVID-19 у тэрапеўтычным корпусе. Хірургічны корпус пакінулі нібыта ўмоўна чыстым, хоць у ім і месціцца рэанімацыя. Умоўна падзялілі, недзе ў іх ёсць брудная зона. Але гэта ўсё, я лічу, неэфектыўна, бо ўсё роўна кантактуюць. Пасля працы яны ездзяць дадому, у тым ліку і ў грамадскім транспарце».

Работніца шпіталя кажа, што сродкаў індывідуальнай бяспекі не хапае:

«Галоўны лекар сказаў, што ў нас ёсць шмат аднаразкі [аднаразовыя сродкі індывідуальнай бяспекі. – Belsat.eu], можам мяняць яе кожны дзень, не маем патрэбы і гэтак далей. Выдаваўся адзін рэспіратар і адныя ахоўныя акуляры на чалавека. І гэты чалавек павінен быў содні з гэтым адпрацаваць, прыехаць дадому і ізноў гэта ўсё апрануць. Але не звяртаемся па дапамогу, бо галоўны лекар сказаў, калі даведаецца, што нам штосьці прынеслі валанцёры – будзе вымова, таму што ў нашым шпіталі ўсяго хапае».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў