На перадкалядным бале Аляксандр Лукашэнка танчыў вальс з маладзейшай за яго на 35 гадоў тэлевядоўцай Палінай Шубай – і зусім не ўпершыню. Першы іх супольны танец адбыўся дзесяць гадоў таму, а знаёмыя яны яшчэ даўжэй.
28 снежня на першым у Беларусі Венскім бале Аляксандр Лукашэнка танчыў вальс з вядоўцай БТ Палінай Шубай.
Апошні раз гэтак шырока жанчыну медыі абмяркоўвалі пяць гадоў таму, калі яна з’явілася разам з Лукашэнкам на матчы Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.
Пасля просьбы Ксеніі Сабчак распавесці пра сваю спадарожніцу Лукашэнка сказаў, што ведае дзяўчыну з 12 гадоў.
«Калі я прыехаў у адзін гарадок, яна ўручала мне кветкі. І так здарылася, што мы сустрэліся неяк і яна: «А я вас ведаю, Аляксандр Рыгоравіч. І мне расказала пра гэта», – распавёў ён.
Паліна Шуба з шасці гадоў танчыла ў ансамблі «Расінка» у Старых Дарогах.
Калі падчас выбарчай кампаніі 2001 года Аляксандр Лукашэнка катаўся па краіне, ягоны прыезд у райцэнтр прымеркавалі да адкрыцця Палаца культуры. Дарыць кветкі кіраўніку дзяржавы даручылі 13-гадовай Паліне Шубе.
«Паліна з дзяцінства вылучалася выдатнай знешнасцю, была адной з найлепшых у «Расінцы», дый сама з вельмі добрай сям’і. Усё гэта ў суме і прывяло да таго, што выбралі менавіта яе», – распавядала «Нашай ніве» аднакласніца Шубы Ірына Жукава.
У інтэрв’ю Сабчак Лукашэнка прызнаўся ёй, што стаў кіраўніком краіны дзякуючы сваёй цешчы – і «Tut.by» вырашыў сустрэцца з маці Галіны Лукашэнкі.
У сямейным альбоме Алены Жалнаровіч журналісты адшукалі фотаздымак, на якім Лукашэнка гасціць у цешчы ў вялікай кампаніі, сярод якой – Паліна Шуба.
Калі «Наша ніва» запыталася ў сяброў Паліны, дзе яны пазнаёмілася з Лукашэнкам настолькі блізка, каб ён браў яе ў родныя мясціны ў такім сяброўскім коле, тыя не маглі даць адназначнага адказу. Некаторыя мяркуюць, што Паліна запомнілася Лукашэнку падчас выступаў на конкурсах прыгажосці.
У мадэльны бізнес Шуба патрапіла ў 2003 годзе. Адразу пасля дасягення 15 гадоў школьніца са Старых Дарогаў даслала свае здымкі на конкурс «Твар новага стагоддзя», які ўжо некалькі гадоў ладзіла мадэльная школа «Тамара».
Дзяўчынка трапіла ў паўфінал конкурсу, і ўласніца школы, Тамара Ганчарова, запрасіла яе да сябе.
Генеральным партнёрам «Твару новага стагоддзя» выступаў Пётр Лістэрман, які перацягваў беларусак у Маскву. Журналісты называлі Лістэрмана «галоўнай свахай Рублёўкі»: ён не хаваў, што асноўнаю крыніцаю ягонага прыбытку было звадзіць мадэлек з алігархамі.
Нягледзячы на спробу зраіць кар’еру ў Маскве, у 2008 годзе Шуба патрапіла ў лік 12 фіналістак «Міс Беларусь».
«Пасля фіналу да Полі падышла Тамара Ганчарова. Яна прытуліла яе за плечы і сказала: «Шуба, ты шыкоўная. Павер, ты раскошная дзяўчына, у цябе адзінай на конкурсе еўрапейскія рысы твару». Гэта было так шчыра! Пасля фіналу ўсе ўдзельніцы накіраваліся на банкет у гасцініцу «Планета». Кіраўнік краіны таксама прысутнічаў», – распавядала журналістам маці Паліны.
Пасля конкурсу Шуба падпісала кантракт з ОНТ, паводле якога на працягу года не мела права браць удзел у рэкламных паказах і здымацца ў рэкламе.
Увесну 2009 года пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрываўся менскі Тэатр оперы і балета. Музу Мельпамены са скульптурнай групы перад фасадам (яна – злева) ляпілі з Паліны Шубы.
«На пошук натуршчыц я адправіўся ў мадэльнае агенцтва, дзе што ні дзяўчына, то патэнцыйная муза. Подыум літаральна асеў ад наплыву прэтэндэнтак, але калі прадэфілявала Паліна, усе патухлі», – расказваў скульптар Генадзь Буралкін.
Неўзабаве Шуба перавядзецца на завочную форму навучання і з’едзе ў Расею, дзе да восені 2011 года будзе працаваць для маскоўскага мадэльнага агенцтва «Fresh Models».
Паводле Ірыны Жукавай, тая хацела зарабіць на ўласнае жыллё.
«Заставацца за мяжой яна не хацела. Маскву ніколі не любіла і жыла толькі марай хутчэй назаўжды вярнуцца ў Менск, – працягвае Ірына. – Век мадэлі нядоўгі. Калі зразумела, што ўжо час вяртацца на радзіму і будаваць сваё жыллё – вярнулася», – распавядала Жукава.
У 2011 годзе Шуба скончыла вучобу ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці «эканаміст-маркетолаг у дрэваапрацоўчай галіне».
Перад рэспубліканскім балем выпускнікоў дзяўчыне паведамілі, што яна будзе танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Калі я даведалася, што мне выпаў гонар танцаваць з кіраўніком дзяржавы, вядома, вельмі расхвалявалася. Хоць ведала, што асаблівых праблем паўстаць не павінна: я 14 гадоў займалася харэаграфіяй, асабліва трэнаваць не прыйшлося, усё захавалася ў нагах», – прыгадвае Шуба ў размове з «Беларусь сегодня».
У тым жа годзе Шуба ўладкавалася на БТ, дзе спачатку вяла «Навіны», пасля – «Панараму».
Некаторыя сябры дзяўчыны прыгадвалі, што як журналістка яна стала суправаджаць кіраўніка Беларусі падчас замежных візітаў – напрыклад, у Венесуэлу.
У 2015 годзе Шуба пачала весці выданні «Галоўнага эфіру». У тым жа годзе яе ўзнагародзілі прэміяй «Тэлевяршыня» як найлепшую вядоўцу штодзённай інфармацыйнай праграмы.
У жніўні 2015 года БТ апублікавала здымак з вяселля Паліны Шубы.
Як даведаўся «Tut.by» мужам тэлевядоўцы стаў выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, мянчук Валерый Шапчыц, якому на той момант было 35 гадоў.
На ўрачыстасць ён падрыхтаваў для нявесты сюрпрыз – шпацыр на канях. Сам Шапчыц быў у вобразе гусара.