Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ падпішуць у бліжэйшы час


Беларусь і Еўразвяз завяршылі перамовы ў справе пагадненняў па рэадмісіі і спрашчэння візавага рэжыму. Бакам засталося толькі дамовіцца пра працэдуру падпісання дакументаў. Пра гэта TUT.BY распавялі інфармаваныя крыніцы ў афіцыйным Бруселі.

«Што да перамоваў аб пагадненнях па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму, то мы фактычна завяршылі змястоўную частку гэтых перамоваў. Засталіся толькі фармальнасці, якія тычацца саміх працэдураў падпісання. Перамовы фактычна завяршыліся, думаем, працэдурныя пытанні будуць вырашаны ў бліжэйшы час», – адзначыла інфармаваная крыніца, знаёмая з хадой перамоваў.

У справе яшчэ аднаго важнага дакументу – Прыярытэтаў партнёрства – у афіцыйным Бруселі спадзяюцца пераканаць Літву, пазіцыя якой праз БелАЭС перашкаджае падпісаць дакумент, што Беларусь выконвае ўсе рэкамендаваныя Еўразвязам працэдуры. Размаўляць з Літвой, перакананыя ў ЕЗ, стане прасцей, калі Беларусь прыме Нацыянальны план дзеянняў па ядравай бяспецы.

«Мы спадзяемся, што па Прыярытэтам партнёрства мы дасягнем канчатковых пагадненняў у наступным месяцы», – распавяла крыніца, знаёмая з хадой перамоваў.

У ЕЗ «падкрэсліваюць», што Беларусь правяла шэраг стрэс-тэстаў, рэкамендаваных ЕЗ, прыняла рэкамендацыі, зробленыя Еўрапейскімі заканадаўцамі.

«Наступным крокам мы чакаем прыняцце Беларуссю Нацыянальнага плана дзеянняў па ўвядзенні рэкамендацыяў, якія былі зробленыя ў пытаннях ядравай бяспекі. Да Літвы мы пастараемся данесці той факт, што Беларусь пагадзілася на стрэс-тэсты, прадставіць Нацыянальны план дзеянняў, і пастараемся данесці да ўсіх краін – сябраў ЕЗ, што Беларусь будзе ўводзіць тыя рэкамендацыі, якія ёй даў ЕЗ. Але ў нас будзе значна больш магчымасцяў адстойваць падпісанне Прыярытэтаў партнёрства ў тым выпадку, калі ў Беларусі з’явіцца Нацыянальны план дзеянняў», – падкрэсліваюць у ЕЗ.

Яшчэ падчас мерапрыемстваў з нагоды 10-годдзя Усходняга партнёрства ў Бруселі Уладзімір Макей выказаў спадзяванне, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана да канца года. Еўракамісар Ган адзначыў, што перамовы па гэтым дакуменце «больш-менш» завершаныя. Пасля ўступлення гэтага пагаднення ў сілу шэнгенскія візы павінны патаннець да 35 еўраў (пры афармленні ў пасольстве), вырасце колькасць бясплатных і доўгатэрміновых візаў.

Hавiны
Макей выказаў спадзяванне што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана да канца года
2019.05.13 11:35

СК belsat.eu

Стужка навінаў