Падлога-палец-столь. Што адбываецца з цэнамі ў дзяржзакупках дроваў і торфабрыкетаў


Прыйшла зіма, пара запасацца цяплом. Газ і электрычнасць – гэта, вядома, добра, але жыццё дыктуе свае правілы. У хадзе і дровы, і торфабрыкеты. У рамках дзяржзакупак такія лоты фігуруюць рэгулярна. Толькі вось з цэнамі там нешта дзіўнае. Распавядаюць у opentenders.

Штогод Берасцейскае ўпраўленне МНС РБ закупляе паліўныя торфабрыкеты і размяркоўвае іх паміж раёнамі. Ёсць такі пастаўшчык – «Торфабрыкетны завод “Гатча-Осовский”». Ён актыўна ўдзельнічае ў тэндарах і часцяком іх выйграе. Характэрны завод тым, што прапануе цану, абсалютна ідэнтычную стартавай. Ну, гэта значыць, хоча МНС купіць тону торфабрыкету па 110 рублёў – вось вам па 100 рублёў. Хоча па 150 – атрымаеце, распішыцеся.

У табліцы ніжэй прадстаўлена, як змяняецца кошт торфабрыкетаў ад Гатча-Асоўскага завода для розных пакупнікоў: ад 105,3 рубля за тону для Жабінскага раёна да 150 рублёў для Пружанскага.

Увагі заслугоўвае яшчэ адзін момант: звярніце ўвагу, якія прыгожыя «круглыя» кошты атрымліваюцца без уліку прэферэнцыяльнай стаўкі: 1300 рублёў, 17 000, 3600. Увогуле, лагічна, што яны менавіта такія: які сэнс важдацца з капейкамі, калі кошт ідзе на тысячы? Цалкам праўдападобна. А вось пры памяншэнні іх на 15% у рамках прэферэнцыі, зразумелая справа, атрымліваецца ўжо не так прыгожа: 2869,7 рубля, 5217,2 рубля… Аднак закупшчык у якасці пачатковай цаны ўстанаўлівае менавіта такія сумы. І яны на 100% супадаюць з цаной, якую прапануе Гатча-Асоўскі завод з улікам прэферэнцыяльнай стаўкі. Паглядзіце на трэці і чацвёрты слупкі – яны абсалютна аднолькавыя.

Што за магія? Як такое магчыма? Дакладны адказ на гэтае пытанне ведаюць арганізатары тэндару для МНС і пастаўшчык брыкетаў. У якасці гіпотэзы можна вылучыць такую версію: закупшчык першапачаткова і з дакладнасцю да капейкі ведаў, па якой цане завод будзе прапаноўваць торфабрыкет.

Справка

Пастаўшчыкі беларускіх тавараў могуць атрымаць прэферэнцыю ў 15% ад цаны для таго, каб атрымаць канкурэнтную перавагу перад іншымі пастаўшчыкамі. Гэта значыць цана, за якую пастаўшчык гатовы прадаць неабходны тавар, у заяўцы пры параўнанні з іншымі кандыдатамі памяншаецца на 15%. Пры заключэнні дагавора прэферэнцыя ўжо не ўлічваецца, то бок рэальнай зніжкі ў 15% пастаўшчык не дае, але яго прапанова ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі таргоў можа выглядаць куды больш карыснай. Гэта трэба для падтрымкі мясцовых вытворцаў – атрымліваецца, што пастаўшчык імпартных тавараў можа выйграць тэндар, толькі калі цана на гэтыя тавары не менш чым на 15% ніжэй у параўнанні з цаной на «сваю» прадукцыю.

Цікава, што ў прайс-лісце на сайце Гатча-Асоўскага торфабрыкетнага заводу торфабрыкет прапануецца па кошце 76 рублёў за тону – значна танней, чым у рамках дзяржзакупак.

Наогул, цэнаўтварэнне ў закупках часта носіць спецыфічны характар. Вось, напрыклад, Бабруйская гарадская паліклініка №2 у гэтым годзе два разы арганізоўвала тэндары для закупкі дроваў.

 

Спачатку за 125 кубаметраў закупшчык выставіў цану ў 15 тысяч рублёў (120 за кубаметр) і аўкцыён не адбыўся – знайшоўся толькі адзін жадаючы пастаўшчык.

Праз месяц прыйшлося праводзіць другі тэндар, пачатковая цана пры гэтым спала адразу на чвэрць – да 11 тысяч рублёў. І знайшлося ўжо два прэтэндэнты: таргі адбыліся і паліклініка атрымала дровы па кошце 12 250 рублёў. Або 98 рублёў за кубаметр.

Што тут адбываецца з коштам? Паліклініка першапачаткова гатова купіць дровы па 120 рублёў за куб, потым рэзка зніжае таксу да 88 рублёў за куб, а ў выніку купляе за 98 рублёў/куб. Пры гэтым у інтэрнэце лёгка можна знайсці дровы па 23 – 30 рублёў за куб.

Разбежка коштаў – як на ўсходнім рынку. Толькі тут не турыст бесклапотна спускае свае адпускныя, а дзяржава расходуе грошы падаткаплацельшчыкаў.

Стужка навінаў