Сёння нямецкі трактарыст заначаваў у Асіповічах.
Пра 70-гадовага грамадзяніна Нямеччыны на трактары з прычэпам стала вядома адразу, як толькі ён перасек мяжу Беларусі. Чытач ABW даслаў відэа, зробленае ў пункту пропуску «Бераставіца» яшчэ 4-га чэрвеня.
Мужчына едзе з сабакам. Прычэп, які нагадвае піўную бочку, – па сутнасці, дом на колах. На даху – сонечная батарэя.
Пазней беларусы фатаграфаваліся з нямецкім трактарыстам на працягу ягонага шляху па Беларусі – пераважна на запраўках.
Уладальніка рарытэтнага трактару можна разгледзець на відэа, якое зняў Аляксандр Лабачоў. Беларус распавёў, што пры праездзе мяжы немца спыніла Транспартная інспекцыя, якая спачатку «не ведала, што рабіць: трактар – не машына».
«Ён без прыбора аплаты паехаў, спынілі, разгарнулі і сказалі купіць BelToll», – распавёў мужчына.
Немец паведаміў суразмоўцам, што збіраецца заехаць у Менск, а да Масквы плануе дабрацца цягам дзесяці дзён.
Вядома, што ўночы з 6-га на 7-га чэрвеня трактарыст спаў у Асіповічах.
Адзін з беларускіх дальнабойшчыкаў, які знаходзіцца ў рэйсе ў Расеі, папрасіў па радыёсувязі ўсіх, хто будзе бачыць трактарыста, «дапамагчы яму, калі што, у дарозе».
На ЧС па футболе, які пачнецца ў Расеі 14 чэрвеня, зборная Нямеччыны гуляе ў групе «F». Першы матч яна правядзе ў Маскве 17 чэрвеня супраць каманды Мексікі.
ДД