«Ну што, як паплавалі?» – амбудсмен па правах дзіцяці пытаецца ў выжылых у Карэліі


Упаўнаважаны пры прэзідэнце Расеі па правах дзіцяці Павел Астахаў сустрэўся з школьнікамі, якія цудам выжылі падчас шторму ў Карэліі. Пуцінскі чыноўнік распачаў размову словамі «ну што, як паплавалі?»

Падчас шторму ў Карэліі загінулі 14 дзяцей: частка патанула, некаторыя памерлі ад пераахалоджвання ў ледзяной вадзе. Гэта была група дзяцей, што прыехалі на адпачынак з Масквы і Пецярбургу. Дзеці выправіліся ў паход нягледзячы на штармавое папярэджанне. Човен перакуліўся. Але інструктары не ратавалі дзяцей, толькі дбалі пра сваё жыццё.

Амбудсмен сустрэўся ў шпіталі з дзецьмі, якім удалося выжыць. Спачатку ён пацікавіўся, як вывозілі дзяцей з малых выспаў, куды іх выкінула хвалямі падчас шторму, а потым нечакана спытаў у адной дзяўчынак, «як паплавалі». Тая не знайшлася, што сказаць, за яе адказала доктар: «Дзякуй Богу, выжылі». Павел Астахаў пры гэты працягваў усміхацца.

Па факце смерці дзяцей завялі крымінальную справу, затрымалі пяцёх падазраваных. Пасля трагедыі высветліліся жахлівыя ўмовы ў лагеры: антысанітарыя, неарганізаванасць, праблемы з бяспекаю і дакументацыяй.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў