Надзвычайнае здарэнне адбылося ў Горадні, паведамляе блогер NEXTA.
Загінулы – 21-гадовы сяржант кантрактнай службы Фёдар Бунас. Ён быў намеснікам камандзіра ўзвода 3-яй роты 202-га батальёна раскватараванай у абласным цэнтры 6-й асобнай механізаванай брыгады.
«1 ліпеня вайсковец прыняў, мяркуючы па пустой упакоўцы, 100 таблетак прэпарата «Но-шпа» і выйшаў на вуліцу. Там яму стала кепска, выклікалі хуткую. Яна прыехала хутка, але выратаваць сяржанта лекары ўжо не змаглі. У якасці прычыны смерці ў дакументах падаецца «медыкаментозны інсульт»», – паведамляе блогер.
Праводзіцца расследаванне.
У Міністэрстве абароны пацвердзілі факт трагедыі. Напярэдадні Фёдар Бунас пасварыўся са сваёй дзяўчынай. Асабістыя матывы маглі стаць прычынай суіцыду.
«Праверка, вядома, вядзецца. Сям’я звярнулася да нас з просьбай не распаўсюджваць падрабязнасці і дэталі. Трагедыя здарылася паза вайсковай часткай у вольны ад службы час. Гэта асабістае жыццё вайскоўца», – распавяла belsat.eu прэс-сакратарка міністра абароны Беларусі Раўкова Наталля Гаўрусік.
ДР belsat.eu