Бацька загінулага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча звярнуўся да Лукашэнкі


Не вераць бацькі, не паверыла і грамадства ў версію следства аб самагубстве магілёўскага інспектара ДАІ. Развеяць сумневы дапамагла б эксгумацыя цела, але родным Яўгена Патаповіча следчыя адмовілі ў гэтым. Суіцыд – вынікае з заключэння судмедэкспертызы. Бацька Яўгена просіць Лукашэнку ўмяшацца ў справу.

Абраз, фота сына і жменя зямлі з месца ягонага пахавання… Сям’я Патаповічаў у самагубства сына не верыць – больш за месяц чакалі на вынікі судмедэкспертызы: «адзінае раненне ў галаву» – паведаміў следчы.

Уладзімір Патаповіч, бацька загінулага:

«У хадайніцтве я адлюстроўваў, што на целе майго сына ёсць парэз у раёне падбародку. Жонка мая бачыла некалькі цялесных пашкоджанняў – парэзы на падбародку, зашыты шнар на левай брыве, на падушках пальцаў парэзы».

Гэтыя сляды блізкія бачылі на пахаванні Яўгена Патаповіча, на той момант прызнаванага забітым невядомымі.

Разлічвалі даведацца, ці было пашкоджанне ў вобласці паху – пад чырвонаю плямаю на фотаздымках з месца гібелі. На вывучэнні цела сям’я пачала настойваць ужо пасля пахавання, калі версія следства змянілася на суіцыд.

«Я напісаў просьбу аб эксгумацыі на імя генеральнага пракурора і прэзідэнта Беларусі, каб не марнаваць час», – кажа Уладзімір Патаповіч.

Раней таго ж бацька Яўгена Патаповіча дамагаўся ад Следчага камітэту. 13 чэрвеня атрымаў адмову ў сувязі з яшчэ не завершанаю на той момант судмедэкспертызаю.

«Любая адмова ў хадайніцтве родных ці пацярпелых, хоць яны пакуль не былі прызнаныя пацярпелымі, схіляе нас бліжэй да таго, што следству ёсць што хаваць, і адпаведна ў гэтым і ёсць прычына адмовы. Бо сама па сабе працэдура эксгумацыі на такая ўжо складаная», – тлумачыць Андрэй Бандарэнка, праваабарончая арганізацыя «Платформа».

Праўды ў гучнай медыйнай справе чакае ўся краіна.

«Мы ніхто не думалі, што гэта суіцыд. Мне падаецца, гэта забойства».

«Ну і што, што экспертыза, няхай правяраюць наноў. Не то не. Але нехта ў нечым замяшаны».

«Бацькі маюць рацыю. Як яны лічаць, гэтак і трэба зрабіць, бо гэта іхнае дзіця», – мяркуюць жыхары Магілёва.

Цела інспектара ДАІ знайшлі ў лесе пад Магілёвам 16 траўня і, адпрацоўваючы версію «забойства», учынілі пярэпалах сярод цыганскага насельніцтва: урываліся ў дамы, лаяліся ды пагражалі зброяй.

«Апроч пагрозаў пісталетам, пакуль мы ляжалі, яны тапталіся па нас і разрывалі ўсё што тут было», – распавядае Людміла Шкуратава, рома.

Праз тры дні пасля гэтага стрэсу бабуля Людмілы Лілія Юрчанка памерла. Але і пасля гэтага тагачасны кіраўнік МУС Ігар Шуневіч меркаваў:

«У міністра няма ні прычынаў ні падставаў прасіць прабачэння ў цыганоў… Зразумела?»

Гэткага стаўлення, імаверна, не прыняў кіраўнік краіны. 11 чэрвеня, прызначаючы новага міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, ён заклікаў шанаваць людзей ды нагадаў:

«Справядлівасць мае ляжаць у аснове ўсяго, асабліва для тых, хто носіць пагоны. Бо да людзей у пагонах бягуць па абарону», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Сямʼя Патаповічаў звярнулася па дапамогу да прамоўцы гэтых словаў менавіта таму, што сурʼёзных намаганняў у раскрыцці праўды за пагонамі не адчувае, а на эксгумацыі цела сына настойвае цвёрда.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Гарачы каментар
Версія Следчага камітэту: зашпіліў кайданкі, спаліў штаны і стрэліў сабе ў галаву
2019.05.20 23:15
Гарачы каментар
Бацька Яўгенія Патаповіча патрабуе эксгумацыі цела сына і просіць аб дапамозе
2019.05.28 21:48