Новы амбасадар Расеі прыехаў у Менск


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін па-ранейшаму ўзмацняюцца. На гэты раз яны вырашылі абнавіць каналы сувязі і ўмацаваць пазіцыі сваіх паслоў.

Сёння працу ў Менску пачынае новы амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў. Ён замяняе заўчасна адазванага Міхаіла Бабіча – амбасадара, які стаў вядомы сваймі авантурамі, націскам на хуткую інтэграцыю з Расеяй і меркаваннямі, што беларусы з’яўляюцца часткай рускага народу.

Змены таксама адбыліся ў беларускай дыпламатыі. У чацвер, 30 траўня, Аляксандр Лукашэнка надзяліў паўнамоцтвамі прэмʼер-міністра Уладзіміра Сямашку, свайго амбасадара ў Маскве. Гэтая даволі незвычайная практыка ў свеце дыпламатыі. Прадстаўнік Беларусі ў Расеі адначасова будзе высокім чыноўнікам беларускага ўрада. Змены ў амбасадах не выпадковыя. Лукашэнка і Уладзімір Пуцін узмацняюць дыпламатычныя каналы камунікацыі перад наступным раўндам ціску на Беларусь.

Новы намеснік

Дзмітрый Мезенцаў будзе мацнейшым амбасадарам за папярэдніка. Міхаіл Бабіч пакінуў расейскую амбасаду ў Менску, прапрацаваўшы менш за год. За гэты час ён дастаткова папсаваў крыві Лукашэнку. Ён казаў аб культурнай супольнасці Беларусі і Расеі, рабіў акцэнт на тое, што Беларусь не мае альтэрнатывы інтэграцыі з Расеяй. У яго была такая роля. Ён павінен быў ціснуць на беларускага прэзідэнта, паказаць імперскую моц і даць зразумець, што Менск павінен прыняць жорсткія ўмовы гандлю нафтай. Дыпламатычная місія Бабіча – гэта час апагею канфлікту Лукашэнкі з Пуціным па формуле інтэграцыі дзвюх краін.

– Увогуле, не павінна быць ніякіх ілюзій, там няма Бабіча. Ёсць Пуцін. – сказаў у эфіры «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў, расейскі публіцыст.

Сёння сітуацыя падобная. У Менску не будзе Мезенцава. Будзе Пуцін. Проста гэта будзе ў некалькі іншай форме. Новы пасланнік Крамля, верагодна, не будзе славіцца гучнымі, медыяльнымі тырадамі. Яго задачай будзе сачыць за беларускімі чыноўнікамі, каб яны трымалі курс на інтэграцыю з Расеяй. Магчыма, Мезенцаў будзе больш мяккім і менш пратэкцыянальны за Бабіча. Гэта можа быць больш эфектыўным.

 

Мезенцаў – давераная асоба Пуціна. Яны ведаюць адзін аднаго з 90-х гадоў. Разам з Пуціным працавалі ў мэра Санкт-Пецярбургу Анатоля Сабчака. Мезенцаў у структурах адміністрацыі Санкт-Пецярбургу займаўся сродкамі масавай інфармацыі. Потым пераехаў у Маскву і працаваў у перадвыбарным штабе Пуціна ў 2000 годзе.

Магчыма, ён не належыць да блізкага кола давераных людзей прэзідэнта, але гэта дакладна не выпадковы чыноўнік. Ён ужо быў губернатарам у Іркуцку і сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, – важнай для Расеі структуры для ўмацавання адносін у Азіі. Пуцін пасылае ў Менск надзейнага і праверанага чыноўніка. Таго, хто будзе на месцы сачыць за працэсам інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Ас Лукашэнкі

У параўнанні з Мезенцавым, беларускі амбасадар у Маскве з’яўляецца палітычным цяжкавагавіком. Вядома, у маштабах беларускай палітыкі. Уладзімір Сямашка з 2003 па 2018 гады быў віцэ-прэмʼерам. Прэзідэнт у чарговы раз даў яму пасаду намесніка кіраўніка ўраду. Сурʼёзна ўмацаваўшы такім чынам пазіцыі амбасадара. Аднак у ідэі Лукашэнка ёсць схаваныя пасткі.

– Уладзімір Сямашка будзе несці асабістую адказнасць за развіццё нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і ў адносінах з Расеяй, – сказана ў рашэнні прэзідэнта.

Такім чынам, Лукашэнка скідае на амбасадара адказнасць за праблемы ў адносінах з Масквой. Што з гэтага адбудзецца – відавочна. Не ўрэгуляваныя ключавыя пытанні, звязаных з беларуска-рускай інтэграцыяй. У тупік зайшла справа з так званым падатковым манеўрам і коштаў на нафту і газ. Да гэтага часу прыносіць праблемы нядаўняе забруджванне нафты ў трубаправодзе «Дружба».

Уладзімір Сямашка нясе персанальную адказнасць за адносіны з Расеяй. Крыніца: Кірыла Кухман/ТАСС

Незразумелая сітуацыя ва Украіне: далёкае ад расейскіх чаканняў становішча новага ўрада ў Кіеве, падзенне сярод расейцаў рэйтынгу Уладзіміра Пуціна – дастатковыя падставы для Крамля паскорыць ціск на Беларусь. Пуцін адчайна патрабуе поспеху. Прымусіць Лукашэнку і пабудаваць міні-СССР з Расеі, Беларусі і, магчыма, Казахстану, было б поспехам, які пераломіць дэпрэсію расейцаў. Усё гэта азначае, што пасада амбасадара Беларусі ў Маскве можа быць вельмі гарачым крэслам.

Міхал Кацэвіч/АМ/ belsat.eu

Стужка навінаў