Лукашэнка заклікаў «жорстка ўзварухнуць» Парк высокіх тэхналогіяў


31 сакавіка падчас звароту да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў эканоміцы і анансаваў правяранне ў Парку высокіх тэхналогіяў.

Чыноўнікі слухаюць зварот Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 г.
Фота: БелТА

Лукашэнка лічыць, што з эканомікай усё ў парадку: «Цёпла, утульна ў нашых дамах, у крамах на паліцах прадукты нават для самых выкшталцоных гурманаў, дзеткі ходзяць у школы і ўніверсітэты, парадак і бяспека на нашых вуліцах – прымальны парадак».

Ён адзначыў рэкорднае дадатнае сальда вонкавага гандлю (не згадаўшы праблемаў з экспартам і дыверсіфікацыяй гандлю), стабільнасць нацыянальнай валюты і фінансавую стабільнасць у рэальным сектары, «парадак» у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, маўляў «падымаць з руінаў нічога не трэба», але ёсць прадпрыемствы, якія «кульгалі і кульгаюць». Ад інвестараў Лукашэнка запатрабаваў «годных заробкаў, а не жлобства». Прыярытэтам транспартавай галіны маюць стаць новыя маршруты на Кітай, Іран і іншыя краіны Азіі, дадаў ён.

Лукашэнка заклікаў да імпартазамяшчэння, «самых смелых задумаў беларускіх навукоўцаў», бо, дзякуючы санкцыям, «адкрыўся каласальны рынак». Ён заклікаў таксама да выканання праграмаў Саюзнай дзяржавы – «пазбавіцца ад чужых балтоў і гаек». Згадаў ідэю ІТ-краіны і залежнасць ад замежнага праграмнага забеспячэння ды заклікаў зрабіць прыярытэтам стварэнне айчыннага софту, даць прэферэнцыі Акадэміі навук і ўстановам адукацыі, а ПВТ заклікаў «жорстка ўзварухнуць».

Hавiны
«Вярнуць ядравую зброю». Лукашэнка пракаментаваў планы аб размяшчэнні расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі
2023.03.31 12:53

Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка паўтара года не звяртаўся да беларусаў у форме паслання. Апошняе ягонае пасланне прагучала 28 студзеня 2022 года – за месяц да поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну, у якім Беларусь выступіла ў якасці суагрэсара. Тое пасланне трывала тры гадзіны. Цяперашні зварот адбываецца на тле планаў Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю. Пуцін абвясціў пра гэта 25 сакавіка, Лукашэнка з таго часу не каментаваў ягонай заявы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў