Вынікі года: як беларускі бізнес рэлакаваўся ў Польшчу


2022 год стаў для беларусаў яшчэ адным годам выпрабаванняў і прыняцця сур’ёзных рашэнняў. Сёлета некалькі тысячаў беларускіх бізнесоўцаў пастанавілі перавесці свае справы ў іншыя краіны або на пэўны час пашырыць геаграфію свайго дзеяння, знізіўшы да мінімуму актыўнасць у Беларусі. Паразмаўлялі з кіраўніком Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве (ББЦ) Дзмітрыем Данільчуком пра развіццё інфраструктуры для падтрымання беларускага бізнесу ў Польшчы, пра магчымасці і пункты ўваходу на польскі рынак ды пра тое, колькі ж бізнесаў пераехала сёлета ў Польшчу з Беларусі.

Навагодні нэтўоркінг у ББЦ. 21 снежня 2022 года.
Фота: ББЦ / Telegram / belarusbusinesscenter

Гарачы і складаны год

Кіраўнік Беларускага бізнес-цэнтру (ББЦ) у Варшаве Дзмітрый Данільчук паведаміў «Белсату», што па выніках года колькасць беларускіх кампаніяў у Польшчы вырасла на 1225 і дасягнула 4446.

«Рэальнасць перавысіла наш прагноз пачатку восені, калі па выніках пяці месяцаў мы казалі, што сёлета ў Польшчу прыедзе каля тысячы кампаніяў з Беларусі. Іх прыехала крыху болей. І гэта толькі кампаніяў. Ведаем, што зарэгістраваныя і тысячы новых прадпрымальнікаў беларускага паходжання. Аб іх выніковыя лічбы будуць трошкі пазней. Бачым, што беларускі бізнес у польскай эканоміцы колькасна развіваецца досыць інтэнсіўна», – адзначыў Дзмітрый Данільчук.

На наступны год кіраўнік ББЦ прагназуе, што ў Польшчы зарэгіструюцца яшчэ не менш за 1000 кампаніяў з беларускім капіталам. «У той жа час агульная колькасць кампаніяў з польскім капіталам у Беларусі – каля 300. Проста параўнайце гэтыя лічбы», – падкрэсліў Данільчук.

Дзмітрый Данільчук, кіраўнік Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

ББЦ як прыклад росту

Ілюстрацыяй хуткага росту беларускага бізнесу ў Польшчы ёсць развіццё Беларускага бізнес-цэнтру. За яго стварэнне ўзяліся напачатку лета, у жніўні ББЦ ужо пачаў працаваць, напрыканцы верасня адбылося яго афіцыйнае адкрыццё пры падтрыманні Польскага звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP).

«Ці шмат мы паспелі за гэты час? Правялі 23 мерапрыемствы ў офлайн і онлайн фарматах, сабралі агулам 772 удзельнікаў. Сярод нашых спікераў і экспертаў былі прадстаўнікі вядучых юрыдычных кампаніяў Польшчы, мясцовых адміністрацыяў, ваяводстваў, дзяржаўных органаў. Некаторыя ўдзельнікі пайшлі далей, чым удзел у івэнтах – 63 кампаніі атрымалі ад нас бясплатныя кансультацыі, неабходныя для пачатку ці развіцця бізнесу ў Польшчы. Як мне здаецца, гэта не мала, калі лічыць, што мы пачыналі з нуля», – расказаў кіраўнік ББЦ.

У развіцці беларускага бізнесу ў Польшчы ББЦ грае тры важныя ролі: арганізоўвае падзеі, праводзіць кансультацыі і прапаноўвае бясплатна месцы ў каўоркінгу і памяшканне для перамоваў. Большасць беларускіх кампаніяў – новыя, толькі зарэгістраваныя, і яны сутыкаюцца, як кажа Данільчук, з класічнымі праблемамі выхаду на новыя рынкі: прававыя пытанні, асабістая легалізацыя, пошук фінансавання, пошук персаналу, пошук кліентаў.

Данільчук расказаў, што большасць новых беларускіх кампаніяў сёлета адзінае што паспелі – прайсці падрыхтоўчы этап. Нягледзячы на розныя сектары эканомікі, у якіх працуюць кампаніі, кожная з іх робіць напачатку амаль што аднолькавыя крокі: прыязджае кіраўнік ці давераная асоба, афармляюць свой юрыдычны статус, потым самастойна ці з дапамогай юрыдычнай кампаніі рэгіструюць фірму, потым перазапускаюць сайт, затым наймаць мясцовы персанал ці перавозяць людзей з Беларусі і пачынаюць надаваць паслугі.

«Усе гэтыя этапы ў Польшчы можна прайсці даволі хутка, за некалькі месяцаў. У выніку бізнес атрымоўвае доступ да больш шырокага рынку. Польскі рынак у 10 разоў большы за беларускі, не кажучы пра яшчэ больш маштабны рынак ЕЗ», – тлумачыць  кіраўнік ББЦ.

Сустрэча IT-супольнасці.
Фота: ББЦ / Telegram / belarusbusinesscenter

Трэнды развіцця беларускага бізнесу ў Польшчы

Паводле апытанняў удзельнікаў сустрэчаў у ББП высветлілі некалькі цікавых трэндаў, пра якія яшчэ мала хто казаў:

  • Трэнд 1. Не рэлакацыя, а пашырэнне геаграфіі. Каля 70 % новых беларускіх бізнесаў у Польшчы не рэлакуецца, а пашырае геаграфію дзейнасці, дыверсіфікуе рынкі. Яны «да апошняга імкнуцца захаваць рынак Беларусі, неяк зрэзаўшы функцыянал ці нешта аддаўшы на аўторсінг польскаму офісу».
  • Трэнд 2. Рэлаканты пераважна не IT. На польскі рынак інтэнсіўна выходзяць зусім не тэхналагічныя кампаніі, не IT. Статыстычна IT-сектар нават не самы папулярная сфера дзейнасці сярод беларускіх кампаніяў у Польшчы. «Мы бачым зараз, што сярод лідараў у колькасці новых кампаніяў – сфера перавозаў, будаўнічы сектар, рэтэйл, аптовыя продажы і сектар B2B-паслуг, – кажа Дзмітрый. – Апошні з названых сегментаў самы знакавы, бо сектар паслуг для бізнесу прыйшоў сюды ўслед за сваймі кліентамі. Гэта бухгалтарскія паслугі, юрыдычныя фірмы, падатковыя кансультанты, яны ўсе прыехалі сюды з гатовым партфелем кліентаў».
  • Трэнд 3. Колькасць арганізацыяў, здольных дапамагчы беларускаму бізнесу, вырасла да 10. Данільчук адзначае, што магчымасці ББЦ абмежаваныя, нельга дапамагчы ўсім беларускім бізнесоўцам у Польшчы. «Але мы і не ставілі сабе такой задачы, каб толькі мы ўсім дапамагалі», – кажа Данільчук. Паводле ягонай інфармацыі, напрыканцы 2022 года ў Польшчы склалася разгалінаваная экасістэма падтрымання беларускага бізнесу. У яе складзе ёсць ББЦ, праграма Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), тры розныя супольнасці беларускіх бізнесоўцаў (BSB, AIST, ABBA), некалькі стартап-супольнасцяў (Imaguru, U-hab, WeSTART), асацыяцыя беларускіх IT-кампаніяў, польскія бізнес-акселератары.

«Сёння ёсць больш чым адзін пункт уваходу на польскі рынак, ёсць да каго звярнуцца і ёсць спецыялізацыя ў гэтых арганізацыяў – нехта з ухілам на стартапы, нехта – на рэальны сектар эканомікі, нехта больш івэнты праводзіць, нехта больш развівае супольнасці», – тлумачыць кіраўнік ББЦ.

Важны рэсурс – гэта салідарнасць беларускіх бізнесоўцаў ды іхная гатовасць адзін аднаму дапамагаць: «Кожны дзень бачу ў каўоркінгу, як бізнесоўцы размаўляюць і кансультуюць адзін аднаго ў тых пытаннях, якія ўжо самі адолелі».

«Нам пашанцавала сёлета ў Польшчы праходзіць з беларускімі бізнесоўцамі адныя і тыя этапы, адныя і тыя праблемы, хутка ўсё вывучаць, хутка разумець, што трэба беларускім бізнесоўцам, нашым кліентам. Мы добра разумеем на сваім досведзе, што яны перажываюць, – дзеліцца развагамі Дзмітрый Дальнічук. – Для нас важна, што да наступнага года падыходзім з лепшым разуменнем рынку, з лепшым разуменнем запытаў, з лепшым разуменнем патэнцыялу нашых польскіх партнёраў».

«Складана ўсім, – прызнае  кіраўнік ББЦ, – але трэба хутчэй станавіцца на ногі. Мы дапамагаем бізнесоўцам, таму што за кожным з іх стаіць некалькі работнікаў, некалькі сем’яў работнікаў, а бывае і дзясяткі, сотні семʼяў, бо кожны з іх працадаўца».

Аналітыка
Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць
2022.10.04 08:33

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў