У мігрантаў, якія незаконна пераходзяць беларуска-польскую мяжу, знаходзяць свежыя расейскія візы


У мігрантаў, якія незаконна пераходзяць беларуска-польскую мяжу, знаходзяць свежыя расейскія візы, заявіў прадстаўнік штабу Памежнай аховы Польшчы Конрад Швэд.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: PAP

З гэтага вынікае, што Расея сталася асноўнаю транзітнаю краінаю для мігрантаў з Усходу, якія кіруюцца праз Беларусь у Польшчу. Такая сітуацыя зрабілася наступствам адмены шэрагу беспасярэдніх рэйсаў з краінаў Блізкага Усходу ў Менск, мяркуе Конрад Швэд.

Паводле Памежнай аховы Польшчы, апошнім часам змяніўся нацыянальны склад мігрантаў. Калі раней пераважалі выхадцы з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі, то цяпер стала больш грамадзянаў Індыі і Пакістану. Агулам жа сёлета польскія памежнікі затрымлівалі прадстаўнікоў 50 краінаў. У новай хвалі мігрантаў амаль няма жанчын з дзецьмі.

Польскае радыё «RMF FM» адзначае, што ў Беларусі перад тым, як скіравацца на мяжу, мігранты размяшчаюцца ў Менску і буйных заходніх гарадах, іхная колькасць увесь час павялічваецца. Яны здымаюць аднапакаёвыя кватэры, дзе па некалькі дзясяткаў чалавек чакаюць сваёй чаргі на мяжу.

Hавiны
Улады Беларусі захацелі перамоваў з Латвіяй пра міграцыйны крызіс. Тая адмовіла
2023.10.25 08:46

Такая сітуацыя выгадная і беларусам, бо так яны зарабляюць грошы на арэндзе кватэраў, транспартавых і гастранамічных паслугах, мяркуе кіраўнік фонду «Беларускі дом» Алесь Зарэмбюк.

У чацвер 26 кастрычніка польскую мяжу з боку Беларусі спрабавалі прайсці 72 чалавекі. Сярод іх – грамадзяне Бангладэшу, Эфіопіі, Судану. 11 мігрантаў вярнуліся на беларускую тэрыторыю, калі ўбачылі польскі патруль.

У Латвію таксама 26 кастрычніка спрабавалі незаконна трапіць 144 мігранты.

Паводле Падляскага аддзялення Памежнай аховы, у кастрычніку былі зафіксаваныя больш за 1500 спробаў незаконна перайсці польска-беларускую мяжу. З пачатку 2023 года такіх спробаў было амаль 22 тысячы.

Hавiны
Мігранты з боку Беларусі кідаліся ў польскіх памежнікаў – аднаго паранілі
2023.10.15 13:44

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў