Колькасць занятых у эканоміцы ў сакавіку вырасла, але гэта часовая з'ява, а не новы трэнд


Паводле Белстату, у сакавіку вырасла колькасць занятых у эканоміцы Беларусі. Апошнія чатыры месяцы назіралася адваротная сітуацыя. З кастрычніка летась нашая эканоміка страціла 23 тысячы працаўнікоў. Пры гэтым эканамісты ў размове з Белсатам падкрэсліваюць, што рост у сакавіку зусім не сведчыць пра аднаўленне эканомікі і ажыўленне на рынку працы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі металургічны завод.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Паводле звестак Белстату, у сакавіку сёлета ў эканоміцы краіны былі занятыя 4 175 900 чалавек. У лютым афіцыйная статыстыка паведамляла пра 4,172 мільёна занятых у эканоміцы. Упершыню за апошнія чатыры месяцы колькасць занятых у эканоміцы краіны вырасла – на 3,9 тысячы. Да гэтага штомесяц было ўстойлівае скарачэнне колькасці працаўладкаваных грамадзянаў.

Эканамісты «Кошту урада» ў размове з «Белсатам» кажуць, што з кастрычніка мінулага года колькасць працаўладкаваных у Беларусі скарацілася больш як на 23 тысячы чалавек. Гэта супастаўна з насельніцтвам такіх гарадоў, як Смалявічы ці Мар’іна Горка. Рост у сакавіку пакуль яшчэ не сведчыць, што сітуацыя з занятымі ў эканоміцы краіны пачала змяняцца.

«Сёння беларускі рынак працы застаецца пад уздзеяннем вялікай колькасці негатыўных фактараў. Частка з іх натуральныя, іншыя рукатворныя. Безумоўна, ёсць і станоўчыя моманты, якія часам даюць штуршок да росту рынку працы, як мы гэта бачым на прыкладзе сакавіка гэтага года. Аднак такі рост, па-першае, ёсць следствам разавых прычынаў або росту сезоннай занятасці, а па-другое, сваёй велічынёю не перакрывае папярэдняга спаду», – адзначаюць эксперты.

Аналітыка
З’язджаюць і ўласнікі, і жыхары. Вайна ва Украіне працягвае абвальваць рынак арэнды ў Беларусі
2022.06.18 17:05

Гэтак мяркуе і Алег Мазоль, навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў). Звесткі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак – у большай ступені ацэначныя, збіраюцца шляхам апытання хатніх гаспадарак, якія падаюць інфармацыю рознага кшталту, у тым ліку і пра занятасць у вызначанай гаспадарцы.

«У афіцыйнай статыстыцы, якую выпускае Белстат, апошнія апублікаваныя звесткі пра занятасць насельніцтва былі за студзень 2023 года. Згодна з гэтаю справаздачай, у студзені 2023-га ў эканоміцы Беларусі былі занятыя 4 172 900 чалавек, гэта на 71,3 тысячы чалавек менш у параўнанні са студзенем 2022 года. Павелічэнне на некалькі тысячаў за апошні месяц не сведчыць пра нейкі трэнд, гэта больш падобна на сезонны фактар», – кажа Алег Мазоль.

Колькасць занятых у эканоміцы беларусаў. Інфаграфіка: Кошт Ураду

Эксперты «Кошту ўрада» таксама кажуць, што ў глабальным сэнсе на беларускі рынак працы цісне негатыўная дэмаграфічная сітуацыя. Старэнне насельніцтва і нізкая нараджальнасць характэрныя для Беларусі ў роўнай ступені, як і для шмат якіх іншых краінаў Еўропы. Негатыву дадаюць праблемы з аховаю здароўя, выкліканыя ў тым ліку наступствамі катастрофы на ЧАЭС. Сацыяльна-эканамічныя праблемы 1980-х і 90-х гадоў выліліся ў раннюю мужчынскую смяротнасць і, як вынік, у значнае разыходжанне паміж працягласцю жыцця мужчынаў і жанчын.

Дадалося праблемаў і пасля 2020 года, калі, паводле суразмоўцаў «Белсату», узмацніліся эміграцыйныя працэсы, у выніку якіх краіну пакінулі дзясяткі, а можа, і сотні тысячаў чалавек. Прычым у гэтым выпадку часта вядзецца пра моладзь канкурэнтаздольных на сусветным рынку прафесіяў.

Аналітыка
«Кубракоў выдае жаданае за сапраўднае». Чаму «польскія клубніцы» лепш за камісію вяртання
2023.03.06 19:14

Спад беларускай ІТ-сферы праз гэты адток ужо відавочны настолькі, што пытанне стаіць пра захаванне беларускай высокатэхналагічнай сферы. Тыя ж прычыны рэалізуюцца ў праблемы занятасці ў сістэме аховы здароўя, сферы адукацыі, навуцы.

«Цяпер Беларусь ёсць донарам працоўнай сілы – канкурэнтаздольных розумаў і кваліфікаваных рук. Аднак такога донарства краіна сабе дазволіць абʼектыўна не можа, бо сама часта мае праблемы на рынку працы праз нястачу спецыялістаў. У агляднай перспектыве сітуацыі з беларускім рынкам працы будзе толькі пагаршацца, бо няма абʼектыўных прычынаў паляпшэння ні дэмаграфічнай сітуацыі, ні сацыяльна-эканамічнай», – прагназуюць адмыслоўцы.

Пры гэтым відавочных і простых рашэнняў для выпраўлення сітуацыі няма. Беларусь ніколі не была цэнтрам прыцягнення мігрантаў, якія маглі б папоўніць страту працоўных рук, а эканамічных стымулаў дзеля павышэння нараджальнасці ў большым абʼёме няма. Спыненне сацыяльна-эканамічнай міграцыі ды вяртанне беларусаў, якія выехалі за апошнія гады, маглі ўва ўсякім разе змякчыць праблемы рынку працы. Аднак гэтае рашэнне ляжыць па-за эканамічнаю плоскасцю.

Hавiны
Свабодны рынак, дэмакратыя і ІП – галоўныя перашкоды для Беларусі, паводле Лукашэнкі
2023.02.10 15:31

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў