Ярмошына назвала магчымую дату рэферэндуму па змене Канстытуцыі


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла расейскаму «РИА Новости», што рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі запланаваны на студзень-люты 2022 году. Праект абнаўлення Канстытуцыі пакуль не публікавалі.

Пры тым Лідзія Ярмошына згадала магчымую «крайнюю дату»: 16 студзеня 2022 году, «калі казаць пра сумяшчэнне з мясцовымі выбарамі». Пра тое, каб правесці рэферэндум у канцы лета ці пачатку восені, «размоў няма», дадала яна.

Што менавіта хочуць памяняць у Канстытуцыі, па-ранейшаму невядома. 16 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне Канстытуцыйнай камісіі, якая мусіць даць яму свае прапановы да 1 жніўня. Сам ён у лютым казаў, што «пераразмеркаванне паўнамоцтваў будзе, прычым радыкальнае», але з захаваннем прэзідэнцкай формы ўлады. Ды на мінулым тыдні Лукашэнка анансаваў падпісанне дэкрэту аб Савеце бяспекі, які можа супярэчыць дзейнай Канстытуцыі.

Аналітыка
Палітолагі пра анансаваны дэкрэт Лукашэнкі: Легалізацыя вайсковай хунты ў Беларусі насуперак Канстытуцыі
2021.04.24 17:17

Беларусы распрацоўваюць і іншы варыянт Канстытуцыі — працоўная група з юрыстаў, гісторыкаў і грамадскіх актывістаў пачала дзейнасць яшчэ пазалетась. Пад кіраўніцтвам палітыка Анатоля Лябедзькі і ў супрацы са Святланаю Ціханоўскай каманда аддала на грамадскае абмеркаванне ў інтэрнэце праект новай Канстытуцыі.

ВІДЭА
Новыя канстытуцыі Лукашэнкі і Ціханоўскай: якія адрозненні?
2021.03.20 15:46
Стужка навінаў