Пуціну расказваюць толькі добрыя навіны пра вайну ва Украіне. Што там напраўду адбываецца 24 снежня


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 304 дзень. Незразумела, ці Расея рыхтуе новы напад з тэрыторыі Беларусі, ці праводзіць «інфармацыйную аперацыю». Але ў Пуціна могуць быць праблемы з аб’ектыўнай інфармацыяй пра вайну. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская пяхота вучыцца дзейнічаць супольна з танкавымі падраздзяленнямі.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень Расея нанесла 10 авіяцыйных удараў і 62 абстрэлы з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Артылерыйскія, мінамётныя і танкавыя абстрэлы былі на сіверскім, слабажанскім, купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім і херсонскім напрамках.

Украінскія сілы адбілі атакі ў раёнах Андрэеўкі ў Луганскай вобласці, Ямпалаўкі, разволеўкі, Бахмуцкім і Бахмуце, Паўночным, Нью-Ёрку, Краснагораўцы, Вадзяным і Мар’інцы ў Данецкай вобласці. Украінская авіяцыя нанесла 13 удараў па расейскіх войсках і складах, а ўкраінская артылерыя падбіла два пункты кіравання, два склады боепрыпасаў і 11 скопішчаў жывой сілы.

Абноўлена. Ад абстрэлаў у вызваленай частцы Херсонскай вобласці загінулі, паводле розных звестак, ад пяці да васьмі чалавек, параненыя 58 чалавек

Генштаб ЗСУ заяўляе, што з 24 лютага «ліквідавалі» ўжо 101 тысячу расейскіх вайскоўцаў (імаверна, вядзецца пра так званыя незваротныя страты: забітых і цяжка параненых, якія больш не змогуць служыць), 3000 танкаў і амаль 6000 бронемашынаў, амаль 2000 артылерыйскіх сістэмаў, 418 рэактыўных сістэмаў залпавага агню, 212 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 283 самалёты і 267 верталётаў, 16 караблёў.

Найбольш жорсткія баі трываюць на Данбасе. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што за апошнія тры дні ўкраінскія вайскоўцы дасягнулі тактычных поспехаў у раёне Бахмуту, куды Расея кінула найбольш сілаў. Адносна падрыхтоўкі новага нападу з тэрыторыі Беларусі ISW не ўпэўнены: ёсць прыкметы таго, што Уладзімір Пуцін рыхтуе «найбольш небяспечны сцэнар», але гэта можа быць інфармацыйнай, а не вайсковай аперацыяй.

ISW мяркуе, што аднаўленне публічнай актыўнасці Пуціна можа быць паказнікам занепакоенасці Крамлю падзеннем рэйтынгаў. «The Wall Street Journal» тым часам расказвае, як Пуцін ізаляваў сябе ад кепскіх навінаў: збудаваў такую структуру ўлады, якая дастаўляе яму толькі пазітыўную інфармацыю, каб не трапіць у няміласць, а ў выніку проста дэзынфармуе яго.

Брытанская выведка ў свежым аглядзе звяртае ўвагу на тое, што Расея зменшыла праблемы з колькасцю вайскоўцаў, але не вырашыла праблемы з бракам боепрыпасаў – імаверна, другі фактар стрымлівае маштабны наступ. А цяперашні план аперацыяў такі, што нават абарона доўгай лініі фронту вымагае вялікай колькасці ракет і артылерыйскіх снарадаў.

Ні ISW, ні Генштаб ЗСУ, ні ўкраінская выведка не бачаць падрыхтоўкі ўдарнай групоўкі ў Беларусі. Больш відавочная падрыхтоўка Расеі да наступу на паўночным захадзе Луганскай вобласці. Украіна ўсё роўна рыхтуецца адбіваць магчымы напад, але ў рэпартажы «Украінскай праўды» з-пад мяжы кіраўнік Ровенскай вобласці запэўнівае, што «вораг Украіны – гэта не народ Беларусі, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тым часам можа рыхтаваць на люты план дасягнення міру, які будзе ўлічваць няўдачу зімовага наступу Расеі, лічыць ISW. Пасля ягонага візіту ў Злучаныя Штаты Кангрэс ЗША прагаласаваў за пакет дзяржаўных выдаткаў, які прадугледжвае вылучэнне Украіне і саюзнікам па NATO $ 45 млрд на дадатак да ўжо вылучаных $ 50 млрд.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў