«Адэса – выдужае!» Беларус Дзмітрый Карняенка – пра візіт да яго адэскай паліцыі і пра сітуацыю ў горадзе


Сябра рабочай групы «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады Беларусі віцяблянін Дзмітрый Карняенка ўжо каля шасці месяцаў жыве ў Адэсе. У Беларусі на яго завялі крымінальную справу за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні, агулам за кратамі ён правёў 40 содняў. А 20 сакавіка да яго прыйшлі адэскія паліцыянты. Дзмітрый расказаў «Белсату», чаго ад яго хацела паліцыя і як трымаецца Адэса.

Дзмітрый Карняенка (злева) падчас пікетавання ў Адэсе. Крыніца: Дмитрий Корнеенко / Facebook

Чацвёра з аўтаматамі

«Зранку пагрукалі ў дзверы і зайшлі чацвёра з аўтаматамі. Я быў троху падрыхтаваны, бо ведаў, што да іншых беларусаў прыходзілі. Але хіба да такога падрыхтуешся?..» – кажа Дзмітрый Карняенка.

Гаворыць, што дзейнічалі не так, як іхныя калегі ў Беларусі. Прынамсі, на падлогу не клалі. Але далоні на сцяну – давялося.

«Пыталіся, як я атрымаў від на жыхарства, колькі за гэта заплаціў. Кажу: «Ніколькі не плаціў, атрымаў законна». Спыталі, чым займаюся, праверылі ўсе мэсэнджары, усе кантакты, ці маю стасункі з кімсьці з Расеі, ці маю зброю, і ўсё такое.

Непрыемна, вядома, калі адно і тое ж пытанне некалькі разоў задаюць, выказваючы недавер, але што тут зробіш. Давялося і пра пераслед расказваць, і пра БЧБ-сцяг падрабязна, бо не ведалі», – распавёў Дзмітрый Карняенка.

Ён кажа, што паліцыянты сышлі праз паўгадзіны, пазычыўшы яму добрага дня.

Аналітыка
Найміты ХХІ стагоддзя: як ваююць прыватныя вайсковыя кампаніі
2022.03.22 20:14

Важкім доказам таго, што беларус не мае дачынення да дыверсанцкай дзейнасці, было для паліцыянтаў і тое, што Дзмітрый цягам тыдня дапамагае мясцовай паліцыі патруляваць вуліцы Адэсы ў складзе атраду добраахвотнікаў.

Трывога нарастае

«Хадзіў і сёння, троху стомлены. Хоць гэта, канечне, не мяхі цягаць. Вялікіх задачаў перада мной не ставяць – дапамагаю патруляваць. Ёсць, напрыклад, нейкая вуліца, на якой забаронена фатаграфаваць, дык ты ходзіш і глядзіш, каб ніхто з турыстаў не здымаў. Калі заўважаеш, што нехта парушае правілы, падыходзіш і просіш, каб не рабілі гэтага. Неяк так», – гаворыць Дзмітрый.

Кажа, што пасля абстрэлу Адэсы расейскімі войскамі 21 сакавіка, калі снарады трапілі ў цывільныя будынкі, атмасфера ў горадзе стала троху больш напружаная.

Помнік герцагу Рышэльё, які закрылі мяхамі з пяском. Адэса, Украіна.
Фота: Maksym Voitenko / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM

«Уражанне, што з кожным днём трывога нарастае. Калі ў першы тыдзень вайны адэсіты былі зусім спакойныя, то цягам другога тыдня шмат людзей, асабліва тыя, хто мае дзяцей, сталі выязджаць з гораду. Прыкладам, гаспадыня кватэры, дзе я цяпер жыву, з’ехала з краіны з дзецьмі і мужам. А 21 сакавіка – гэта першы выпадак, калі абстралялі звычайныя будынкі. Ніхто не пацярпеў, але гараджане ўстрывожаныя, гэта адчуваецца», – расказвае Дзмітрый.

«Аднак Адэса не была б Адэсай, каб нават да такога не ставіліся з гумарам. Была інфармацыя, што абстралялі якраз прыватныя будынкі на пляжы, якія належалі чыноўнікам. Дык чуў сёння, як адэсіты кажуць: «Ну вось, хто накраў – таму і прыляцела…» – дадае.

«Вярнуўся да звычайнага ладу»

Паводле нашага суразмоўцы, сірэны паветранай трывогі выюць у Адэсе два-тры разы на дзень («Хоць бываюць і ціхія дні»). Калі падчас трывогі Дзмітрый на дзяжурстве – нікуды не хаваецца. А калі ўдома – ідзе ў ванны пакой.

«Жонка мая нядаўна зʼехала з Адэсы на захад Украіны. Але як была тут, то падчас трывогі адразу хаваліся ў лазенцы. Я пасля ейнага адʼезду яшчэ тры ці чатыры ночы спаў у ванным пакоі. Але цяпер вярнуўся да звычайнага ладу: тэлефон уначы выключаю і сплю спакойна», – дзеліцца Дзмітрый.

Кажа, што большасць адэсітаў не панікуе.

«Калі карэнныя – «адэсіт-адэсіт» такі – то наагул спакойныя і нікуды адсюль зʼязджаць не плануюць. Пажылыя людзі вельмі спакойныя. Усе гуляюць у парках – у нас сонейка шмат. І нават калі паветраная трывога, то я не бачыў, каб яны куды спяшаліся хутчэй хавацца», – расказвае Дзмітрый Карняенка.

Адысці ад маскоўскага патрыярхату

Дзмітрый прызнаецца, што царкоўныя набажэнствы слухае дыстанцыйна, онлайн. Паводле ягоных ацэнак, большасць ярархаў Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ) Маскоўскага патрыярхату настроеныя патрыятычна і вераць у добры вынік для Украіны. Інфармацыю пра тое, што на набажэнствах перасталі памінаць патрыярха Кірыла, ацэньвае як «добрую прыкмету».

«Не тое, каб яны ўжо хацелі перайсці ў ПЦУ [аўтакефальная Праваслаўная царква Украіны. – Заўв. аўтара], як гэта зрабіў ужо адзін львоўскі манастыр і яшчэ некалькі прыходаў. Калі ў епархіях з усходу і цэнтру Украіны перастаюць памінаць маскоўскага патрыярха, то гэта хутчэй за ўсё азначае, што яны будуць дамагацца аўтакефаліі, калі сітуацыя будзе пагаршацца. Будуць шукаць нейкіх законных шляхоў адыходу ад маскоўскага патрыярхату», – лічыць сябра «Хрысціянскай візіі».

Дзмітрый Карняенка ў Адэсе.
Фота: Дмитрий Корнеенко / Facebook

На ягоны погляд, хрысціянскія інстытуты ва ўсім свеце шмат чаго робяць, каб спыніць пуцінскую агрэсію. Але тое маўчанне, якое пануе ў расейскіх епархіях, называе жахлівым.

«Тры-чатыры святары, якія выказаліся супраць, і кастрамскі святар, якога затрымалі. Але астатнія проста маўчаць. Гэта жахліва! Ну і беларускія – таксама. Тыя не толькі маўчаць, а і падтрымліваюць кровапраліцце. Асабліва віцебскі япіскап Дзімітрый», – лічыць наш суразмоўца.

«Украіне дапаможам, а потым у Беларусі жыццё наладзім»

Дзмітрый Карняенка верыць, што Адэса выстаіць, і эвакуявацца адтуль пакуль не збіраецца, бо не бачыць прыкметаў, каб расейцы пачалі рабіць з Адэсы тое, што ўжо зрабілі з Марыупалем.

«Канечне, сумую па Віцебску, па бацьках, па сваіх пяці катах, якія засталіся на радзіме… Але веру, што неўзабаве вернемся. Спачатку Украіне дапаможам – потым у Беларусі жыццё наладзім. А Адэса выдужае – адназначна. Няма сумневаў. Нават калі расейцы рызыкнуць і кінуць сюды ўвесь дэсант – усё адно Адэса выдужае!» – запэўнівае Дзмітрый Карняенка.

Які час – такія і гульні. Наш фатограф у Адэсе заўважыў дзетак, якія гуляліся ў «вайнушку». Ля адной з фігурак быў бела-чырвона-белы сцяг. «О, дык гэта ў вас беларуская рота!» – пажартаваў карэспандэнт «Белсату». Аказваецца, гэтыя забаўкі жыхары гораду атрымалі ў якасці падарунку, а сцяг ужо быў унутры. Адэса, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Віцяблянін Дзмітрый Карняенка быў вымушаны зʼехаць з Беларусі ў верасні 2021 года, калі на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Да гэтага прайшоў праз шэраг судоў у адміністратыўных справах (арт. 24.23 КаАП), правёў за кратамі віцебскага ІЧУ 40 содняў (30 яшчэ не адседжаныя). Сябра рабочай групы «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады Беларусі.

Гісторыі
«Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь». Чаму беларускія дактары застаюцца працаваць ва Украіне
2022.03.14 13:58

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў