Паводле інфармацыі выдання «Салідарнасць», 80-гадовы старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў трапіў у лякарню з сардэчным прыступам.
Бухвостава, як і іншых прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрымалі 19 красавіка.
Паводле папярэдніх звестак, у перыяд 19–21 красавіка былі затрыманыя 19 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Гэта кіраўніцтва і працаўнікі офісу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама лідары і актывісты прафсаюзаў СПМ (Свабодны прафсаюз металістаў), якія ўваходзяць у БКДП, СПБ (Свабодны прафсаюз Беларускі), РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці).
Ператрусы прайшлі ў Менску і Полацку. Сярод затрыманых маладыя і сталыя людзі, маці малых дзяцей. Забраная тэхніка, дакументы.
Большасць з іх былі дапытаныя ў КДБ, пасля чаго дастаўленыя ў СІЗА Камітэту дзяржбяспекі. 22 красавіка вечарам у многіх заканчваюцца 72 гадзіны з моманту затрымання.
Паводле «Салідарнасці», застаюцца ў няволі: Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Ірына Буд-Гусаім, Мікалай Шарах, Генадзь Фядыніч, Яна Малаш, Віталь Чычмараў, Міхаіл Громаў, Васіль Бераснеў, Дзмітрый Бародка, Аляксандр Еўдакімчык, Міраслаў Сабчук, а 80-гадовы лідар СПМ Аляксандр Бухвостаў – у шпіталі з сардэчным прыступам.
Ігар Комлік, Алена Яськова, Ганна Дусь, Мікалай Герасіменка, Вадзім Пайвін і Юрый Белякоў пасля допытаў, а некаторыя пасля допытаў і содняў у СІЗА вызваленыя і застаюцца пад падпіскай аб нераскрыцці. Гэта прафсаюзныя юрысты і журналісты.
21 красавіка затрымалі і дапыталі таксама Лізу Мярляк, міжнароднага сакратара Беларускага незалежнага прафсаюзу. Пасля допыту яе адпусцілі.
РР belsat.eu