У Беластоку паказалі монаспектакль, прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага


У беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку фрык-тэатр «Ex tempore» паказаў літаратурны монаспектакль – «Помста». Ён цалкам зроблены адным чалавекам – Васілём, які не раскрывае свайго прозвішча.

Аўтар і выканаўца спектаклю «Помста» Васіль.
Фота: Белсат

У монаспектаклі «Помста», які змаглі пабачыць гледачы ў Беластоку ў фрык-тэатры «Ex tempore», актор нагадаў пра 1864-ы год. У гэты час паўстанне Кастуся Каліноўскага было ўжо задушанае, але воля людзей яшчэ не скарылася. Тысячы забітыя, тысячы ў вязніцах, але царскія карнікі не спыняюцца, акупанты знаходзяць і караюць усё новых людзей. Аўтар Васіль, які не называе свайго прозвішча, бачыць шмат падабенства з тым, што адбываецца на нашых землях цяпер. Так узнікаюць думкі пра помсту.

«Гэты спектакль цяжкі для выкананні, у першую чаргу, эмацыйна. Бо гэтыя тэксты адлюстроўваюць не толькі погляд на гісторыю пасля паўстання 1863 года, яны ўздымаць тыя эмоцыі і пачуцці, што мы адчувалі ў 2020 і 2021 годзе, магчыма, і ў 2022-м. Прынамсі, для мяне самога гэта балючы матэрыял, што ўзрушвае і хістае маю псіхіку. Цяжка, але гэта неабходна, каб гэткія эмоцыі выйшлі – і ты мог іх асэнсаваць», – кажа ў размове з «Белсатам» аўтар і выканаўца спектаклю Васіль.

Ён распавядае, што тэксты пад інсцэнізацыю пісаліся цягам 2021 і 2022 года.

«Агульнае з 2020 годам – уздым свядомасці і жаданне змяніць рэчаіснасць. Гэта адно і тое ж, што адбывалася тады – і цяпер. І, зразумела, рэпрэсіі, ціск, боль – гэта ўсё аднолькавае. Безумоўна, гэта балела людзям тады – і баліць цяпер», – распавядае аўтар.

Літаратурны монаспектакль – «Помста» у беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку.
Фота: Белсат

І дае адказ, чаму менавіта помста.

«Усё вельмі проста. Помста – гэта першы крок да асэнсавання, што ты ўжо не ахвяра, што ты годны чалавек, чалавек дзеяння. Бо напачатку гэта стан крыўды, знявагі, зруйнаванасці. І момант узнікнення пачуцця помсты, жадання адпомсціць – гэта ўжо ўздым з таго стану, калі нас утоптвалі. Адзінае, што ўжо тут наш выбар, куды мы пойдзем. Мы пойдзем у дэструкцыйны бок – ці ў бок стваральны. Бо пакуль помста не пачалася, фізічна гэтае пачуццё можна сублімаваць у энергію, ці ў стваральную, ці ў разбуральную», – адзначае аўтар.

Аўтар і выканаўца спектаклю «Помста» Васіль.
Фота: Белсат

Мы пытаем, што аўтар думае пра апошнія словы Каліноўскага, якія не згубілі актуальнасці і сёння: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».

«Цалкам згодны з Каліноўскім. Гэта адзін з лозунгаў, з якім я жыву. Ніколі мы не будзем вольнымі, пакуль над намі будзе вісець гэты расейскі свет. Гэта не нашае, гэта чужое – і таму мы мусім рабіць сваё, рабіць беларускае», – падводзіць рысу Васіль.

160 гадоў таму 22 студзеня 1863 года пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага. У свеце беларусы адзначаюць гэтую дату і ўшаноўваюць памяць паўстанцаў.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ўшанавала паўстанцаў Каліноўскага
2023.01.22 16:01

АС belsat.eu

Стужка навінаў