10 аргументаў прапаганды за размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі


У ток-шоу «Есть вопрос» на расейскім тэлеканале «БелРос» 20 красавіка абмеркавалі, да чаго прывядзе размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі. Пераказваем, як прапагандысты хвалілі ідэю Пуціна.

Кадр з выдання ток-шоу «Есть вопрос» на тэму ядравай зброі ў Беларусі. 20 красавіка 2023 года. Скрыншот: БелРос 3.0 / Youtube

На момант публікацыі выданне мае 56 праглядаў на «YouTube» – адзін з іх наш.

Перад размовай згадалі аргументы, якія прыводзілі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Прывялі цытату амбасадара Расеі ў Беларусі: размяшчаць расейскую зброю ў «саюзнай дзяржаве» законна, а ЗША размяшчае зброю нібыта незаконна ў сваіх «марыянетак».

«І Уладзімір Пуцін, і Аляксандр Лукашэнка шмат разоў заяўлялі, што не плануюць ужываць ядравую зброю без нагоды, а размяшчэнне яе на тэрыторыі Беларусі – гэта абарона, сур’ёзны аргумент у барацьбе за існаванне і суверэнітэт», – кажа вядоўца, не даўшы ацэнкі надзейнасці словаў Пуціна і Лукашэнкі і не патлумачыўшы, хто і як пагражае Беларусі.

У ток-шоу з беларускага боку ўзялі ўдзел праўладны палітолаг Вадзім Баравік, вайсковы аналітык Аляксандр Алесін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Маркевіч, з расейскага боку – віцэ-прэзідэнт медыяхолдынгу «Красная звезда» Павел Ведзяняпін, блогерка Юлія Віцязева, дэкан расейскай Вышэйшай школы тэлевізіі Віталій Траццякоў, блогер («эксперт у бяспецы») Сяргей Карнавухаў і старшыня супольнасці «Друзья-сябры» Уладзімір Мамантаў. Праграму вёў беларускі прапагандыст Вадзім Гігін.

Аналітыка
Да чаго рыхтуюць Беларусь і навошта Лукашэнку гарантыі бяспекі?
2023.04.11 19:00

Аргументы за размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі гучалі наступныя:

  1. Краіны Захаду парушылі Будапэшцкі мемарандум увядзеннем санкцыяў (гэта няпраўда: у мемарандуме ні слова пра санкцыі), і толькі Расея не парушае яго адносна Беларусі.
  2. Захад «першы пачаў»: ЗША размяшчаюць сваю ядравую зброю ў краінах NATO: Бельгіі, Італіі, Нідэрландах, Нямеччыне, Турэччыне. Алесін запярэчыў: зброя на базах ЗША, якія ёсць тэрыторыяй ЗША. Карнавухаў да гэтага дадае, што гэта Захад пачаў «ваенную агрэсію супраць Расеі на тэрыторыі Украіны».
  3. Ёсць пагроза нацыянальнай бяспецы Беларусі: войскі NATO перамяшчаюцца па Польшчы і краінах Балтыі, гэтыя краіны ўзмацняюць свае войскі. Маўляў, гучаць і іншыя заявы, якія сведчаць аб пагрозе Беларусі (якія і ад каго, у праграме не расказалі).
  4. Размяшчэнне ядравай зброі – гэта насамрэч дээскалацыя, каб стрымаць ворагаў ад агрэсіі супраць Беларусі.
  5. Расеі ўсё роўна, дзе размяшчаць ядравую зброю: у Беларусі ці на сваіх тэрыторыях каля Беларусі, бо час падлёту ракетаў аднолькавы (Алесін з гэтым не пагадзіўся). Таму размяшчэнне – абарона Беларусі і дэманстрацыя бясстрашнасці Беларусі. «Яна не баіцца пагрозы: больш за тое, яна сама стварае пагрозу», – кажа Ведзяняпін. І гэта, дадае ён, паказвае, што «мы таксама можам пераходзіць чырвоныя лініі», а ад такога ў краінах Еўропы могуць вырашыць спыніць падтрыманне Украіны. Але Баравік і Алесін лічаць, што ядравая зброя ў Беларусі будзе аргументам у перамовах аб вывадзе амерыканскай ядравай зброі з Еўропы.
  6. «Усе разумеюць», што Украіна з Захадам «будзе разлічвацца за пастаўкі зброі і падтрыманне сваймі тэрыторыямі», упэўнена заяўляе Віцязева. А ў некага неназванага ёсць «фантомныя болі па Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай» – хочуць «разарваць Беларусь», лічыць Віцязева (а Варшаве і Вільні «акупацыю Расеяй яшчэ трэба заслужыць»). Траццякоў дадае, што «мы ўступілі ў эпоху перадзелу межаў у Еўропе», таксама згадаўшы Рэч Паспалітую (але не анексію тэрыторыяў Украіны Расеяй). Захад, паводле яго, наўпрост заяўляе аб прэтэнзіях на тэрыторыю Беларусі (хто і дзе такое казаў, ён не згадваў).
  7. Расеі «нельга дапусціць, каб тваю дзяўчыну звялі з танцаў», кажа Траццякоў пра Беларусь і згадвае, што ў Маскве шмат тых, хто лічыць, што трэба адразу ўжыць ядравую зброю (каму за гэта можа прыляцець удар у адказ, ён не разважае). Але Ведзяняпін кажа, што ўжываць ядравую зброю супраць Варшавы і Вільні Расея не будзе, бо ў ваеннай дактрыне няма прэвентыўнага ўжывання ядравай зброі, але Карнавухаў прапаноўвае паказаць, што Расея гатовая ўжываць ядравую зброю не толькі прэвентыўна.
  8. Украіна да размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі ставіцца спакойна, бо разумее, што «нічога ва Украіне няма, што вартае ўжывання ядравай зброі», а ядравая зброя ў Беларусі – «супраць нашых партнёраў з NATO», запэўнівае Алесін.  Беларусь геаграфічна стаіць «клінам» сярод краінаў NATO.
  9. Рашэнне аб ужыванні расейскай ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі будуць супольна кантраляваць Беларусь і Расея, пагадзілася большая частка суразмоўцаў. Гэта супярэчыць словам Пуціна (пра кантроль Расеяй) і Лукашэнкі (пра кантроль Беларуссю).
  10. Захад адкажа на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі размяшчэннем такой зброі ва Украіне, дапусціў Ведзяняпін. Траццякоў жа запярэчыў, што ўсё наадварот: размесяць у Беларусі, каб не размяшчалі ва Украіне. Маркевіч пры гэтым заявіў, што калі прэзідэнты Украіны і Польшчы казалі, што між дзяржавамі не будзе мяжы (такое сапраўды казалі і Анджэй Дуда, і Уладзімір Зяленскі – у сэнсе еўраінтэграцыі Украіны), то размяшчэнне ядравай зброі ў Польшчы будзе размяшчэннем яе ва Украіне (Польшча сапраўды не выключае размяшчэння амерыканскай ядравай зброі ў сябе, але гаворкі пра перадачу ядравай зброі Украіне не было).

Вядоўца згадаў, што Кітай неаднаразова выступаў супраць размяшчэння ядравай зброі ў іншых дзяржавах. Суразмоўцы практычна праігнаравалі гэта – толькі Віцязева расказала, што лічыць, што кіраўнікі Кітаю і Расеі гэта ўзгаднілі на сустрэчы ў Маскве, і дадала, што «вайна – гэта мастацтва падману».

Кадр з выдання ток-шоу «Есть вопрос» на тэму ядравай зброі ў Беларусі. 20 красавіка 2023 года. Скрыншот: БелРос 3.0 / Youtube

Пад канец праграмы паказалі вынікі апытання аб наступствах размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі. У апытанні давалі чатыры пазітыўныя варыянты адказу і адзін негатыўны. Колькасці апытаных не назвалі. Апытанне праводзілі не адкрыта, а праз запаўненне ананімнай Google-формы, таму спраўдзіць вынікі і колькасць апытаных немагчыма. Форму прапаноўвалі запоўніць у Telegram і «УКантакце», адпаведныя допісы з заклікам прагледзелі 123 і 40 разоў.

Вядоўца рэзюмаваў: размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – гэта крок да эскалацыі, але яго робяць, каб прывесці ў будучыні да разрадкі.

Агляд
«Зброя вар’ятаў», «ненавіджу». Што Лукашэнка казаў пра ядравую зброю, якую хоча пусціць у Беларусь
2023.03.28 14:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў