У Севастопалі абстралялі вайсковы аэрадром, у Керчы збілі беспілотнік


Вечар 18 жніўня ў Крыме быў неспакойным. Спачатку ў Керчы спрацавалі сістэмы СПА, потым выбухі пачулі ў Севастопалі – з’явілася інфармацыя пра абстрэл вайсковага лётнішча «Бельбек».

Пра спрацоўванне сістэмаў СПА ў Керчы 18 жніўня ў 21:17 мясцовага часу паведаміў дарадца кіраўніка анексаванага Крыму Алег Кручкоў у сваім «Тэлеграме».

«Папярэдне. У Керчы спрацавалі сістэмы СПА. Небяспекі для гораду і мосту няма», – напісаў Кручкоў.

Прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў паведаміў пра беспілотнік:

«Паводле папярэдняй інфармацыі, на вялікай аддаленасці ад Крымскага мосту быў збіты ўкраінскі беспілотнік. Ахвяраў і разбурэнняў няма».

Вайсковы аэрадром «Бельбек» у Севастопалі.
Фота: focus.ua

Позна ўвечары 18 жніўня ў інтэрнэце стала з’яўляцца інфармацыя пра выбухі на вайсковым аэрадроме «Бельбек» у Севастопалі, гук сірэны і машыны МНС, што паехалі ў бок аэрадрому. Жыхары Севастопалю і Бахчысарайскага раёну ўбачылі дым у баку «Бельбеку». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Кримський вітер».

Першы выбух адбыўся а 22:00 мясцовага часу, другі – у 22:35. «Reuters» паведамляе пра як мінімум 4 выбухі.

Расейскі губернатар Севастопалю Міхаіл Разважаеў паведаміў, што каля «Бельбеку» сіламі расейскай СПА быў збіты беспілотнік, «пацярпелых няма».

9 жніўня серыя выбухаў адбылася на вайсковым аэрадроме ў Новафёдараўцы, каля гораду Сакі ў Крыме. Тады Міністэрства абароны Расеі заявіла пра «дэтанацыю некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў», а ЗСУ Украіны паведамілі, што ў Новафёдараўцы былі знішчаныя 9 расейскіх самалётаў.

31 ліпеня расейскія СМІ паведамлялі пра атаку на штаб Чарнаморскага флоту, здзейснены праз беспілотнік. Спачатку расейцы абвінавацілі ў інцыдэнце ЗСУ, але неўзабаве прызналі, што беспілотнік быў запушчаны з тэрыторыі Крыму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў