Эканаміст назваў «суб’ектыўнай ацэнкай хворага чалавека» загад Лукашэнкі інвестарам «не нажывацца на народзе»


Інвестар ніколі не прынясе грошы ў краіну, калі ў яго не будзе магчымасці вывесці прыбытак. Так «Белсату» сказаў дарадца ў эканамічных рэформах абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч, каментуючы планы цяперашніх уладаў Беларусі абмежаваць адцяканне капіталу з краіны. Таксама ён назваў «суб’ектыўнай ацэнкай аднаго хворага чалавека» загад Лукашэнкі інвестарам «не нажывацца на народзе».

Фота: Белсат

На нарадзе 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра ўцяканне грошай за мяжу, заявіў пра неабходнасць «маланкавых загараджальных захадаў без усялякага разгойдвання»:

«Маюцца кампаніі – нашыя, не нашыя. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія – і вывелі за межы Беларусі. Грошы, што зарабілі нашыя людзі, выводзяцца за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі».

Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў інвестараў «прыходзіць і працаваць», але не дзеля «нажывы за кошт нашага народу».

Каментар
За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову
2024.01.17 14:18

Дарадца ў эканамічных рэформах абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч у каментары «Белсату» растлумачыў, што вывад капіталу замежнымі інвестарамі – абсалютна нармальная і непазбежная з’ява:

«Больш за тое, без магчымасці выкарыстаць і вывесці прыбытак інвестары не будуць укладваць грошы ў краіну. Гэта тое самае, як вы прынесяце грошы ў банк пад адсоткі, а банк вам скажа: «Прабачце, мы пастанавілі, што вы не зможаце забраць дэпазіт, вам давядзецца браць дазвол у кіраўніцтва банку, каб яны ацанілі, як «чэсна» вы зарабілі адсоткі». Гэта нонсэнс з эканамічнага гледзішча».

Паводле Аляхновіча, інвестыцыйны клімат у Беларусі – адзін з найгоршых у Еўропе менавіта праз тое, што замежныя інвестыцыі аніякі не ахоўваюцца дзяржаваю. Наадварот, дзяржава лічыць, што можа распараджацца грашыма замежных інвестараў як заўгодна.

«Інвестары выбіраюць краіну, дзе ёсць гарантыі, што грошы прынясуць прыбытак і гэты прыбытак будзе належаць ім без аніякіх умоваў. Няма ніякай мяжы, у які момант «інвестар пачне нажывацца на народзе» – гэта суб’ектыўная ацэнка нават не чыноўнікаў, а аднаго хворага чалавека ў краіне», – канстатаваў эканаміст.

Ён упэўнены, што замежныя інвестыцыі будуць менець, хіба застануцца толькі расейскія.

«Інвестыцыі з іншых краінаў – гэта пераважна так званыя рэінвестыцыі, то бок прыбытак замежных інвестараў, які не быў выведзены з Беларусі, а ўкладзены нанова», – кажа дарадца Ціханоўскай.

Каментар
Чаму з Беларусі не сыходзяць інвестары? Галоўчанка: заслуга ўраду. Кныровіч: іх няшмат і было
2023.10.23 18:34

Суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што «цывілізаваныя краіны стымулююць рэінвестыцыі рознымі падатковымі льготамі»:

«Напрыклад, у Эстоніі любы прыбытак не абкладаецца падаткам да таго моманту, пакуль інвестар не выводзіць капітал. Вывад капіталу становіцца праблемай для эканомікі толькі тады, калі шмат інвестараў адначасова намагаюцца вывесці грошы з краіны».

Аляхновіч назваў відавочным тое, што лукашэнкаўскія ўлады рознымі абмежаваннямі намагаюцца пазбегнуць уцякання капіталу з Беларусі, каб не ствараць ціск на беларускі рубель і не дапусціць дэвальвацыі.

У 2021 годзе адцяканне капіталу з Беларусі склала $ 1,5 млрд, а ў 2022-м вырасла да $ 3,6 млрд. За леташнія студзень – верасень з краіны вывелі каля $ 1,2 млрд.

Каментар
Лукашэнку занепакоілі ўцёкі капіталу за мяжу. Скончыліся грошы?
2024.01.18 21:05

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў