Як не трапіць у войска? У Беларусі з'явіліся падпольныя службы дапамогі прызыўнікам


На фоне вайны ва Украіне многія беларусы хацелі б «адкасіць» ад службы ў войску. Але на пачатку 2023 года патрабаванні да здароўя прызыўнікоў змянілі, прыбраўшы многія «адмазкі», а службы дапамогі прызыўнікам разграмілі ўлетку 2022-га. «Белсат» спытаў эксперта ў пытаннях прызыву, дзе хлопцам шукаць дапамогі і што варта рабіць самім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень адчыненых дзвярэй для прызыўнікоў. Гомель, Беларусь. 29 красавіка 2023 года.
Фота: Яўген Лапушка / Ваяр

Яшчэ ёсць дзе пракансультавацца

У сярэдзіне ліпеня 2022 года ў праўладных тэлеграм-каналах сталі публікаваць «пакаянныя відэа» супрацоўнікаў сайтаў, якія кансультавалі прызыўнікоў у пытаннях адтэрміноўкі службы ў войску. Хоць іх дзейнасць была звязаная з законнымі спосабамі не служыць, затрыманыя «прызнаваліся» так, нібы здзейснілі злачынствы. Пасля гэтага сэрвісы, якія суправаджалі прызыўніка ў працэсе пошуку адтэрміновак, спынілі сваю дзейнасць, але ніводнай згадкі пра парушэнні імі заканадаўства не з’явілася.

Як распавядае «Белсату» эксперт у пытаннях прызыву Антон (імя змененае), мэта тых затрыманняў была адна: «у беларускім стылі спыніць функцыянаванне» службаў дапамогі прызыўнікам. Цяпер, распавядае ён, службы дапамогі працуюць, але па прынцыпе сарафаннага радыё і бяруць плату крыптавалютай.

Адкрыта дзейнічае толькі пара сайтаў з агульнай інфармацыяй пра прызыў, а таксама лічаныя ананімныя юрыдычныя кансультацыі, медычныя кансультацыі, каб раскласці хваробы, кансультацыі для рыхтавання да прызыву. Антон прыводзіць у прыклад тэлеграм-бот з кансультацыямі @dont_want_to_serve_bot (наш суразмоўца сцвярджае, што сам з гэтым ботам не звязаны, але ўдакладняў у аўтараў, што згадка для іх бяспечная).

Hавiны
Запрацаваў сэрвіс бясплатных юрыдычных кансультацыяў для беларусаў
2021.11.09 14:39

Паслугі «падпольных» службаў дапамогі прызыўнікам даражэйшыя за іх папярэднікаў, але і больш дзейсныя, распавядае Антон: такія службы ўжо не абмяжоўваюцца строга законнымі метадамі. Яны ўжо не марнуюць час на тых, каму хочацца проста нешта ўдакладніць бясплатна, і на тых, у здольнасцях і рашучасці каго не ўпэўненыя. Са словаў нашага суразмоўцы, службы дапамогі прызыўнікам пакуль толькі збіраюцца вярнуцца да адкрытай працы.

Спіс «адмазак» моцна скарацілі

За гісторыю суверэннай Беларусі, успамінае Антон, правілы наконт здароўя прызыўнікоў сур’ёзна мянялі толькі два разы. Было мноства нязначных правак у дзевяностыя, нулявыя і дзясятыя гады. Упершыню значныя змены ўнеслі 7 лютага 2020 года. Тады яны здаваліся сурʼёзнымі, але аказаліся нікчэмнымі ў параўнанні з праўкамі 18 студзеня 2023-га. З патрабаванняў да здароўя прызыўнікоў прыбралі шмат пунктаў, «папулярных» у службаў дапамогі прызыўнікам.

«Цяпер вельмі крытычныя змены ў нормах здароўя праходу ў войска, асабліва што да сэрцава-судзінных захворванняў, – кажа Антон. – Як кажуць некаторыя лекары, звязаныя з прызывам, цяпер людзі будуць у войску ў мірны час паміраць ад хваробаў сэрца».

На пераагляд, распавядае ён, цяпер клічуць нават тых, хто атрымаў вайсковы білет у канцы 2022 года: ваенкаматы практычна ўпэўненыя, што паводле новых правілаў «ужо будзе прыдатнасць». Яшчэ застаюцца «адмазкі», але над імі прызыўніку трэба доўга працаваць – як кажа Антон, «імпульсныя «адкосы» страцілі актуальнасць».

Hавiны
Будуць браць і з гемароем. Міністэрства абароны Беларусі знізіла патрабаванні да прызыўнікоў
2023.02.04 12:44

Ён прыводзіць прыклады. Раней можна было ўмела пакрыўляцца перад лекарам і атрымаць дыягназ «кіфоз ІІІ ступені», цяпер для такога дыягназу неабходна пацвердзіць дэфармацыю пазванкоў рэнтгенам. Мала проста «зарабіць» артэрыяльную гіпертэнзію ІІ ступені з сярэдняй рызыкай, трэба яшчэ неаднаразова і беспаспяхова лячыцца, а таксама пацвердзіць паражэнне органаў-мішэняў.

На псіхіятрычныя дыягназы таксама сталі патрабаваць гісторыю хваробы: проста паскардзіцца псіхіятру з камісіі на жыццё недастаткова нават для сапраўды хворых. Антон адзначае анамалію ў Віцебскай вобласці: практычна любых прызыўнікоў, нават з гісторыяй хваробы, выпісваюць з псіханеўралагічнага дыспансера з пазнакай «здаровы». Суразмоўца смяецца: «Начмед там у лазні парыцца з ваенкамам?»

Фота позвы праз вайбер – не позва

У адрозненне ад Расеі, у Беларусі адзінае належнае апавяшчэнне грамадзяніна пра неабходнасць яўкі ў ваенкамат – гэта падпісаная асабіста грамадзянінам позва. SMS, тэлефонная размова, фота позвы з незнаёмага акаўнту ў мэсэнджары і нават асабістае паведамленне «ВКонтакте» ад намесніка начальніка аддзелу прызыву (было і такое, распавядае Антон) – гэта не позва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік ваенкамату хваліцца акаўнтам у TikTok. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2023 года.
Фота: modmilby / Telegram

Эксперт кажа, што няма сэнсу не прымаць званкі з незнаёмых нумароў: можна памаўчаць у трубку ці нават пагадзіцца, а пакуль няма асабіста падпісанай позвы, «вы ў доміку». У той жа час такія званкі або іншыя спосабы паведаміць пра позву – сігнал, што раней ці пазней яе ўручаць належным чынам, упэўнены Антон.

Крымінальная адказнасць за няяўку па позве надыходзіць у тым выпадку, калі няяўка перашкодзіла прыняццю рашэння камісіі або калі рашэнне не ўдалося рэалізаваць. Спачатку пагражае толькі адміністратыўная адказнасць і штраф. Напрыклад, кажа Антон, калі да пачатку прызыву падпісаў позву на 10 жніўня, не з’явіўся без паважных прычынаў (пакуль збіраў доказы «адмазак»), але прыйшоў 1 верасня, то гэта яшчэ не ўхіленне ад прызыву, у камісіі ёсць час на прыняцце рашэння, таму максімум – штраф. Уважлівай жа прычынай няяўкі (паводле арт. 10 закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе») можа быць «захворванне са стратай працаздольнасці».

Асобны выпадак – ваеннаабавязаныя, якія залічаныя ў запас па стане здароўя і не дасягнулі ўзросту 27 гадоў. Яны павінны праходзіць пераагляд раз на тры гады (пункт 41 Палажэння аб вайскова-медычнай экспертызе), але, са словаў Антона, тысячы такіх людзей выклікаюць раней за тэрмін. Судзіцца ў гэтым выпадку бессэнсоўна, лічыць суразмоўца, але ў такім разе няяўка нават па падпісанай позве не пагражае крымінальнай адказнасцю: няяўка на пераагляд не лічыцца ўхіленнем ад прызыву – яно не ўваходзіць у «мерапрыемствы прызыву» (арт. 435 КК РБ і арт. 34 закону «Аб воінскім абавязку і воінскай службе»).

Калі чалавек прайшоў пераагляд і з «запасніка» стаў прызыўніком, няяўка па позве ўжо будзе крымінальным злачынствам (гэтак жа, як ухіленне ад прызыву паводле мабілізацыі, калі такую абвесцяць). Няяўка на пераагляд – гэта толькі адміністратыўная адказнасць (арт. 26.3 КаАП РБ), суд і штраф да трох базавых велічынь. Няяўка на такі суд пагражае магчымым прыводам з міліцыяй і штрафам за непавагу да суда (арт. 25.1 КаАП РБ). Магчымае замкнёнае кола з позвамі і штрафамі, але не з крымінальнай адказнасцю.

Каментар
Ці час панікаваць беларускім прызыўнікам, як раяць расейскім?
2023.04.19 15:26

Што рабіць? Рыхтавацца загадзя

Прызыўнікам з адтэрміноўкай для адукацыі або па сямейных абставінах суразмоўца раіць пры «любым зародку паталогіі» ісці да лекара і дакументальна фіксаваць гэта, але ні ў якім разе не прызнавацца, што гэта для ваенкамату. Гісторыю хваробы трэба развіваць, «капаць на мазгі» лекарам.

«Пры любым наведванні лекара з мэтай выявіць непрызыўны дыягназ вы павінны паводзіць сябе як пацыент, які мае скаргі і хоча зліквідаваць іх праз пастаноўку дыягназу і лячэнне», – падказвае Антон.

Ёсць некаторыя «варыянты апошняй надзеі»: аперацыі для паляпшэнні здароўя накшталт выраўноўвання насавой перагародкі або выпраўлення варыкацэле (varicocele), якія дадуць некаторыя адтэрміноўкі, але органы прызыву просяць лекараў пытацца ў ваенкамату дазволу на такія аперацыі для прызыўнікоў. Звычайная хвароба дасць адтэрміноўку на пяць працоўных дзён пасля закрыцця бальнічнага, а лазерная карэкцыя зроку ўжо зусім не дае адтэрміновак. Лепш рыхтавацца загадзя, рэзюмуе суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Урачыстая цырымонія адпраўкі грамадзянаў, прызваных на тэрміновую вайсковую службу. Курган Славы, Беларусь. 26 красавіка 2023 года.
Фота: modmilby / Telegram

Антон лічыць, што дапамагчы можна любому прызыўніку на любым этапе, але не кожны здольны рэалізаваць тое, што прапануюць службы дапамогі. Гаворка нават не пра варыянты накшталт «зламаць руку» або «парэзаць вены» – такога не прапаноўваюць, «лепш ужо ў войска схадзіць», смяецца суразмоўца.

Калі б існавалі лёгкія і надзейныя спосабы пазбегчы прызыву, яны б не выдаваліся – інакш перасталі б быць надзейнымі і лёгкімі, тлумачыць Антон. Ёсць хіба што «просты» варыянт – з’ехаць за мяжу ў краіну, якая дакладна не выдасць беларускаму ваенкамату, але ў такія краіны патрэбная віза. Бязвізавая Грузія, паводле звестак BYPOL, выдавала ў Беларусь ухілістаў, але Антон сумняваецца, што Грузія стане рабіць гэта цяпер.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Алесь Наваборскі /ІР belsat.eu

Стужка навінаў