Святлана Ціханоўская прадказала выхад Беларусі з АДКБ і Саюзнай дзяржавы


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заявіла, што пасля дэмакратычных пераменаў Беларусь выйдзе з АДКБ і гэтак званай Саюзнай дзяржавы. «Пасля лютага 2022 года мы не бачым ніякіх перспектываў партнёрства з Расеяй», – сказала лідарка на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, перадае «Позірк».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Святлана Ціханоўская заявіла, што задача дэмакратычных сілаў – пераход Беларусі ад дыктатуры да дэмакратыі, аднак гэта немагчыма, пакуль Менск прыкуты да Масквы. На Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі абраная прэзідэнтка сказала, што ўсе пагадненні, заключаныя з Расеяй пасля выбараў 2020 года ў Беларусі, мусяць лічыцца незаконнымі, а ўсе эканамічныя дамоўленасці трэба перагледзець з пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Ціханоўская таксама адзначыла, што пасля дэмакратычных пераменаў Беларусь выйдзе з гэтак званай Саюзнай дзяржавы:

«Пасля лютага 2022 года мы не бачым ніякіх перспектыў партнёрства з Расеяй – дзяржавай, якая не паважае незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальную ідэнтычнасць сваіх суседзяў».

Беларусь пакіне і Арганізацыю дагавора аб калектыўнай бяспецы, бо «недапушчальна быць у тым жа ваенным блоку, што і агрэсар», падсумавала Ціханоўская.

Фота
Пашпарт, санкцыі, рэформы і палітвязні. Тэмы сустрэчаў Ціханоўскай у Мюнхене
2023.02.17 15:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў