Расейская сетка рэстаранаў «Вкусно – и точка» пачне працу ў Беларусі з 22 лістапада


Рэстараны «McDonald’s» у Беларусі закрыюцца ўжо на наступным тыдні, 21 лістапада, а з 22 лістапада яны пачнуць працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка», паведамляецца ў Instagram сеткі.

Рэстаран «Вкусно – и точка». Крыніца: rb.ru

«21 лістапада – апошні дзень працы нашых рэстаранаў пад брэндам «Макдональдс». У гэты дзень нашы дзверы будуць адчынены для наведвальнікаў да 18:00. Але ўжо 22 лістапада мы будзем рады зноў бачыць вас ва ўсіх рэстаранах нашай сеткі ўжо пад новым брэндам – «Вкусно – и точка», – гаворыцца ў паведамленні.

Дакладны час адкрыцця 22 лістапада абяцаюць назваць пазней. Таксама кампанія абяцае захаваць працоўныя месцы і разнастайнае меню.

«McDonaldʼs» прыпыніў працу ў Расеі 14 сакавіка з прычыны вайны ва Украіне. У чэрвені ў Расеі былыя «МакДональдсы» адкрыліся пад брэндам «Вкусно – и точка» – бізнес прадалі прадпрымальніку Аляксандру Говару. Рэстараны пад новым брэндам спрабавалі паўтарыць меню «McDonaldʼs», але дагэтуль не прапанавалі добрага аналагу некаторым стравам.

У Беларусі «McDonaldʼs» працягваў працу, нягледзячы на суўдзел беларускіх уладаў у расейскім нападзе на Украіну. Але праз «абмежаванні ў ланцужку паставак» (імаверна, праз санкцыі) часова адмовіўся ад продажу сняданкаў, вярнулі іх у продаж пасля замены катлетаў.

11 лістапада стала вядома, што рэстараны «McDonald’s» у Беларусі цягам некалькіх тыдняў зробяць рэбрэндынг і стануць працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка».

Таксама стала вядома, што з 18 лістапада рэстараны «McDonald’s» прыпыняюць працу ў Казахстане праз «абмежаванні ў мясцовых пастаўках», паведамляе кампанія і заяўляе, што прыкладае ўсе намаганні для аднаўлення працы.

Меркаванні
«Маку» больш няма. Кропка
2022.11.15 12:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў