Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 гадоў калоніі ўзмоцненнага рэжыму


Падазраванага па справе аб дзяржаўнай здрадзе Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аб гэтым паведаміла ў сваім тэлеграм-канале журналістка «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая.

Дзяніс Івашын

Апроч таго, Івашыну прысудзілі штраф у памеры 150 базавых. У якасці кампенсацыі кожнаму з 9 «пацярпелых» Івашын павінен выплаціць па 2000 рублёў. Агулам штраф і кампенсацыя складаюць 22,8 тысячаў беларускіх рублёў. Такі прысуд 14 верасня вынес суддзя Валер Раманоўскі ў гарадзенскім абласным судзе.

Суд над журналістам пачаўся 15 жніўня і праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суду Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Хто такі Дзяніс Івашын

Дзянісу Івашыну 43 гады, мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Ён працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы час» і рэдактарам беларускай версіі сайта міжнароднай валанцёрскай супольнасці ІnformNapalm. Вядомы сваімі гучнымі расследаваннямі пра скандальную забудову ў Курапатах, уплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю. Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году. Падчас ператрусу ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай.

Журналісту было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). КДБ абвінаваціла Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых байцоў украінскага «Беркуту», якія пасля ўцёкаў з Украіны ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сардэчны прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня аказваўся ціск: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

Hавiны
Вырак журналісту Дзянісу Івашыну будзе агучаны 14 верасня
2022.09.12 20:18

Саша Гоман /АТ belsat.eu

Стужка навінаў