Сістэма адукацыі пасыпалася: за 7 гадоў звольнілі на 35 тысячаў чалавек больш як прынялі на працу


У адукацыі з 2016 года стала на 8 % менш адмыслоўцаў. Падзенне няспыннае – і яно паскорылася пасля 2020 года. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты Ленінскага РУУС Менску праводзяць заняткі кібербяспекі. Менск, Беларусь. 26 лістапада 2021 года.
Фота: sb.by

Праект «Кошт ураду» заўважыў істотнае падзенне колькасці занятых у беларускай сістэме адукацыі: апошні раз звольненых было менш за прынятых на працу ў 2016 годзе.

У 2017–19 гадах сістэма адукацыі траціла па 2–4 тысячы чалавек, у 2020-м – больш за 9 тысячаў (гэта звязваюць з «народнаю любоўю» за ўдзел педагогаў у фальсіфікацыі выбараў), у 2021-м – больш за 8 тысячаў, а на ліпень 2022-га ў сістэме адукацыі – мінус 10 575 працаўнікоў (недабор будзе ў выніку меншы праз размеркаванне выпускнікоў, якое адбудзецца ў жніўні – верасні). Падзенне назіраецца нават у Менску.

Дынаміка колькасці занятых у адукацыі ў Беларусі. Выява: Нашы грошы / Telegram
Дынаміка колькасці занятых у адукацыі ў Беларусі. Выява: Нашы грошы / Telegram

Аналітыкі бачаць дзве прычыны скарачэння колькасці занятых у адукацыі:

  1. нізкія заробкі (сярэдні налічаны заробак настаўніка складае 1251 рубель, што на 23 % менш за сярэдні па краіне);
  2. ператварэнне педагогаў у «новых прыгонных» праз прымусовыя наведанні канцэртаў і мітынгаў, прымусовы ўдзел у выбарчых кампаніях і дадатковую працу накшталт правярання стану дамоў вучняў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер у беларускай сістэме адукацыі занятыя каля 430 тысячаў чалавек – у гэтай сферы працуе кожны дзясяты з занятых у эканоміцы.

З пачатку 2022 года ў Беларусі дзеіць абноўлены Кодэкс аб адукацыі, але ўлады збіраюцца ладзіць і далейшыя сумнеўныя рэформы.

Аналітыка
«Калі сыдуць пенсіянеры – школы вымруць». 1 верасня ў беларускіх школах бракавала педагогаў і «ваенрукоў»
2022.09.01 22:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў