«Свет ведае, што са зняволенымі робяць у турмах». Як брытанскія палітыкі становяцца хроснымі беларускіх палітвязняў


9 ліпеня 2020 года швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя «Libereco» запусціла кампанію # WeStandBYyou, і з таго часу палітыкі еўрапейскіх парламентаў робяцца хроснымі бацькамі для беларускіх палітвязняў. У грмельцаў Мікіты Залатарова і Аляксея Раманава «хросныя» з Вялікай Брытаніі. Парламентарыі гэтай краіны падтрымліваюць ініцыятыву са студзеня 2021 года.

«Увесь свет глядзіць»

«У траўні я бачыў, што адбывалася на судзе Сцяпана Латыпава, як ён сябе траўмаваў і хацеў здзейсніць суіцыд. Я напісаў пра гэта ягонаму хроснаму, лорду Фолксу, а ён цягам некалькіх гадзінаў – прэм’ер-міністру: «Паглядзіце, што адбываецца цяпер у Беларусі! Брытанскі ўрад павінен рабіць больш», – распавядае жыхар Эдынбургу Кен МакБэйн. Ён кажа, большасць брытанцаў у курсе, што адбываецца ў Беларусі, хоць многія яшчэ год таму не ведалі аб краіне нічога наогул. Гэта значыць, яны пасля пачатку пратэстаў чулі пра гвалт, рэпрэсіі, катаванні ў турмах – іх адзіная асацыяцыя з Беларуссю. Вось такая, сумна жартуе Кен, атрымалася маркетынгавая кампанія для дзяржавы.

Кен МакБэйн падчас размовы праз «Zoom». Фота прапанаванае рэдакцыі

Кен – каардынатар праграмы хросных у Брытаніі. Да выбараў 2020 года яго не цікавіла палітыка нашай краіны. Жонка Кена – беларуска, таму сям’я пільна сачыла за сітуацыяй, выходзіла на мясцовыя акцыі падтрымання пратэстоўцаў. Мужчына даведаўся пра сувязі «Libereco» з «Вясной», прачытаў гісторыі шведскіх і нямецкіх парламентарыяў, якія ўжо «ўсынавілі або ўдачарылі» беларускіх палітвязняў, і ў снежні проста напісаў у арганізацыю – прапанаваў дапамагчы ўцягнуць брытанскіх палітыкаў. Да таго ў яго не было ніякіх кантактаў з парламентам, сёння ў праграме задзейнічаныя 16 чалавек.

Гісторыі
«Татачка, чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусцяць?» Бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова – пра зняволенне сына
2021.04.17 08:51

«Мы ўбачылі ў парламентарыяў зацікаўленасць. Многія былі добра дасведчаныя аб тым, што адбываецца ў вашай краіне, а некаторыя калісьці былі незалежнымі назіральнікамі на выбарах, таму яны разумеюць, наколькі жудасныя рэчы адбываюцца ў Беларусі», – тлумачыць Кен.

Ён увесь час шукае і збірае інфармацыю пра палітвязняў, суды, перадае яе парламентарыям. Праз «Вясну» шукае адрасы зняволеных і іхных сваякоў, сяброў, каб падтрымліваць і іх.

«На жаль, многія палітычныя зняволеныя ўжо асуджаныя, таму свежай інфармацыі пра іх мала. Але я працягваю збіраць звесткі. Кожны раз, калі адпраўляю іх хросным, выкарыстоўваю гэта як магчымасць спытаць, што яны зрабілі, папрасіць выступіць у парламенце, перадаць пытанні ад каманды Ціханоўскай (часцей яны датычаць санкцыяў або арганізацыі сустрэчы з міністрамі). – кажа Кен. – Мы зразумелі, што распавядаць канкрэтную гісторыю чалавека, ствараць гэтыя персанальныя сувязі з «дзецьмі» – добрая магчымасць дапамагчы палітыку зразумець, што агулам адбываецца ў краіне, убачыць сітуацыю больш рэальна».

Аляксей Раманаў у судзе.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Спадзяюся, гэта дапамагае ім не апускаць рук»

У чэрвені 2021 Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць некалькіх юрыдычных і фізічных асоб, а таксама «Белаэраавіяцыі» і Беларускай нафтавай кампаніі. Аднак гэтага недастаткова, як і дзеянняў з боку ЕЗ і ЗША, лічыць Кен.

«У некаторых алігархаў у Лондане ёсць актывы, мы лічым, што іх павінны замарозіць. Яшчэ ёсць кампаніі, якія працуюць з Брытаніі, але спансаруюць рэжым, і ўраду трэба зрабіць больш, каб і яны трапілі пад санкцыі. Таму мы працягваем развіваць кантакты з парламентарыямі і падштурхоўваць урад увесці больш санкцый, ціснуць на рэжым, каб паспрабаваць нешта змяніць», – кажа Кен.

Асвятленне сітуацыі, заклікі дзейнічаць больш актыўна ў парламенце – гэта адзін напрамак. Яшчэ ёсць лісты і пасылкі палітвязням. З гэтым складаней, як і з больш практычнай дапамогай. Прамая сувязь ёсць толькі з пяццю сваякамі і сябрамі затрыманых альбо асуджаных.

Кен разам з Эдам Дэйві, лідарам адной з палітычных партый у Вялікай Брытаніі і хросным Аляксея Раманава, падрыхтаваў для яго ліст. У асуджанага гомельца анкалогія, ён праходзіў абследаванне па-за калоніяй, і брытанцы не ведалі, куды адпраўляць канверт. Зараз знайшлі кантакты блізкіх Аляксея. Кен думае, што да тых палітычных, вакол якіх шмат агалоскі, у тым ліку ў якіх ёсць еўрапейскія хросныя, ставяцца лепш.

Фота 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова паказвае ягоны бацька Міхаіл Залатароў. Гомельца Мікіту затрымалі 11 жніўня – забралі з дому, калі не было бацькоў. Падлетка абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў, гвалце ў дачыненні міліцыянтаў, кіданні кактэйляў Молатава ў цэнтры Гомля 10 жніўня. Суд пакараў хлопца турмою на 5 гадоў і 1 месяц. У СІЗА на Мікіту завялі яшчэ адну крымінальную справу, абвінаваціўшы ў нападзе на ахоўнікаў. Падлетак хворы на эпілепсію. За кратамі, дзе юнак застаецца ўжо восем месяцаў, ягоны стан пагоршыўся: пачаліся частыя прыступы з сутаргамі. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Я спадзяюся, што зняволеныя ведаюць, што іх падтрымліваюць з-за мяжы, і гэта дапамагае ім не апускаць рук. А калі калонія атрымлівае афіцыйны ліст ад нашага парламенту, гэта на нешта ўплывае: людзі, якія там працуюць, ведаюць, што за зняволенымі назірае Брытанія.

Кен МакБэйн таксама звязваецца з міжнароднымі арганізацыямі, якія працуюць з правамі чалавека, і спадзяецца, што больш парламентарыяў стануць хроснымі для беларускіх палітвязняў. Цяпер ён імкнецца прыцягнуць шатландскіх палітыкаў.

У траўні Кен прачытаў інтэрв’ю з бацькам 17-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова, нядаўна ў іх атрымалася звязацца праз «Тэлеграм». Лорд Грыфітс, хросны Мікіты, напісаў яму і ягонаму бацьку ліст.

Лорд Грыфітс падчас размовы праз «Zoom». Фота прапанаванае рэдакцыі

Лорд Грыфітс – дэпутат Палаты лордаў у брытанскім парламенце, дэлегат Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Калі мы гутарым праз «Zoom», у яго за спінай стаіць ягонае сямейнае фота: адзін з сыноў якраз у тым жа ўзросце, што цяпер Мікіта.

«Я адмыслова паставіў гэтае фота: я сам бацька, і думка пра тое, што 17-гадовы хлопец павінен быць у турме з якой-небудзь прычыны, прыводзіць мяне ў жах. Я нават не магу ўявіць, што на працягу 6 гадоў ён не ўбачыць свабоды, не зможа атрымліваць асалоду ад сваёй маладосці, жыцця. Таму гэтая праграма для мяне вельмі важная. Я добра разумею бацьку Мікіты, спачуваю яму і вельмі глыбока перажываю. У Радзе Еўропы мне распавялі пра сітуацыю з гэтым маладым хлопцам і спыталі, ці мог бы я рабіць нешта. Я магу казаць пра яго, напісаць ліст, хоць не магу паехаць і наведаць. Гэта няшмат, але я без ваганняў пагадзіўся. Ніякі хлопец у 17 гадоў не павінен быць пазбаўлены волі так надоўга. Кожны дзень я думаю пра Мікіту і ягонага бацьку».

«Ёсць больш правільныя і мяккія спосабы ўзаемадзеяння з падлеткамі, бо яны ўсё яшчэ дзеці»

«Хроснаму» гомельца пастаянна перадаюць свежую інфармацыю, ён ведае, што хлопец асуджаны другі раз, што ён доўгі час сядзіць у адзіночнай камеры і пазбаўлены магчымасці дачыняцца з іншымі людзьмі, што хворы на эпілепсію і мае патрэбу ў рэгулярным прыёме лекаў, але пазбаўлены і гэтага таксама. Яшчэ Лорд Грыфітс ведае, што пра Мікіту кажуць: маўляў, агрэсіўны, далёка не ўзорны падлетак.

«Я ведаю, праз што ён праходзіць, што ягоны час зняволення павялічылі, і не разумею гэтага. Бацькі і сыны – універсальнае паняцце для ўсяго свету, і адносіны паміж імі павінны паважацца. Я не ведаю, як яшчэ пра гэта казаць, каб людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць, падумалі яшчэ раз. Пакладзіце руку на сэрца і спытайце сябе: ці правільна я раблю? Я разумею гэтыя абвінавачванні, што Мікіта агрэсіўны, але на маім фота два сыны і дачка, і ўсе яны ў падлеткавым узросце праяўлялі агрэсію з розных прычыназ: то праз футбол, то праз нязгоду з нейкай урадавай палітыкай. У маіх дзяцей былі «агнявыя» характары, таму я ведаю, што ў маладых людзей ёсць агрэсія. Але калі такая агрэсія прыраўноўваецца да злачынства супраць дзяржавы, гэта зусім іншае пытанне. І мне шкада, што падлетак, які мне здаецца нармальным, з усплёскамі эмоцый, уласцівымі ўсім у гэтым узросце, павінен несці на сабе вагу закону, вагу дзяржавы. Ягоны бацька мог бы паразмаўляць з ім сам-насам і накіраваць ягоныя эмоцыі ў правільнае рэчышча. Я нават не магу сказаць вам, колькі разоў я размаўляў са сваймі дзецьмі, калі яны выказвалі непавагу, глыбокую нянавісць. Я адводзіў іх убок, мы размаўлялі, і ўсё наладжвалася. Вось лепшы спосаб справіцца з падлеткавай энергіяй, а не такі жорсткі –проста пазбавіць волі.

Міхаіл Залатароў, Бацька 17-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Пытаем парламентарыя: як развівалася б падобная сітуацыя ў Брытаніі, калі за краты трапляе падлетак? Лорд кажа, у яго практыцы ёсць падобны прыклад.

«Падлетак здзейсніў правапарушэнне, і яго асудзілі. Але да гэтага мы змаглі знайсці яму адваката, пераканацца, што ўмовы ўтрымання добрыя. Гэты хлопец меў права на належны судовы працэс. І галоўнае: калі быў вынесены прысуд, мы змаглі пераканаць суд, што будзем падтрымліваць сям’ю, знайшлі змякчальныя акалічнасці – і прысуд быў перагледжаны, а тэрмін зменшаны. Калі хлопец трапіў у турму (ён такі ж, як Мікіта), у нейкі момант ён не змог з гэтым справіцца, адбыўся інцыдэнт, і яму дадалі тэрмін за агрэсіўныя паводзіны. Тады мы зноў змаглі выкарыстаць прававыя нормы, і мы рабілі гэта апошнія пяць гадоў. Я рады паведаміць, што ўсяго месяц таму гэты малады чалавек быў вызвалены, і дзякуючы таму, што мы падтрымлівалі яго ўвесь час, зараз можам абмяркоўваць з ім, як будаваць ягонае будучае жыццё. Так што я не магу падчас інтэрв’ю меркаваць, ці вінаваты чалавек, але я ведаю, што ёсць больш правільныя і мяккія спосабы ўзаемадзеяння з падлеткамі, бо яны ўсё яшчэ дзеці. Замест таго, каб пазбаўляць іх свабоды, калі іх чалавечая годнасць прыніжаная, сем’і ў роспачы і хаосе, а механізмы, якія павінны дапамагаць, не працуюць».

Таксама мы спыталі, ці можа ў Брытаніі чалавек з эпілепсіяй атрымаць у якасці пакарання зняволенне.

«Калі здзейснена злачынства, гэта павінна быць улічана законам, – адказвае лорд Грыфітс. – І людзі з рознай ступенню інваліднасці, захворваннямі трапляюць у турму, не выключана, што пасадзяць і з эпілепсіяй, але гэтыя зняволеныя будуць пад асаблівай увагай, у супрацоўнікаў будуць інструкцыі, як з ім абыходзіцца. І, вядома, ні адзін падлетак ніколі не будзе змешчаны ў адзіночную камеру ў брытанскіх турмах.

Для мяне вельмі важна быць хросным бацькам, асабліва такога маладога хлопца, як Мікіта. Яшчэ некалькі маіх калегаў з парламенту – хросныя некалькіх беларусаў. І мы не губляем магчымасці ўзняць гэтую тэму, расказаць, што зараз адбываецца. Мы ведаем, што наша Міністэрства замежных справаў вельмі актыўна працуе для дасягнення добрых вынікаў. Я ніколі не быў у Беларусі, магчыма, аднойчы я прыеду, але, наколькі я ведаю, гэта прыгожая краіна. Беларусы, якіх я сустракаў, – выдатныя людзі. І я не магу зразумець, як у прыгожай краіне з выдатнымі людзьмі не можа быць прыгожым жыццё. Для мяне гэта дзіўна. Так што мы стараемся як мага больш інфармаваць людзей у Брытаніі пра тое, што адбываецца, і не спынімся. І мы ўбачым, што праз нейкі час усё зменіцца».

  • У ліпені 2021 года ў Гомлі вынеслі новы прысуд у справе аб нападзе на супрацоўніка СІЗА раней асуджанаму няпоўнагадоваму палітвязню Мікіту Залатарову. У сукупнасці з тэрмінам, да якога Мікіта Залатароў быў асуджаны ў справе аб масавых беспарадках, ён правядзе 4,5 года ў выхаваўчай калоніі.
  • Аляксей Раманаў – гомельскі актывіст, чалавек з інваліднасцю 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Яго неаднаразова затрымлівалі падчас выбарчай кампаніі. Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу. 16 снежня суд Хойніцкага раёну прысудзіў яго да аднаго года ў калоніі агульнага рэжыму за «абразу прэзідэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу).

belsat.eu

Стужка навінаў