Аўтамабільны партал ABW.ВY закрываецца. Гэта звязана з затрыманнем дырэктара рэсурсу


Заснавальнікі аўтамабільнага медыяпраекту АВW.ВY 8 лістапада апублікавалі заяву аб закрыцці парталу «праз розныя абставіны».

Тытульнае фота праекту ABW на ягонай старонцы ў сацыяльных сетках. Крыніца: ABW.BY / Facebook

«Як заснавальнікі ААТ «Бонусгандаль» мы публікуем гэты допіс, бо нас «папрасілі» пракаментаваць нядаўні арышт дырэктара кампаніі», – гаворыцца ў паведамленні на сайце АВW.ВY.

Нагадаем, што дырэктар рэсурсу Віталь Палякоў быў затрыманы 28 кастрычніка. Заснавальнікі праекту тлумачаць у сваім развітальным тэксце, што Палякоў быў прыняты на працу 29 верасня 2023 года на выпрабавальны тэрмін (3 месяцы) і з акладам памерам 3600 рублёў.

На час затрымання ён не адпрацаваў у калектыве нават месяца і не атрымаў аніводнага заробку. Не паспеў таксама афіцыйна прэзентаваць сваё бачанне развіцця сайту, «што магло б паўплываць на канчатковае рашэнне аб прыняцці яго на працу па завяршэнні выпрабавальнага тэрміну».

«Наконт нашых палітычных поглядаў ці грамадзянскай пазіцыі. Мы палітычна не ангажаваныя, ні ў чым не ўдзельнічалі, нікога не фінансавалі, і згодна з выказваннем А. Р Лукашэнкі наконт таго, што ў бізнесоўца – або бізнес, або палітыка, заўжды выбіралі бізнес», – гаворыцца ў апублікаваным тэксце.

«Сёння, праз розныя абставіны, мы падышлі да таго моманту, калі гатовыя спыніць працу сайту ABW.BY. Гэта можна было зрабіць і раней. З пачаткам пандэміі і наступнымі эканамічнымі санкцыямі прадпрыемства стала стратным, бо прыбытковасць аўтамабільных парталаў звязаная з агульным становішчам на аўтарынку краіны. Мы 3 гады спрабавалі паправіць сітуацыю да лепшага, у тым ліку наймаючы добрых праграмістаў, змяняючы дырэктараў», – пішуць заснавальнікі парталу.

Праваабаронцы нагадваюць, што яшчэ да арышту Віталя Палякова ў чэрвені 2022 года была затрыманая галоўная рэдактарка выдання Юлія Мудрэўская (вырак: паўтара года калоніі) і рэдактар спецпраектаў Юрый Гладчук (два з паловай года калоніі). Яны былі прызнаныя палітзняволенымі.

Гісторыя праекту пачалася ў 1993 годзе з адкрыцця газеты «Автобизнес». Сайт Abw.by з’явіўся ў 2006 годзе, «з часам вырас у самастойны і паспяховы праект». «Сёння abw.by – гэта IT-кампанія з 30 аднадумцаў, закаханых у аўтамабілі», – так прэзентуе сябе калектыў праекту.

Гісторыі
Дзень нараджэння за кратамі: журналісту Яўгену Меркісу – 37 гадоў
2023.11.08 15:47

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў