Цягам 1,5 гадоў, са студзеня 2022 года па канец чэрвеня 2023 года 11 716 беларусаў сталі ў Польшчы індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Такая статыстыка прыводзіцца ў аглядзе Польскага эканамічнага інстытуту.
Такая колькасць ІП – гэта амаль чвэрць – 24% ад усіх ІП, зарэгістраваных у Польшчы замежнікамі.
Сярод прычынаў, якія падштурхоўваюць беларусаў распачынаць гаспадарчую дзейнасць у Польшчы, у аглядзе прыводзяцца рэпрэсіўная палітыка ў Беларусі і звязаныя з ёй праблемы ў ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці, перспектывы закрыцця польска-беларускай мяжы. Усё гэта справакавала рост цікавасці беларусаў да пошуку магчымасцяў працы за мяжой ці супрацоўніцтва з польскімі фірмамі, зазначаюць аналітыкі Польскага эканамічнага інстытуту.
Найбольш ІП беларусы зарэгістравалі ў першай палове 2022 года. У сярэднім, штомесяц адкрываецца каля 740 ІП.
Найбольш індывідуальных прадпрымальнікаў-беларусаў працуюць у Польшчы ў галіне інфармацыі і сувязі – 66% ад зарэгістраваных ІП. 11% прадпрымальнікаў займаюцца навуковай ці тэхнічнай дзейнасцю, 5% – працуюць у будаўніцтве.
«Галіновая структура беларускіх ІП можа дапамагчы кампенсаваць дэфіцыт супрацоўнікаў у Польшчы, асабліва тых, хто валодае высокімі ІТ-кампетэнцыямі. У гэтай сітуацыі важна скарыстацца магчымасцю, каб беларускія кампаніі, які ўзнікаюць у Польшчы, сталі фактарам, які паспрыяе паскарэнню лічбавізацыі польскіх кампаніяў», – адзначаецца ў аглядзе.
У той жа час у Беларусі колькасць прадпрымальнікаў змяншаецца. На пачатак 2023 года ІП у нашай краіне было зарэгістравана 251,1 тысяча – на 4,2% менш, чым у 2022 годзе. У Менску ІП не рэгіструюць з 2021 года «з тэхнічных прычынаў». З 2022 года ўводзяцца змены ў падаткаабкладанне, «якія наўрад ці можна назваць пазітыўнымі». Гэтак, спачатку была падвышаная стаўка, а затым і зусім адмененая спрошчаная сістэмы падаткаабкладання. У разы выраслі стаўкі адзінага падатку для ІП, а віды дзейнасці, якія яго могуць ужываць, – абмежаваныя.
Марыя Міхалевіч belsat.eu