Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны


Раніцай 24 лютага Расея распачала маштабнае ўварванне ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Belsat.eu падсумоўвае вынікі першых 10 дзён вялікай вайны.

Абстаноўка пасля чарговага бамбавання ў Харкаве, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Стаўка на бліцкрыг

У ноч на 24 лютага быў апублікаваны зварот прэзідэнта РФ Уладзімір Пуцін, дзе абвесціў пра пачатак «спецаперацыі па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны» Прыкладна а 5-й раніцы пачалося бамбаванне Кіева і іншых украінскіх гарадоў, удары па аэрадромах, сілах СПА і вайсковай інфраструктуры.

Крэмль рабіў стаўку на бліцкрыг – хуткую ваенную перамогу цягам некалькіх дзён. Расея планавала цалкам разграміць Узброеныя сілы і вайсковую інфраструктуру, захапіць Кіеў і большасць тэрыторыі Украіны, зрынуць Уладзіміра Зяленскага. Пасля гэтага ва Украіне мусіў быць створаны прарасейскі марыянетачны ўрад. Пра такі сцэнар яшчэ да пачатку вайны папярэджвалі заходнія спецслужбы.

Мяркуючы па ўсім, Уладзімір Пуцін разлічваў, што Украіна падзе не проста хутка, але і малой крывёю. У поўнай адпаведнасці з уласнымі прапагандысцкімі наратывамі Крамлі верылі, што ўкраінскія сілавікі не акажа сур’ёзнага супраціву, а большасць насельніцтва будзе або адкрыта вітаць расейскую армію або прынамсі ставіцца да падзеяў абыякава. Фактычна быў разлік на паўтор сцэнара анексіі Крыма толькі ў маштабах усёй краіны. У тым ліку праз гэта расейскае кіраўніцтва настойвала на тым, каб называць уварванне «спецаперацыяй» – яны разлічвалі на лакальную ваенную кампанію, а не поўнамаштабную вайну.

Пра тое, што ў Крамлі сапраўды былі абсалютна перакананыя ў паспеху бліцкрыгу, сведчыць калонка на сайце галоўнага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости», якая памылкова была апублікаваная раніцай 26 лютага пад загалоўкам «Наступленне Расеі і новага свету». У калонцы ішла размова пра тое, што Расея пераадолела «катастрофу» 1991 года і цяпер збірае рускі народ разам, а «Украіны як анты-Расеі больш не будзе». «Украіна вярнулася да Расеі. Гэта не значыць, што будзе ліквідаваная яе дзяржаўнасць, але яна будзе пераўладкаваная, перазаснаваная і вернутая ў свой натуральны стан часткі рускага свету», – адзначаў аўтар. Імаверна, тэкст рыхтаваўся загадзя і ягоная публікацыя была запланаваная на 26 лютага менавіта з разліку на тое, што Кіеў будзе захоплены цягам 1-2 дзён.

Адзін з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Кіева прымае добраахвотнікаў. На здымку – прыгатаванні кактэйлю Молатава, Кіеў, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Трэба прызнаць, што на Захадзе таксама не верылі ў здольнасць Украіны супраціўляцца расейскай агрэсіі. Старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі падчас брыфінгу ў амерыканскім Кангрэсе ў пачатку лютага прагназаваў, што Кіеў падзе цягам 72 гадзінаў пасля пачатку вайны. Некаторыя амерыканскія чыноўнікі давалі ўкраінскай сталіцы максімум 96 гадзінаў. Эвакуацыя заходніх амбасадаў яшчэ да пачатку вайны – гэта якраз сведчанне таго, што на Захадзе сумняваліся ў здольнасць Украіны адбіць расейскі наступ.

Правал бліцкрыгу

Але ўжо ў першы дзень поспех расейскага бліцкрыгу стаў выклікаць сумневы. Расея сутыкнулася з упартым супрацівам украінцаў, разбіць наземную групоўку і знішчыць сілы супрацьпаветранай абароны не атрымалася. Ніякіх прыкметаў панікі і падзення баявога духу заўважана не было. Наадварот поўнамаштабнае ўварванне выклікала ва ўкраінскім грамадстве вялікі патрыятычны пад’ём. Людзі масава сталі далучацца да тэрытарыяльнай абароны, у краіне была абвешчана ўсеагульная мабілізацыя.

Расея арганізавала наступ на Украіну па ўсіх напрамках: з тэрыторыі Беларусі, з падкантрольных «ЛДНР» тэрыторыяў Данбасу, з анексаванага паўвостраву Крым, а таксама непасрэдна з расейскай тэрыторыі. Аднак на ўсіх стратэгічных напрамках атакі былі адбітыя, прарвацца ўглыб Украіны не атрымалася. Кіеў і буйныя абласныя цэнтры захоплены не былі.

Да канца лютага стала зразумела, што першапачатковае расейскае наступленне выдыхлася, бліцкрыг цалкам правалены. На асобных участках украінцы нават паспяхова контратакавалі.

«Русский солдат, иди нах*й» – надпіс на білбордзе ў цэнтры Кіева, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Расея пры гэтым ужо панесла значныя страты. Паводле Генштабу Узброеных сілаў Украіны, на дзясяты дзень уварвання расейская армія страціла ўжо каля 10 тысяч чалавек. Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў мяркуе, што такія ацэнкі цалкам рэальны.

Аналітыка
Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?
2022.03.04 19:38

Паводле афіцыйных дадзеных Мінабароны РФ праз шэсць дзён вайны загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў Узброеных сілаў і 1597 атрымалі раненні. Гэтыя звесткі не ўлічваюць страты ў Росгвардыі і ў групоўках «ЛДНР», і ў цэлым выглядаюць моцна заніжанымі.

Пераход да масіраваных удараў

Па стане на 10-ы дзень вайны найбольшых поспехаў расейская армія дабілася на поўдні: значная частка Херсонскай вобласці апынулася пад іх кантролем. Херсон – гэта пакуль што адзіны абласны цэнтр, дзе арміі ўварвання ўдалося замацавацца. На поўдні расейская армія таксама ўвайшла ў Запарожскую і Мікалаеўскую вобласці, захапіла Мелітопаль і Энергадар. Пры дапамозе групоўкі, якая наступала з Крыма, удалося ўзяць у аблогу Марыупаль. Аднак гэтыя лакальныя поспехі стратэгічнай перавагі Расеі не далі.

Расея працягвае спробы атачыць Кіеў, Харкаў і Чарнігаў, а таксама выйсці да адміністратыўных межаў Луганскай і Данецкай вобласцей, але пакуль беспаспяхова.

Пры гэтым паступова стала змяняцца тактыка арміі ўварвання. Калі ў першыя дні расейскія вайскоўцы стараліся наносіць пераважна кропкавыя ракетныя, авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары, то пасля правалу бліцкрыгу сталі пераходзіць да больш масіраванага бамбавання з выкарыстаннем някропкавай зброі. Разбуральныя ўдары наносяцца не толькі па вайсковых, але і па цывільных аб’ектах і інфраструктуры.

Напрыклад, у Харкаве расейская армія абстрэльвала жылыя кварталы з выкарыстаннем ракетных сістэмаў «Град», у Чарнігаве пад ракетныя і авіяўдары трапілі жылыя дамы і школы. Марыупаль у выніку пастаянных абстрэлаў і аблогі знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы.

Украінскія салдаты дапамагаюць беглай сям’і перапраўляцца праз раку Ірпінь на ўскраіне Кіева, Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Emilio Morenatti / AP Photo

Ёсць таксама звесткі пра выкарыстанне вакуумных і касетных бомбаў, забароненых міжнародным правам.

Усё гэта прывяло да павелічэння стратаў сярод цывільнага насельніцтва. 2 сакавіка Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыяў Украіны паведаміла, што з пачатку ўварвання загінулі больш за 2000 мірных жыхароў.

Тэндэнцыя да масіраванага бамбавання гарадоў і больш маштабнага выкарыстання цяжкога ўзбраення, хутчэй за ўсё, узмацніцца, бо гэта фактычна адзіная магчымасць Расеі прарваць украінскую абарону і захапіць буйныя населеныя пункты. Такая тактыка непазбежна будзе весці да масавых стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 4 сакавіка заявіў, што ў бліжэйшыя дні варта чакаць пагаршэння сітуацыі, вялікай колькасці смерцяў і разбурэнняў.

Паралельна паміж дэлегацыямі Украіны і Расеі ідуць перамовы аб урэгуляванні сітуацыі. На тэрыторыі Беларусі ўжо адбылося два раўнду перамоваў і чакаецца трэці. Але прарыву гэтыя перамовы не прыносяць. У Крамлі працягваюць настойваюць на выкананні сваіх умоваў: «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі» Украіны, яе нейтральны статус, прызнанне далучэння Крыму да Расеі і незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Афіцыйны Кіеў у сваю чаргу настойвае на вывадзе расейскіх войск з украінскай тэрыторыі і спыненні агню.

Санкцыйны ўдар і дапамога зброяй

Захад рыхтаваў санкцыі ўжо некалькі месяцаў, таму рэакцыя на вайну была вельмі аператыўная – першыя пакеты абмежаванняў былі ўхваленыя ўжо 24 лютага.

Пад санкцыі ЗША і ЕЗ трапілі 70-80% банкаўскага сектара РФ (гэтыя банкі таксама адключаць ад SWIFT), для расейскіх кампаніяў уведзены жорсткія абмежаванні па доступе да фінансавых рынкаў. Еўропа і ЗША забаранілі Расеі доступ у сваю паветраную прастору, забароненыя пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі, продаж расейцам самалётаў і запчастак да іх. Захад дамовіўся пра замарозку актываў Цэнтрабанку Расеі, які большасць сваіх валютных рэзерваў захоўваў у заходніх краінах, – паводле экспертаў, гэта можа справакаваць фінансавы хаос у Расеі. Нямеччына прыпыніла працэс сертыфікацыі важнага для Крамля праекту «Паўночная плынь 2». Уведзены персанальныя санкцыі супраць Уладзіміра Пуціна і ягонага атачэння, маёмасць расейскіх алігархаў на Захадзе пачалі арыштоўваць.

Па ўсёй Расеі прайшлі акцыі супраць вайны ва Украіне. Антываенныя пратэсты ў расейскіх гарадах пачаліся адразу пасля ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага. З самага пачатку яны душыліся ўладай. У нядзелю, 26 лютага, на акцыях было затрымана 2405 чалавек у 49 гарадах па ўсёй краіне. Больш за ўсё было ў Маскве і Санкт-Пецярбургу – 1158 і 830 чалавек адпаведна. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Заходнія санкцыі ўжо справакавалі абвал фондавага рынку і паскораную дэвальвацыю рубля.

Акрамя санкцыяў на ўзроўні дзяржавы Расея сутыкнулася з байкотам з боку буйных сусветных кампаніяў і брэндаў, забарону на ўдзел у міжнародных спартовых мерапрыемствах. Краіна пазбавілася ў тым ліку заходняга кіно і музыкі.

Санкцыі ЗША, ЕЗ і Брытаніі сапраўды можна лічыць беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі. Адначасова заходнія краіны пачалі дапамагаць Украіне зброяй і вайсковай тэхнікай. Розныя дзяржавы накіроўваць ва Украіну боепрыпасы, кулямёты, мінамёты, пераносныя зенітна-ракетныя комплексы, гранатамёты, гарматы і нават баявыя самалёты.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

Такім чынам, са стратэгічнага пункту гледжання час працуе на Украіну. Цяпер з кожным днём санкцыйны ціск і вайсковая дапамога Украіне будзе павялічвацца, а эканамічная моц Расеі слабець. Аднак Захад адназначна даў зразумець, што ўцягвацца ў вайну не збіраецца. Гаворкі няма не толькі пра накіраванне вайскоўцаў NATO ва Украіну, але і пра стварэнне безпалётнай зоны, на чым настойвае Офіс Зяленскага.

«Хто гатовы ваяваць разам з намі? Сапраўды, не бачу такіх. Хто гатовы даць Украіне гарантыю ўступлення ў NATO? Шчыра, усе баяцца», – канстатаваў Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу напрыканцы першага дня ўварвання.

Крэмль тым часам, каб стрымаць ЗША і NATO ад больш актыўнай дапамогі Украіне, працягвае ядравы шантаж. 27 лютага Уладзімір Пуцін аддаў загад прывесці расейскія сілы стрымлівання (куды ўваходзіць ядравая зброя) ў асаблівы рэжым баявога дзяжурства праз «агрэсіўныя выказванні на Захадзе» і ўведзеныя санкцыі.

Аналітыка
Беспалётнай зоны над Украінай пакуль не будзе. Што гэта значыць і чаму гэта вельмі важна
2022.03.04 17:33

Роля Беларусі

Мапа баявых дзеянняў сведчыць аб надзвычайнай важнасці менавіта беларускага плацдарма. З тэрыторыі Беларусі Расея цяпер непасрэдна пагражае Кіеву, па ўсіх астатніх кірунках рух расейскіх войскаў застопарыўся ўдалечыні ад украінскай сталіцы.

З тэрыторыі Беларусі не толькі разгортваецца наземнае ўварванне ва Украіну, але таксама наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, а ў лякарні Гомельскай вобласці адпраўляюць на лячэнне параненых расейскіх жаўнераў. Захад адназначна расцэньвае такія дзеянні беларускага боку як саўдзел у расейскай агрэсіі. Праз гэта рэжым Лукашэнкі ўжо трапіў пад новую хвалю санкцыяў і абмежаванняў.

Чацвёрты дзень людзі па ўсім свеце пратэстуюць супраць вайны і заклікаюць Расею спыніць баявыя дзеянні ва Украіне. Акцыя пратэсту адбылася і ў Вільні, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Вайсковыя аб’екты ў Беларусі, якія выкарыстоўвае расейская армія для нападу на Украіну, цяпер з’яўляюцца легітымнай ваеннай цэллю. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў 1 сакавіка дапусціў, што пры неабходнасці па тэрыторыі Беларусі можа быць нанесены ўдар. Аднак пакуль Кіеў на гэта не пайшоў, каб не павялічваць рызыку ўцягвання беларускай арміі ў вайну.

У першы дзень расейскага ўварвання, 24 лютага, Лукашэнка прызнаў, што беларускіх жаўнераў могуць накіраваць ва Украіну, «калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі». У апошнія дні лютага – пачатку сакавіка пачалі пашырацца чуткі, што гэтае рашэнне будзе вось-вось прынятае, у сеціве нават называлі меркаваную дату ўварвання. Украінскі Генштаб таксама сігналізаваў пра сцягванне беларускіх войскаў да мяжы.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра магчымы контрудар Украіны па тэрыторыі Беларусі
2022.03.02 15:56

Але пакуль беларускага ўварвання так і не адбылося. А 4 сакавіка пасля працяглай тэлефоннай размовы з Пуціным Лукашэнка заявіў, што «беларускае войска ў спецаперацыі ніякага ўдзелу не прымала і прымаць не мае намеру». Цяпер агаворкі пра тое, што беларускіх жаўнераў накіруюць ва Украіну, «калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі», Лукашэнка ўжо не дапусціў.

Увечары 4 сакавіка дарадца Офісу прэзідэнта Міхаіл Падаляк выказаў упэўненасць, што прынамсі пакуль няма пагрозы наўпроставага ўварвання беларускай арміі ва Украіну.

РР belsat.eu

Стужка навінаў