«Беларускі Гаюн»: Самалёт ДРЛА А-50У ўзляцеў з Мачулішчаў і паляцеў у Расею


Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляе пра ўзлёт расейскага вайсковага самалёта ДРЛА А-50У, пра атаку на які 26 лютага паведамляў «BYPOL».

Самалёт-лакатар А-50У.
Фота: Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя

«Аэрадром Мачулішчы. Узлёт ДРЛА А-50У ПКС РФ (RF-50608)», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле «Беларускага Гаюна», самалёт ужо праляцеў мяжу Беларусі з Расеяй. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, ён накіроўваецца на 325-ы авіяцыйны рамонтны завод у Таганрозе. Менавіта ААТ «325-ы АРЗ» займаецца рамонтам агрэгатаў самалётаў А-50.

26 лютага «BYPOL» абвясціў, што на аэрадроме ў Мачулішчах падарвалі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, які «дакладна ўжо нікуды не паляціць»: «Пашкоджаныя пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, авіёніка і радыёлакацыйная антэна». Паведамлялася, што гэтую інфармацыю перадалі ўдзельнікі плану «Перамога» і адзначалася: «Беларускія партызаны паслядоўныя ў выгнанні фашыстаў са сваёй зямлі».

Дыверсію выканалі беларускія партызаны, удзельнікі плану «Перамога», для атакі яны выкарыстоўвалі дроны з выбуховаю прыладаю. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў распавёў «Белсату», што датычныя да аперацыі ў бяспецы за межамі Беларусі.

Факт нападу пацвярджалі і расейскія Telegram-каналы. Адзначым, што пасля выбухаў у Мачулішчах па ўсёй краіне ўзмацніліся правяранні асобаў, якія накіроўваюцца з Беларусі. Гэта датычыць як заходніх межаў, так і мяжы з Расеяй.

Аднак афіцыйна ўлады Беларусі ніяк не каментавалі інфармацыі наконт дыверсіі расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам. Толькі 1 сакавіка яны паказалі відэа самалёта.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў