Швейцарыя плануе накіраваць у Менск новага амбасадара ў лютым гэтага года, паведамляе DW са спасылкай на Федэральны дэпартамент замежных справаў Швейцарыі.
Пасол уручыць даверчыя граматы і прыступіць да дыпламатычнай працы. Раней улады Швейцарыі заявілі, што ўручэнне даверчых грамат уладам Беларусі не лічыцца актам прызнання легітымнасці Лукашэнкі.
Таксама пасля прыбыцця ў Беларусь новы пасол наведае грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якую ў снежні 2020-га асудзілі на два з паловай гады калоніі за сарваную з амапаўца балаклаву.
Папярэдні пасол Швейцарыі ў Беларусі пайшоў у адстаўку восенню 2021 года. Цяперашні пасол Хрыстына Хонэгер-Залатухін была прызначаная ў лістападзе мінулага года, але да гэтага часу не прыступіла да працы і знаходзілася ў Швейцарыі.
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года многія краіны адмовіліся накіроўваць у Беларусь сваіх паслоў і ўручаць Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы, такім чынам не прызнаючы яго легітымнасць.
АД belsat.eu