Невядомы ўчыніў бойку з абаронцамі Курапатаў, нападнік можа быць вандалам, які знішчыў лаву Клінтана


Удзельнікі Курапацкай варты ўвечары ў сераду сутыкнуліся з чарговай правакацыяй каля рэстарацыі «Поедем, поедим». Варту неслі актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Невядомы накінуўся з кулакамі на актывістаў.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец прысутнічаў на месцы здарэння.

«Прыкладна а 18:40 да нас пад’ехаў нейкі чалавек на шэрай «маздзе». На выгляд – 50-60 гадоў. Ён прыпыніўся непадалёку ад абаронцаў. Я падышоў да яго, працягнуў яму ўлётку. Але ў гэты момант ён рэзка газануў і збіў Юрася Палейку. Хлопец проста апынуўся на капоце. Я пачаў біць далонню ў шкло аўто. Тады гэты чалавек выскачыў з машыны, спрабаваў ударыць мяне ў твар. Але ў мяне рукі даўжэйшыя, таму яму гэта не ўдалося. Ён тады кінуўся на Юрася, ударыў яго, разбіў нос. А потым ізноў накінуўся на мяне, плюнуў мне ў твар з крыкам, што тут забівалі жыдоў, і вас страляць трэба», – распавёў «Белсату» Павал Севярынец.

Пры гэтым, паводле словаў Севярынца, зʼявіліся тры міліцыянты, якія пачалі здымаць усё на камеру. Прычым яны не ўмешваліся аніякім чынам у тое, што адбывалася. Нападнік у гэты момант сеў у аўто і зʼехаў.

«Мы потым узгадалі гэтага нападніка. Ён на мінулым тыдні чыніў правакацыю. І тут мы маем падазрэнні, што гэта той самы чалавек, якога спалохаў Пётр Рабушка 19 снежня, калі была спроба разбіць лаву Клінтана. Мы маем відэа. Прааналізуем яго і пакажам Рабушку. Калі гэта тая ж самая асоба, то мы маем падазраванага ў знішчэнні лавы Клінтана 1 лютага», – дадае Павал Севярынец.

Варта ў Курапатах спыніла вандала, які з сякерай накінуўся на актывістаў

Палітык абяцае, што неўзабаве будуць сабраныя ўсе звесткі і абаронцы Курапатаў агучаць, ці сапраўды іх падазрэнні абгрунтаваныя.

Амбасада ЗША у Менску выступіла з асуджэннем акту вандалізму ў Курапатах

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары