«Не занятыя ў эканоміцы». Як пазбавіцца статусу дармаеда


Гомельская дармаедская камісія палічыла цяжкаю жыццёвую сітуацыю з Марыяй Тарасенкай, якая судзіцца за права звацца занятай у эканоміцы. Хатнюю гаспадыню з Гомля вызвалілі да канца года ад павышанай аплаты камунальных паслуг. Але жанчына спыняцца не збіраецца і хоча дамагчыся, каб прэзідэнцкі Дэкрэт № 1 не дзеяў адносна яе. Гісторыя Марыі Тарасенкі можа стацца дарожнаю мапаю для тых, хто таксама не згодны лічыць сябе дармаедам.

16,5 тыс. менчукоў атрымалі «дармаедскія» жыроўкі

4 красавіка Марыя Тарасенка атрымала афіцыйны ліст за подпісам намесніцы старшыні пастаянна дзейнай камісіі ў каардынацыі работы ў спрыянні занятасці насельніцтва пры адміністрацыі Чыгуначнага раёнe Гомля Надзеі Куніцкай. У ім чыноўніца паведаміла, што Марыя належыць да працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, якія знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі. З гэтай нагоды, паводле сцвярджэнняў Куніцкай, Марыя Тарасенка вызваляецца ад аплаты паслуг з кампенсацыяй выдаткаў на гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне на перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года.

Фота Гомельская Вясна

Пра тое, што яна цяпер не такая ж грамадзянка, як тыя, хто ходзіць штодня на працу па найму, Марыя Тарасенка даведалася ў студзені, акурат у свой дзень народзінаў. Тады ёй патэлефанавала майстарка ЖЭУ і паведаміла, што яе ўнеслі ў спіс «не занятых у эканоміцы». Марыя звярнулася ў адпаведную «дармаедскую» камісію з патрабаваннем выключыць яе з таго спісу. Камісія адмовілася гэта рабіць.

Сама Тарасенка лічыць сябе занятай у эканоміцы. Яна купляе тавары, спажывае паслугі, сплачвае пры гэтым цэлы шэраг ускосных падаткаў, аплочвае зямельны падатак, калі плоціць за жыллё, дадаючы свой унёсак у грашовыя плыні ў дзяржаве.

Што чакае Марыю Тарасенка, якая пазвала дзяржаву за тое, што трапіла ў спісы «дармаедаў»?

У лютым Марыя паспрабавала адстаяць сваё права на недыскрымінацыю паводле дачынення да рэалізацыі права на працу праз суд. Але суд Чыгуначнага раёну Гомля адмовіў ёй у судовай абароне, сцвердзіўшы, што справы, якія тычацца выканання дэкрэту прэзідэнта, суд не разглядае.

У сакавіку Марыя Тарасенка пры падтрымцы юрыстаў незалежнага прафсаюзу РЭП падала ў суд Чыгуначнага раёну пазоў аб спагнанні маральнай шкоды за пакуты, якія яна цярпіць у сувязі з тым, што яе лічаць «не занятай у эканоміцы». Паводле сцвярджэння прававога інспектара прафсаюзу РЭП Леаніда Судаленкі, які дапамагае Марыі бараніць свае правы, гэта рабілася для таго, каб, усё ж, «выцягнуць» камісію ў суд. Тады суд першай інстанцыі адмовіў Марыі ў задавальненні яе пазову.

Марыя Тарасенка і праваабаронца Леанід Судаленка ў судзе. Фота Гомельская Вясна

Праз некалькі дзён Марыя Тарасенка атрымала квітанцыю за камунальныя паслугі, дзе кошт гарачай вады для яе быў вышэйшы ў 5,5 разоў за той, які дзяржава выстаўляе не ўнесеным у спісы «не занятых у эканоміцы».

У той жа час, Марыя Тарасенка абскардзіла адмову суда Чыгуначнага раёну разглядаць пазоў аб выключэнні яе з базы дадзеных «не занятых у эканоміцы» у Гомельскім абласным судзе. Ён на сваім першым пасяджэнні не здолеў разабрацца ў юрыдычных асаблівасцях беларускай сістэмы судаводства і мяркуе працягнуць разгляд на пасяджэнні, прызначаным на 11 красавіка.

Дармаеды будуць аплочваць поўныя жыроўкі з сакавіка, а не з лютага

У «дармаедскую» камісію Чыгуначнага раёну Марыя прадставіла дакументы, якія пацвярджаюць яе ўдзел у эканоміцы, а таксама медычныя даведкі пра свае дыягназы і перанесеную аперацыю. Што канкрэтна камісія палічыла цяжкой жыццёвай сітуацыяй чыноўнікі не патлумачылі.

«Са спісаў «не занятых у эканоміцы» мяне так і не выключылі і ад падвышанай аплаты камуналкі вызвалілі толькі да канца года, а значыць, у наступным годзе сітуацыя можа паўтарыцца. Таму спыняць сваё змаганне я не збіраюся і буду дамагацца выключэння мяне з базы дадзеных «не занятых у эканоміцы», – паведаміла Марыя Тарасенка.

Яна заклікае аб’ядноўвацца ўсіх, каго ўлады палічылі горшымі грамадзянамі за іншых ды ўнеслі ў базу дадзеных «не занятых у эканоміцы», і разам змагацца супраць ганебнага дэкрэту. Леанід Судаленка паведаміў belsat.eu, што разам з Марыяй Тарасенка, якая наважылася абараняць сябе прававымі спосабамі, распачатая стратэгічная цяжба па адмене дэкрэту. Мяркуецца стварыць грамадскае аб’яднанне, папярэдняя назва якога «Не занятыя ў эканоміцы». Мэты – як непасрэдная абарона канкрэтных людзей, так і поўная адмена дыскрымінацыйнага дэкрэту.

Каб заклікаць тых, каго ўлады палічылі «не занятымі ў эканоміцы», да аб’яднання і паведаміць пра метады абароны сваіх правоў у найбліжэйшы час мяркуецца правесці ва ўсіх райцэнтрах Гомельшчыны мірныя сходы грамадзянаў у выглядзе пікетаў або шэсцяў.

«Улада заявіла, што ў краіне налічылі амаль 500 тысяч «дармаедаў». Але дзе яны? У Гомлі дзяржаўная прэса паведамляе, што ў камісію звярнуліся 15 чалавек. І ўсіх іх вызвалілі ад падвышанай аплаты камунальных плацяжоў. Атрымліваецца, што гэты дэкрэт – проста для запужвання людзей» – гаворыць Леанід Судаленка.

Праваабаронца кажа, што звароты да суддзяў, мясцовых чыноўнікаў, дэпутатаў парламенту, якія могуць ініцыяваць праверку канстытуцыйнасці дэкрэту прэзідэнта, пакуль не даюць плёну. Улады паказваюць, што адзіны магчымы варыянт, які спрацаваў з першай рэдакцыяй гэтага ж дэкрэту ў 2017 годзе, – патрабаваць сваіх правоў голасна і супольна.

Андрусь Гаёвы, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары