У Беларусі з канца студзеня няўхільна расце курс амерыканскай валюты да беларускай. Карэспандэнты belsat.eu разбіраліся ў прычынах.
Курс долара на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы расце з 26 студзеня. Не сталі выключэннем і таргі 13 лютага. За гэты час долар падаражэў з 2,113 рубля да 2,2001, або больш, чым на 4 %. Пры гэтым ужо былі пабітыя максімумы мінулага года.
Разам з тым фінансавы аналітык Аляксандр Муха ў каментары «Белсату» заявіў, што не бачыць нічога катастрафічнага ў гэтай сітуацыі. Паводле яго, абясцэньванне беларускага рубля не трэба «пераацэньваць і залішне драматызаваць».
На думку суразмоўцы, прычынай росту асноўных замежных валютаў можа быць рост попыту на іх на беларускім рынку. Але, адзначыў ён, упэўніцца ў гэтым можна будзе толькі ў сакавіку, пабачыўшы статыстыку па выніках лютага 2020 года.
«Як бы там ні было, золатавалютныя рэзервы ў Беларусі знаходзяцца каля сваіх гістарычных рэкордаў. Хай у студзені і адбылося скарачэнне. Тым не менш, золатавалютныя рэзервы вышэй за псіхалагічна значную адзнаку ў $ 9 млрд. Цэнтральны банк мае магчымасці, каб згладзіць лакальныя хістанні беларускага рубля», – заявіў Аляксандр Муха.
Разам з тым ён не выключаў, што цягам года Нацбанк будзе імкнуцца да больш гнуткага курсаўтварэння, што прадугледжваюць большыя хістанні беларускага рубля да курсаў асноўных замежных валютаў – як у адзін, гэтак і ў другі бок.
Эксперт адзначыў, што ў 2019 годзе беларускія прадпрыемствы і грамадзяне больш прадавалі валюты, чым куплялі. Таму ў Нацбанку былі дастаткова шырокія магчымасці набываць валюту.
Але ў студзені 2020 года сітуацыя змянілася. І прадпрыемствы, і грамадзяне Беларусі набылі выступілі чыстымі пакупнікамі валюты. Гэтак, суб’екты гаспадарання купілі валюты больш, чым прадалі на $ 24 млн, а грамадзяне (з улікам безнаяўных аперацыяў) – амаль на $ 45 млн.
«Насельніцтва выступіла чыстым пакупніком замежнай валюты. І ўнесла сваю негатыўную лепту ў зніжэнне абменнага курсу беларускага рубля да асноўных замежных валютаў», – заявіў аналітык.
На думку суразмоўцы, прычына гэтага ў тым ліку ў працягу росту заробкаў беларускіх работнікаў у доларавым эквіваленце. Але на фоне напружаных перамоваў нафтагазавых перамоваў паміж Беларуссю ды Расеяй разлічваць на істотнае павышэнне грашовых даходаў беларусаў у доларавым эквіваленце не даводзіцца, заявіў Аляксандр Муха. Паводле яго, сёлета рост заробкаў у доларах запаволіцца, таму і ціск на беларускі рубель з боку заробкаў знізіцца.
Пры гэтым эксперт не выключае, што зніжэнне курсу рубля можна таксама разглядаць як інструмент падтрымання цэнавай канкурэнтаздольнасці ды фінансавага становішча беларускіх экспарцёраў. У тым ліку нафтаперапрацоўчых заводаў.
Фінансавы аналітык нагадаў, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты прадугледжвае пэўнае пераразмеркаванне даходаў ад насельніцтва ды імпарцёраў да экспарцёраў.
МГ belsat.eu