Не толькі паэты: 5 кароткіх гісторыяў рэпрэсаваных


Ноч расстраляных паэтаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. стала ключавым момантам нацыянальнай памяці пра сталінскія рэпрэсіі. Але ці расстралялі адно паэтаў? І ці толькі расстралялі? І ці толькі ў 37-м?

Прапануем пяць кароткіх гісторыяў людзей, які трапілі ў камуністычныя жорны, лёсы якія звязаныя з Беларуссю. Вы можаце ўбачыць, што гэта былі людзі, якія любілі СССР, ненавідзелі або былі да яго абыякавымі. Людзі, якія трымаліся розных рэлігійных перакананняў або не трымаліся ў прынцыпе. Людзі, звязаныя з вайсковай справай або не звязаныя наагул. Людзі, датычныя да нашага нацыянальнага руху або не. Людзі якія загінулі або ўсё ж выжылі. Людзі. І гэта, мабыць, галоўнае.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. «Белсат» правёў стрым

1. Антон Мікітчук (1889-1962). Адвакат

Арыштаваны першы раз у 1940 годзе, збег у 1941-м з прыходам немцаў. Паўторна арыштаваны ў 1945 годзе, асуджаны да 10 год лагераў.

Антон Мікітчук

Нарадзіўся ў мястэчку Янаў на Кобрыншчыне. Бацькі – сяляне. Пасля гімназіі з 1910 па 1916 гады вучыўся ў юрыдычным ліцэі ў Яраслаўлі. Цікава, што ў той жа час там вучыўся і Максім Багдановіч. Невядома, ці сябравалі Мікітчук з Багдановічам, але ж вельмі верагодна: абодва былі выхадцамі з Гарадзенскай губерні, а зямляцтва было важным фактарам. Удзельнічаў у I Сусветнай вайне ды атрымаў Ордэн св. Станіслава 3-й ступені. Працаваў у судовай сістэме УНР на Валыні падчас Грамадзянскай вайны.

У міжваенны час быў адвакатам у родным Янаве. Пасля 1939-га перакваліфікаваўся ў настаўнікі, быў арыштаваны і чакаў дэпартацыі, але перашкодзіў наступ немцаў. Паўторна арыштаваны ў чэрвені 1945-га году. Свае 10 год адбываў у «Дуброўлагу» у Мардовіі. Па вяртанні ў Іванава (у 1940-ым Янаў перайменавалі) некалькі год дамагаўся пенсіі па ўзросце. Дзяржава адмовіла. Да смерці быў вымушаны працаваць цесляром ды рабочым у лесапункце.

2. Алена Лябецкая (1903-1982). Дзеяч культуры

Арыштаваная праз два гады пасля арышту мужа, пакаранне адбывала ў адным з лагераў Усходняй Сібіры.

Алена Лябецкая

Нарадзілася на хутары Лягуцава на Слонімшчыне. У гады I Сусветнай разам з сям’ёй была ў эвакуацыі ў Калузе. У 1920-ых актыўна ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці. Працавала ў Галоўнай управе ТБШ (Таварыства беларускай школы) у Вільні. У 1930-ым арыштоўваюць і яе, і ейнага мужа – Паўла Крынчыка, актывіста КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі). Ёй даюць 6 год турмы, яму – 10. Але лёс «літасцівы»: у 1933 годзе адбываецца абмен вязнямі паміж Польшчай і СССР. Алена з Паўлам трапляюць у Менск. Там яна вучыцца на геафаку БДУ.

У 1935-ым за «шпіянаж на карысць Польшчы» арыштоўваюць Паўла Крынчыка. У 1937-ым прыходзіць чарга Алены. На Радзіму ў Алены атрымалася вярнуцца ажно ў 1947 годзе. У мужа – толькі ў 1956-ым. Пасля вызвалення пара жыла ў Слоніме. З пачаткам «адлігі» яны з мужам выдадуць успаміны, іх пачнуць запрашаць на сустрэчы са школьнікамі. Але… там будуць адно згадкі пра польскую турму і ніводнага слова пра сталінскія лагеры.

3. Людвік Ружыцкі (1892-1940). Афіцэр

Узяты ў палон у 1939 годзе. Расстраляны ў Катыні ў 1940-ым.

Людвік Ружыцкі

Нарадзіўся далёка ад Беларусі – у Клешчуве Лодзінскай вобласці. Удзельнік савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў, бараніў польскую сталіцу ў 1920-ым падчас легендарнай Варшаўскай бітвы, будучы падпаручнікам артылерыі. У міжваенны час атрымаў юрыдычную адукацыю, паралельна рабіў вайсковую кар’еру. У 1936 годзе Людвік служыў па інтэнданцкай частцы (харчовае і тэхнічнае забеспячэнне) пры акружным вайсковым шпіталі ў Горадні.

Удзельнічаў у баях у верасні 1939 году, трапіў у савецкі палон. Вядома, што 11-12.04.1940 году скіраваны ў распараджэнне начальніка НКУС па Смаленскай вобласці… Падчас эксгумацыі на адным з целаў будзе знойдзеная візітоўка з надпісам: «Różycki Ludwik».

4. Айцец Фёдар Ракецкі (1904-1978). Капелан

Арыштаваны ў 1949 годзе пасля казання ў храме. Асуджаны да 10 год лагераў за «антысавецкую агітацыю» па арт. 58-10-1 УК РСФСР.

Фёдар Ракецкі

Нарадзіўся на Віленшчыне ў святарскай сям’і. Спачатку дапамагаў бацьку падчас службаў, пасля – сам пайшоў вучыцца на святара. У 1926 годзе быў пасвечаны ў святары Польскай Праваслаўнай Царквы. Служыў у ваколіцах Мёраў сённяшняй Віцебскай вобласці. Ад 1935 году – праваслаўны капелан у Польскім войску. У верасні 1939 году трапіў у нямецкі палон. Цікава, што капелана немцы з-за хваробы… выпусцілі і дазволілі пераехаць у Варшаву пад наглядам Гестапа.

У 1945-ым а. Фёдар трапіў у Менск, у 1947-ым, па запрашэнні віленскага епіскапа Карнілія, – у Вільню. 31-га снежня 1949 году арыштаваны ў храме пасля казання за «сістэматычнае правядзенне антысавецкай і паклёпніцкай прапаганды». Быў асуджаны да 10 год зняволення ў «Вятлагу». Моцна хворага і знясіленага а. Фёдара выпусцілі на свабоду. Да канца жыцця ён служыў у розных цэрквах на тэрыторыі Савецкай Літвы. Рэабілітаваны толькі праз 11 год пасля смерці, у 1989 годзе.

5. Ілля Клімовіч (1875-1941). «Прарок»

Арыштаваны ў кастрычніку 1939 году. Асуджаны да 5 год лагераў за «антысавецкую агітацыю» па арт. 58-10-1 УК РСФСР.

Ілля Клімовіч

Нарадзіўся ў вёсцы Старая Грыбоўшчына Сакольскага ўезду на Падляшшы ў сям’і сялянаў. Паводле самога Іллі, ён меў дзіўны сон, пасля чаго паехаў да Іаана Кранштацкага. Па вяртанні ў сваю вёску Ілля пачаў будаваць царкву, а заадно і прапаведаваць новае вучэнне. Маўляў, сам ён – «прарок Ілля», а хутка прыйдзе канец свету. Да яго, як не дзіўна, пачалі цягнуцца людзі, бо Ілля «бласлаўляе і лечыць». Ехалі з Падляшша, Гарадзеншчыны, Палесся і нават Валыні. Так узнікае секта «ілляшоўцаў».

Царкву дабудавалі ў 1929 годзе. Тады ў Іллі ўзніклі новыя планы: збудаваць горад «Вершалін» (на манер «новага Ерусаліму»). Ён увайшоў у канфлікт з праваслаўным клірам, але не згубіў сваіх прыхільнікаў. Невядома, чым скончылася б гісторыя, але ў кастрычніку 1939-га за Клімовічам прыйшлі супрацоўнікі НКУС… За «антысаветчыну» Ілля атрымаў 5 год лагераў у Марыінскім аддзяленні «Сіблага». Неўзабаве немалады дзеяч памёр, так і не вярнуўшыся ў свой «Вершалін». Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Секце Клімовіча прысвечаны раман беларускага класіка Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай». Цікава, што літаратар сказіў абставіны смерці свайго героя. Паводле Карпюка, Іллю забіваюць немцы падчас вайны. Пра арышт НКУС і смерць у Сібіры там няма ані слова.

Алесь Кіркевіч, фота з прыватных архіваў Belsat.eu

«Гісторыі КПСС я не давяраў». Былы палкоўнік адкрыў новыя Курапаты

Глядзі таксама
Каментары