«Гісторыі КПСС я не давяраў». Былы палкоўнік адкрыў новыя Курапаты


Дзяды, Ноч расстраляных паэтаў… Можна шанаваць памяць не толькі сваіх блізкіх, але і людзей, імёнаў якіх ты не ведаеш. Магілёўскі краязнаўца Уладзімір Ярошчанка на падставе аповеду старажылаў падмагілёўскай вёскі Вільчыцы вызначыў невядомае месца, дзе ў часы сталінскага тэрору супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Краязнаўца ўжо дамогся ўвекавечання памяці пацярпелых ад рэпрэсіяў, але не спыняецца на гэтым. Размаўляем з самым краязнаўцам Уладзімірам Ярошчанкам.

– Распавядзіце, калі ласка, як Вы выйшлі на след гэтага месца.

– Гэта была абсалютна новая інфармацыя ад маіх землякоў, нарадзінцаў вёскі Вільчыцы больш сталага ўзросту, 1929-30-х гадоў. Два гады таму, размаўляючы з імі, я даведаўся, што ў кіламетры ад вёскі Вільчыцы ў 1937-38-х гадах прывозілі і расстрэльвалі так званых ворагаў народу. Шмат хто з іх (вяскоўцаў) бегалі потым на тыя месцы і глядзелі свежыя магілы, хоць усё пасля расстрэлаў прытоптвалі, закідвалі мохам… Толькі ад іх я даведаўся. Усё гэта было мною запісана як успамін і скіравана ў Магілёўскі аблвыканкам, мясцовы КДБ, УВД, УУС, Магілёўскі райвыканкам і сельсавет Вяйнянскі. Спатрэбілася паўтара года, каб даказаць, – яны не хацелі гэтага рабіць – прадставіць пісьмовыя доказы, і тады толькі мясцовыя ўлады згадзіліся паставіць там паклонны крыж…

– Спадар Уладзімір, Вы падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, Вы шукаеце месцы расстрэлаў, пішаце гарадскім уладам, навошта Вам гэтая гісторыя?

– У мяне гістарычная адукацыя. Я сам настаўнік гісторыі, да 26 гадоў працаваў настаўнікам гісторыі, экскурсаводам, усё гэта засталося ў душы. І я памятаю тыя лекцыі, каторыя нам выкладалі ў 60-я гады, дзе казалі пра тое, што ліквідацыя кулацтва як класу, расказачванне, усё гэта нібы неабходнае было для ўмацавання сталінскай улады. Але ў тыя гады – мае бацькі яшчэ былі жывыя – землякі мае распавядалі зусім іншае! Таму ўсе нашыя расповеды па гісторыі КПСС я падвяргаў сумневу…

Працяг размовы – у відэа.

Ігар Кулей belsat.eu

Сюжэт пра падзею – у «Аб’ектыве»: