Увечары 29 кастрычніка некалькі сотняў чалавек узялі ўдзел у акцыі «Ноч расстраляных паэтаў», каб ушанаваць памяць беларускіх літаратараў, якія сталіся ахвярамі рэпрэсіяў. Акцыя прайшла ў Курапатах – месцы масавых расстрэлаў у часы сталінскага тэрору. «Белсат» зладзіў наўпроставую трансляцыю з месца.
20:00 Акцыя памяці распачалася на курапацкай Галгофе з зачытвання імёнаў літаратараў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка у сутарэннях турмы НКВД у Менску. Кожнае імя было адбіта гукам звана.
20:15 Святар, які прыйшоў, каб прачытаць малітву, выступіў перад прысутнымі з прамоваю.
20:17 Распачалася малітва за расстраляных паэтаў і ўсіх ахвяраў сталінскага тэрору.
20:20 З прамоваю выступае пісьменнік Уладзімір Арлоў.
22:16 Зміцер Дашкевіч прадстаўляе апошні блок акцыі – і анансуе выступ музыкаў Уладзя Лянкевіча і Пятра Клюева, паэта Стася Карпава і пастыра Валерыя Шэйпака.
Арганізатары адзначаюць, што «гэта не акцыя і не мітынг – гэта ўшанаванне памяці нявінных людзей на месцы, дзе чыніўся генацыд Беларусі». Грошы на падзею збіраліся праз краўдфандынг.
Таксама 29 кастрычніка аб 11:00 на Кальварыйскіх могілках стартуе «Шлях Памяці па месцах сталінскіх рэпрэсіяў», які закране таксама Цівалі, станцыю Менск-Таварны, Лошыцу, Благоўшчыну, Вайсковыя могілкі, парк Чалюскінцаў.
31 кастрычніка ў 18:30 на пляцоўцы «Ок16» адбудуцца вечар паэзіі і прэзэнтацыя дызайнерскіх партрэтаў рэпрэсаваных літаратараў. 3 лістапада арганізатары запрашаюць на традыцыйную акцыю «Дзяды».
Тых, хто мае натхненне, заклікаюць запісваць вершы і прозу ды выкладаць на свае старонкі ў сацсетках з гэштагамі #Курапаты і #Ночпаэтаў.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года працаўнікі НКВД расстралялі ў Менску больш за 100 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў.
МГ belsat.eu