Навучэнцаў каледжу запрасілі на канцэрт з дапамогаю расейскага сцяга і герба


А ў гімназіі № 1 Берасця на святочным канцэрце ў гонар Дня абаронцаў айчыны вучні будуць спяваць песню расейскага прапагандыста Алега Газманава «Афіцэры».

У Вілейскім дзяржаўным каледжы сёння, 22 лютага, адзначаецца Дзень абаронцаў айчыны. На канцэрт з нагоды свята навучэнцаў запрасілі з дапамогай групы ў вайберы. На фотаздымку, дзе размешчаны тэкст звароту, можна ўбачыць: танк, вайсковы верталёт на фоне расейскага сцяга і герба.

Адзін з навучэнцаў, які атрымаў запрашэнне, выклаў яго ў сацыяльныя сеткі – разгарэўся скандал, полымя падахвоціўся тушыць дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжу Ігар Кіцікаў.

« З 30 снежня 2018 года знаходжуся на бальнічным, атрымаў пералом. Але, паколькі я чытаў учора вельмі адмоўныя каментары, сёння на мыліцах прыйшоў на працу, каб разабрацца ў дадзенай сітуацыі. Чалавек, адказны за размяшчэнне аб’явы, проста ўзяў першы фотаздымак, які трапіўся яму ў інтэрнэце, нанёс на яго тэкст і размясціў. Сёння ўсё выдалілі. Не шукайце тут злога намеру, прапаганды тут не было. Мы патлумачылі чалавеку, што так рабіць нельга», – распавёў Belsat.eu Ігар Кіцікаў.

У каледжы рыхтуюць кадры для рабочых спецыяльнасцяў: электраманцёраў, электрамантажнікаў, электрамеханікаў, слесараў па рамонце аўтамабіляў.

Тым часам, як нам стала вядома, у гімназіі №1 Берасця на святочным канцэрце ў гонар Дня абаронцаў айчыны вучні будуць спяваць песню расейскага прапагандыста Алега Газманава «Афіцэры». У песні ёсць такія словы: «Офицеры, россияне», «За Россию и свабоду – до конца». Атрымаць каментар кіраўніцтва гімназіі мы не змаглі – цягам дня ў кабінеце дырэктаркі ніхто не браў слухаўку.

СА/Belsat.eu

Стужка навінаў