«Нанасілі ўдары па спіне і бакам». Як збівалі ў Магілёве пасля выбараў


Артур быў збіты невядомымі супрацоўнікамі міліцыі ў цэнтры Магілёва 11 жніўня. Папярэдні агляд у гарадской больніцы хуткай дапамогі выявіў у яго наступныя пашкоджанні: тупую траўму жывата, удар грудной клеткі, падскурную гематому грудной клеткі, шмат садзеняў спіны.

Спіна. Фота даслаў Belsat.eu Артур

Следчы камітэт сам звязаўся з Артурам па факту збіцця супрацоўнікамі міліцыі і прызначыў правядзенне судова-медыцынскай экспертызы. Зараз малады чалавек знаходзіцца дома: сінякі змянілі свой колер, але ўсё яшчэ баляць.

«11 жніўня з 6 да 7 вечара я знаходзіўся ў цэнтры Магілёва каля гандлёвага цэнтру «Атрыўм». Я проста сядзеў на лаўцы і нікога не чапаў. Да мяне падышлі людзі ў чорнай форме: у масках, касках, бронекамізэльках, яны запатрабавалі прайсці з імі. У аўтобусе, куды мяне прывялі, знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны пачалі мяне збіваць. Каля чатырох супрацоўнікаў міліцыі наносілі мне ўдары рукамі ў жывот, спіну, галаву, па баках. Калі я ўпаў, яны пачалі наносіць удары нагамі. Пры гэтым яны адабралі мой мабільны тэлефон і патрабавалі, каб я разблакаваў яго», – узгадвае тыя жудасныя падзеі Артур. Ад тых удараў у маладога чалавека балела галава і цела.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

Пасля збіцця ў аўтобусе ў цэнтры Магілёва затрыманага перасадзілі ў аўтазак і разам з іншымі затрыманымі даставілі ў Ленінскі РУУС Магілёва. Разам з Артурам у аўтазаку ехала яшчэ 7 затрыманых.

«Усіх нас пагналі на трэці паверх. Уздоўж калідораў і лесвіц стаялі супрацоўнікі ў чорнай форме, у шэрай форме і ў цывільным, усе яны былі ў масках. Яны таксама наносілі мне ўдары рукамі і гумавымі палкамі па галаве, тулаву і канечнасцям. На трэцім паверсе мяне завялі ў спартовую залю, дзе былі і іншыя затрыманыя. Там мяне паставілі «тварам у пол» – на калені і на локці, рукі на галаве. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі працягвалі наносіць удары па спіне і бакам затрыманых», – кажа Артур.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

У будынку Ленінскага РУУСа Артура апыталі, а затым на яго склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Артур пазначыў у пратаколе, што не згодзен з абвінавачваннем і ні ў якім мітынгу ўдзелу не браў, а проста адпачываў на лаўцы. Паколькі Артур адчуваў сябе вельмі дрэнна, яго вывелі ва двор РУУСа. Там маладога чалавека забрала машына хуткай дапамогі і адвезла ў Магілёўскую больніцу хуткай дапамогі. Ужо раніцай 12 жніўня Артура выпісалі з больніцы і ён адправіўся дадому, дзе праляжаў двое сутак.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

14 жніўня Артур распавёў гэтую гісторыю ў Следчым камітэце, а 17 жніўня прайшоў судова-медычную экспертызу. Дагляд ажыццяўляўся без выкарыстання рэнтгену і УЗД. Самая вялікая гематома мае памер 20 на 10 см. Малады чалавек напісаў заяву аб прычыненні яму цялесных пашкоджанняў і чакае, што ацэнку дзеянням міліцыі дасць следства.

Калі ў вас ёсць жаданне адказаць дапамогу і падтрымку Артуру, то звяжыцеся з ім праз Telegram – @Kot_uchoni.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў