На выбарах некаторыя кабінкі падчас галасавання не будуць закрывацца шторкамі


Сёлета ЦВК ўвяла змены на некаторых участках: зараз кабінкі не будуць цалкам закрывацца шторкамі, піша TUT.by.

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выбарчы ўчастак у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Чытачы звярнуліся ў рэдакцыю TUT.by і распавялі, што кабінкі для галасавання на некаторых участках не будуць цалкам ізаляваныя. Так, будучы назіральнік з Жодзіна, распавёў пра семінар, які праводзілі працаўнікі райвыканкаму і прафсаюзу. Сярод іншага там прыгадалі, што некаторыя кабінкі будуць мець шторкі, аднак яны ўсталяваныя такім чынам, каб можна было бачыць выбарца.

Рабіць здымкі і відэа на месцы можна будзе з пэўнымі абмежаваннямі.

«Нам патлумачылі, што назіральнікі мусяць сачыць за тым, каб шторку аніхто не апускаў. Тлумачылі гэта тым, што нельга фатаграфаваць. Аднак у інтэрнэце аніякіх пастаноў ЦВК на гэты конт не знайшлося», – зазначыла крыніца TUT.by.

Звесткі аб закрытых кабінках пацвердзілі і настаўнікі школ Завадскога раёну Менску.

«Нам сказалі, што гэта праз каронавірус. Аднак у кожнай кабінцы ляжыць асадка. Атрымоўваецца, адно пасля аднаго можна кранаць асадкі, а шторкі – нельга? Ёсць чуткі, што гэта зроблена для таго, каб нельга было фатаграфаваць», – перадае чытач.

Рэакцыя ўладаў

У менскай Завадской раённай камісіі па выбарах TUT.by патлумачылі, што галоўнае – забяспечыць тайну галасавання. Як на кабінцы знаходзяцца шторкі на гэта аніяк не ўплывае.

Наконт фота- і відэаздымак бюлетэняў адказ быў адназначны: момант апускання бюлетэня ў урну фатаграфаваць можна, а наконт самога бюлетэня мусіць вырашыць ЦВК.

У жодзінскай гарадской камісіі па выбарах паведамілі, што канчатковае рашэнне будзе прынятае ў панядзелак у залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выбарчы ўчастак у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На пытанне, ці рэкамендавалі назіральнікам сачыць за тым, каб выбарцы не фатаграфавалі сябе або бюлетэні, у камісіі паведамілі, што гэта будзе вырашацца на месцы. Аднак падкрэслілі, што ў анонсах выбараў па тэлебачанні гаворыцца, што законам не прадугледжана фатаграфаванне бюлетэня і ягонае адпраўленне ў урну.

У ЦВК патлумачылі, што не было рэкамендацыяў па наяўнасці шторак.

«Калі іншыя асоба не бачаць, як чалавек запаўняе бюлетэнь, то гэта не парушае тайну галасавання», – заявілі ў ЦВК.

Сёлета выбары прэзідэнта ў Беларусі пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў