На сузаснавальніка BY_Help Аляксея Лявончыка завялі крымінальную справу


Следчы камітэт паведамляе, што Аляксей Лявончык спрыяў «дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі».

«Усталяваныя факты пералічэння з падкантрольнага яму рахунку ў адным з заходніх банкаў для падтрымання пратэставых акцыяў у Беларусі і аказання матэрыяльнай дапамогі асобам, якія ў іх актыўна удзельнічалі», – гаворыцца ў паведамленні СК.

Менавіта таму на рахункі людзей, якім By_Help дапамагаў сплаціць штрафы, накладзены арышт.

Hавiны
«На карце – мінус 2900 рублёў». У BY_help кажуць пра спісанне грошай і блакаванні рахункаў пацярпелых беларусаў
2020.11.11 13:45

 

Аляксей Лявончык пракаментаваў гэтую справу так:

«Я даведаўся пра гэтую сітуацыю толькі з паведамленняў у СМІ. Аніякіх папераў ад Следчага камітэту не атрымліваў. Хіба таму, што жыву за мяжой ужо 12 год, і ўжо не маю беларускага адрасу. Калі хочуць, то няхай высылаюць паперы на польскі або брытанскі адрас», – гаворыць сузаснавальнік кампаніі BY_Help.

Ён падкрэслівае, што быў не вельмі здзіўлены распачатаю крымінальнай справаю.

«Калі ў краіне ўжо ёсць 1,5 тысячы справаў, вельмі дзіўна што да мяне дайшлі толькі цяпер. Але я ў добрай кампаніі».

Аляксей запэўнівае, што на працу фонду гэтая сітуацыя аніяк не паўплывае.

«Мы будзем працягваць працу ў стандартным рэжыме. Але зменім спосабы дастаўкі грошаў і выплат».

 

Банкі каментуюць сітуцыю гэткім чынам:

«Пастанова (ад Следчага камітэту) носіць такі характар: трэба накласці арышт на грашовыя сродкі, якія паступілі і паступаюць ад канкрэтных адпраўнікоў. Любая сума, якая паступіла ад іх, павінна быць заблакаваная. Натуральна, банкі абавязаны выконваць падобныя пастановы праваахоўных органаў, – каментуе TUT.BY топ-менеджэр банка, які пажадаў застацца ананімным.

Арышту падлягае толькі сума, якая паступіла ад пэўных крыніц. Іншыя сумы, якія паступілі ад іншых крыніц, арышту не падлягаюць. Але ёсць такі момант. Чалавек мог даўно атрымаць грошы ад названых адпраўнікоў і іх патраціць. Але мы ўсё роўна абавязаны арыштаваць гэтую суму. Значыць, яна падпадае пад арышт за кошт паступленняў з іншых крыніц».

Стужка навінаў