На нагу абаронцы Курапатаў наехалі матацыклісты


9 чэрвеня да комплексу будынкаў, дзе на гэтым тыдні адкрылася рэстарацыя «Поедем поедим» прыехалі тры матацыклісты. Паводле абаронцаў Курапатаў, адзін з іх наехаў пярэднім колам на нагу актывістцы Ніны Багінскай, якая бярэ ўдзел у пратэсце супраць «рэстарацыі на костках».

Паводле карэспандэнткі «Белсату», якая знаходзіцца на месцы, матацыклісты прыехалі ў той момант, калі частка пратэстоўцаў пайшла перагароджваць іншы ўезд да рэстарацыі. Мужчыны гэтак і не знялі шлемаў.

Павел Севярынец размаўляе з невядомымі матацыклістамі. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
Георгіеўская стужка на адным з матацыклаў. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
Аўты сталі заязджаць на тэрыторыю комплексу з іншага боку. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Пасля здарэння Павел Севярынец абвесціў, што з наступнага тыдня ў Курапатах будзе зарганізаваная штодзённая варта з 12-й да 24-й гадзіны. Удзел у ёй пацвердзілі чальцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Маладога фронту, БНФ, кансорцыюму «ЕўраБеларусь», руху салідарнасці «Разам», суполкі «Альтэрнатыва». Адказу чакаюць ад КХП БНФ.

9 чэрвеня 2018 года. Моладзь стала ў ланцуг, каб не прапусціць матацыклы на тэрыторыю забаўляльнага комплексу. Ніна Багінская – другая злева. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
9 чэрвеня 2018 года. Павел Севярынец з жонкай і дзіцём у Курапатах. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Увогуле, як паведамляе карэспандэнт Belsat.eu, сённяшні дзень адметны тым, што ўсе наведнікі прыязджалі з дзецьмі.

Таксама з’явіўся дзіўны чалавек, захутаны ў цёплыя рэчы. Прыкрываў твар кепкай і шалікам у 23-градусную тэмпературу. Ён лёг у 30 метраў ад пратэстоўцаў і хаваў твар ад камер.

Аднаму з наведнікаў не спадабалася, што яго здымае на тэлефон Наталля Гарачка-Басалыга, ён выхапіў тэлефон з рук, завязалася патасоўка. У выніку пратэстоўцы заблакавалі машыну і выклікалі міліцыю. Пасля доўгіх складанняў пратаколаў мужчына перадумаў вячэраць у комплексе і з’ехаў.

Пратэстоўцы заставаліся да 18.30. Пасля аўты свабодна заязджалі за вароты.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў